Вывучэнне роднай мовы і літаратуры не толькі адыгрывае важную ролю ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні, але і дапамагае вытрымаць экзамен на чалавечнасць. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Беларуская мова не горшая за іншыя, але далёка не ўсе жыхары нашай краіны актыўна карыстаюцца ёй у побыце, — гаворыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Марыя Чарвякова з Антопальскай сярэдняй школы Драгічынскага раёна. — З улікам гэтага і будую сваю работу з дзецьмі. Выхоўваю нацыянальную самасвядомасць на аснове культуралагічнага падыходу, арыентаванага на засваенне айчыннай і сусветнай культуры. Пазакласная работа ўдала дапаўняе ўрокі, замацоўваючы і пашыраючы атрыманыя на іх веды, выхоўваючы маральныя, эстэтычныя і патрыятычныя пачуцці, абуджаючы цікавасць да роднай мовы і культуры.
Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзяляе фальклору, які вучыць і выхоўвае адначасова: менавіта ў фальклорных творах раскрыўся педагагічны талент беларускага народа, увасобіліся яго ідэалы, жыццёвыя погляды, духоўныя каштоўнасці. Так, вывучаючы легенду Максіма Танка “Ля вогнішч начлежных” у 5 класе, што ўяўляе сабой паэтычную гісторыю пра паходжанне возера Нарач, Марыя Чарвякова абавязкова знаёміць дзяцей з мясцовымі легендамі пра азёры і рэкі, а ўжо на наступных занятках чуе ад школьнікаў легенды і паданні, расказаныя бабулямі ці знойдзеныя ў інтэрнэце.
Праводзячы завочныя вандроўкі па родным краі ці гульню “Фальклорная скарбонка”, педагог звяртаецца не толькі да беларускага фальклору, але і да мясцовага фальклорнага матэрыялу, які вучыць любіць малую радзіму.
— На ўроках літаратурнага чытання і музыкі ў пачатковых класах вучні далучаюцца да песеннага жанру і разумеюць, што душа народа жыве ў яго песнях, — расказвае Марыя Чарвякова. — Самы распаўсюджаны жанр песеннага фальклору — каляндарна-абрадавая паэзія. Каб вучні лепш зразумелі ролю песні ў кантэксце пэўнага свята, праводжу розныя пазакласныя мерапрыемствы, у тым ліку на дыялектнай мове: літаратурна-музычную кампазіцыю “На зямлі шчодры вечар”, гульню з элементамі гадання “Шчодрыкі”, фальклорнае свята “Вербніца”. Дзякуючы гэтаму, школьнікі знаёмяцца з асаблівасцямі правядзення абрадаў і свят у Беларусі.
Не абыходзіць увагай педагог і завочныя сустрэчы з пісьменнікамі. Марыя Чарвякова лічыць, што знаёмства з жыццём і літаратурна-грамадскай дзейнасцю Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча абуджае ў вучняў гордасць за продкаў і іх справы, таму ладзіць літаратурна-музычныя кампазіцыі “Слаўныя сыны зямлі беларускай” і “Песняры беларускай зямлі”, вусныя часопісы “Беларускі страцім-лебедзь” і “Зямля мая, любоў мая”.
На аснове вывучэння жыццёвага і творчага шляху пісьменнікаў ХХ—ХХІ стагоддзяў настаўніца падводзіць выхаванцаў да высновы, што ў кожным кутку нашай краіны шмат таленавітых людзей і што малая радзіма натхняла аўтараў на стварэнне выдатных твораў.
— Вучні з задавальненнем удзельнічаюць у завочных падарожжах “Яго нарадзіла беларуская зямля” па Брэстчыне, Міншчыне, Гродзеншчыне, Віцебшчыне… — працягвае Марыя Чарвякова. — Вандруючы па краіне дзяцінства і юнацтва пісьменнікаў, дзеці бачаць не толькі лічбы, даты, асобныя факты з біяграфіі, але і асаблівасці прыроднага ланшафту пэўнага краю, чуюць гаворку розных мясцін, назіраюць за жыццём і побытам народа, яго псіхалогіяй. Вучні ахвотна рыхтуюць прэзентацыі, паэтычныя веснікі, ілюстраваныя альбомы, у тым ліку электронныя. Гэта падштурхоўвае да навукова-даследчай дзейнасці.
Фарміраваць культуралагічную кампетэнцыю школьнікаў настаўніцы дапамагаюць творы мастацтва (музыкі, жывапісу) і мясцовы краязнаўчы матэрыял, таму пазакласныя мерапрыемствы Марыя Чарвякова суправаджае дэманстрацыяй шэдэўраў выяўленчага мастацтва, у прыватнасці, жывапісных твораў мастакоў-землякоў.
— Уключаю ў змест пазакласных мерапрыемстваў заданні, накіраваныя на вывучэнне нацыянальна маркіраваных адзінак роднай мовы, узбагачэнне слоўніка назвамі рэалій духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Сярод іх — назвы народных звычаяў (бонда, попрадкі, талака), абрадаў і свят (Дажынкі, Грамніцы, Каляды), прадметаў інтэр’ера (куфар, абрус, перабіраннік), традыцыйнага адзення і абутку (андарак, панёва, апоркі), галаўных убораў (брыль, намітка, аблавуха), страў нацыянальнай кухні (верашчака, крупеня, журка), прылад працы (жорны, абцугі, цэп), пабудоў (павець, свіран, адрына)… Не абыходжу ўвагай устойлівыя параўнанні (працавіты, як мурашачка), фразеалагізмы (не пакладаючы рук), сімвалы (бусел — сімвал Беларусі), перыфразы (беларускі шоўк, зямля пад белымі крыламі, баравая варажбітка), — падкрэслівае Марыя Чарвякова.
Заданні для прыпынкаў-конкурсаў гульняў “Гучы, мая родная мова”, “Моўны калейдаскоп” і “Самацветы роднай мовы” патрабуюць ад вучняў самастойнага пошуку значэння слоў ці выразаў. Настаўніца прапануе апісаць, як выглядаюць гляк, цэбар, куфар, цэп і каса, растлумачыць значэнні слоў “дзясніца”, “паходня”, “стрый”, “кунігас”, “валка”, “ленныя сцягі”, назваць нацыянальныя беларускія стравы, якімі можна пачаставаць замежных гасцей (верашчака, кісель, поліўка, зацірка, узвар).
— Усё гэта дазваляе ўсвядоміць адметнае і агульнае ў нацыянальных традыцыях, ладзе жыцця беларусаў і іншых народаў, выхаваць павагу да культурных каштоўнасцей свету, — падагульняе Марыя Чарвякова.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
З. І. Бадзевіч, І. М. Саматыя
Вучэбны дапаможнік для 8 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання.
22,70 руб.
Г. М. Валочка
Вучэбны дапаможнік для 11 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання (з электронным дадаткам для павышанага ўзроўню).
25,62 руб.
Літаратурнае чытанне ў 2 класе
М. В. Жуковіч
Вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.
8,41 руб.
Літаратурнае чытанне ў 3 класе
М. В. Жуковіч
У вучэбна-метадычным дапаможніку прапануюцца прыкладныя распрацоўкі ўрокаў літаратурнага чытання, якія змяшчаюць разнастайныя метады, прыёмы і формы работы з вучнямі, творчыя заданні і дадатковы займальны матэрыял. Кніга складзена ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай і вучэбным дапаможнікам «Літаратурнае чытанне» для 3-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання аўтара М. В. Жуковіча. Вучэбна-метадычны дапаможнік прызначаны для настаўнікаў пачатковых класаў.
8,20 руб.
Літаратурнае чытанне ў 4 класе
М. В. Жуковіч
У вучэбна-метадычным дапаможніку прапануюцца прыкладныя распрацоўкі ўрокаў літаратурнага чытання, якія змяшчаюць разнастайныя метады, прыёмы і формы работы з вучнямі, дадатковы літаратурны матэрыял, творчыя і кантрольна-вымяральныя заданні. Адрасуецца настаўнікам пачатковых класаў, якія працуюць па вучэбным дапаможніку «Літаратурнае чытанне» для 4-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання аўтара М. В. Жуковіча.
10,22 руб.