Адукацыйны працэс у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова-тэхналагічным каледжы ажыццяўляюць па прынцыпе: роўныя правы і роўныя магчымасці для кожнага навучэнца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Два з паловай дзесяцігоддзі назад у МДЭПТК першым у краіне адкрыўся Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Педагагічны калектыў каледжа распрацаваў спецыяльныя планы і праграмы.
Сёння ў Цэнтры адбываецца падрыхтоўка дзяцей з асаблівасцямі па шасці прафесіях. Акрамя таго, ім даступна навучанне па ўсіх наяўных спецыяльнасцях у інтэграваных і інклюзіўных групах. Для гэтага ва ўстанове паўсюдна створана безбар’ернае асяроддзе: устаноўлены пандусы, спецыяльныя поручні, ліфты, тактыльная плітка. Не так даўно тут пайшлі далей і арганізавалі дыстанцыйнае навучанне для асаблівых дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
Зараз у МДЭПТК навучаюцца 177 дзяцей з асаблівасцямі. Хлопцы і дзяўчаты не толькі атрымліваюць не толькі прафесію, але і медыцынскую дапамогу — у каледжы ёсць уласны медблок з сучасным абсталяваннем. Асаблівым навучэнцам аказваецца таксама ўсебаковае сацыяльна-педагагічнае і псіхалагічнае суправаджэнне, з імі праводзіцца разнастайная выхаваўчая работа. За 25 гадоў са сцен установы выпусцілася 2,5 тыс. маладых людзей з АПФР, звыш 80 % з іх працуюць па набытых спецыяльнасцях і знайшлі сваё месца ў жыцці.
Вопыт арганізацыі вучэбнага і выхаваўчага працэсу для дзяцей з асаблівасцямі МДЭПТК прадэманстраваў падчас урачыстасці, прымеркаванай да Міжнароднага дня інвалідаў. На экскурсіі і адкрытыя заняткі завіталі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын і іншыя. Падчас пасяджэння яны адзначылі ганаровымі граматамі і падзякамі за шматгадовую плённую працу шэраг прадстаўнікоў калектыву каледжа.
— У свой час у эканамічным каледжы былі распрацаваны перадавыя методыкі работы з дзецьмі з функцыянальнымі парушэннямі і інваліднасцю, якія падштурхнулі да стварэння ў краіне адпаведнай нарматыўна-прававой базы. Сотні выпускнікоў, сотні цікавых лёсаў, многія навучэнцы гэтай установы сталі сёння знакамітымі, яны працуюць і ствараюць сем’і. Гэта самы галоўны вынік: нягледзячы на свае асаблівасці, маладыя людзі адаптаваліся да рэальных умоў, навучыліся жыць у грамадстве, — падкрэсліў В. Малашка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
По материалам https://nastgaz.by/.