Адзін з самых слынных ураджэнцаў старажытнага горада Сімяон Полацкі, як і яго папярэднік і зямляк Францыск Скарына, увагай даследчыкаў не абдзелены. Падабенства паміж імі і ў тым, што па-ранейшаму цікавасць да іх жыцця і творчасці не змяншаецца. Сведчанне таму і манаграфія Лолы Званаровай «Открывающий врата учености: жизнь и творченство Симеона Полоцкого», якая звяртаецца да мала вывучаных старонак яго дзейнасці. Аднак, перш чым перайсці да асноўнага прадмета гаворкі, важна высветліць, чаму Лола Уткіраўна ўзялася за даследаваннне творчасці менавіта Сімяона Полацкага. Ды яшчэ, набліжаючыся да яго, прайшла і не менш важны, а ў нечым і больш значны працэс — захапілася беларускасцю.
Яна падрабязна пра гэта апавядае ў матэрыяле «Прадмова: 40 гадоў пасля». Атрымалася разгорнутя аўтабіяграфія, якая, несумненна, не напісалася б у такім выглядзе, калі б не было... Сімяона Полацкага. А ўсё пачалося з таго, што, паступіўшы ў 1976 годзе на філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, захапілася старажытнарускай літаратурай. Адбылося гэта дзякуючы аднаму з выкладчыкаў: «Вячаслаў Андрыянавіч Грыхін (1943–1987) натхнёна чытаў нам лекцыі па гэтай няпростай дысцыпліне, і мне стала відавочна: займацца трэба толькі старажытнарускай літаратурай, а дакладней — творчасцю Сімяона Полацкага, чые рукапісы ўжо некалькі стагоддзяў ляжаць неапублікаванымі, а ў гэты момант чакаюць свайго часу ў рукапісным аддзеле Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве, амаль на Краснай плошчы».
Здавалася б, якая праблема! Хутчэй пачынай знаёміцца з імі. Ды аказался, што ўсё не так проста, як падавалася. Полацкі як бы прыцягваў да сябе, але адначасова і адштурхоўваў. Зразумела, не сам ён. Давялося сутыкнуцца з непрадбачанымі цяжкасцямі. Пра іх расказвае падрабязна. Інакш і не магла, бо ўсё, што давялося перажыць, паступова вымалёўвалася ў тую даследчыцкую апантанасць, якая прымушала горы варочаць. Хай сабе і не сапраўдныя, а ўяўныя — тыя, што пастаянна ўзнікалі на шляху набліжэння да Сімяона Полацкага.
На трэцім курсе напісала курсавую работу аб яго творчасці. Прачытала яе на пасяджэнні студэнцкага навуковага таварыста, на якім пазнаёмілася з Віктарам Былініным. Ён вучыўся курсам вышэй. Пазней з ім падрыхтавала кнігу Сімяона Полацкага «Вирши» (прадмова, каментарый, складанне), якая ў 1990 годзе выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Што да жанру, то гэта невялікія ўрачыстыя тэксты з абавязковай рыфмай, але свабодным рытмам.
Аднак да гэтага трэба было, як кажуць, дажыць. У сваёй «Прадмове...» Лора Званарова расказала таксама і пра тое, якія вялікія цяжкасці ўзніклі пры падрыхтоўцы гэтага выдання. Ды яны былі і раней. Ужо тады, калі, каб лепш зразумець вытокі творчасці Сімяона Полацкага, увайсці ў яго ўнутраны свет, наведала Беларусь і, канешне, пабывала ў Полацку. І пра стасункі з супрацоўнікамі часопіса «Маладосць» гаворыцца, пра дэбют на яго старонках з артыкулам «Вечныя радкі». Расказваецца пра наведаванне Акадэміі навук Беларусі, пра абарону доктарскай дысертацыі.
Той, хто добра ведае творчасць Сімяона Полацкага, запомніць і эпізод, калі ёй нарэшце дазволілі «адзін раз у тыдзень тры гадзіны працаваць з рукапісамі Сімяона Полацкага. «[...] Я сядзела і перапісвала ў два тоўстыя сшыткі тэксты з „Рыфмалагіёна“ і „Вертаграда шматкаляровага“». Пасля ён быў зняты на плёнку: «Цяпер доўгімі вечарамі і нават начамі (днём я працавала і вучылася) мы з Віктарам Былініным з дыяпраектара, высвечваючы на прасцірадла тэкст, ператваралі яго ў машынапіс». А набіраць было так няпроста. Творы таго часу з цяжкасцю паддаюцца чытанню.
«Вирши» Сімяона Полацкага — вынік тытанічнай працы. Манаграфія «Окрывающий врата учёности...» — гэта аповед пра тое, як яго творы звязаны з тым, што ў гэты час пісалі і прадстаўнікі іншых народаў, якія з’яўляліся выкладчыкамі Кіева-Магілянскай і Віленскай езуіцкай калегіі, дзе Сімяон Полацкі вучыўся.
Вядома, «ранняй творчасці Сімяона Полацкага прысвечана нямала даследаванняў. Але ў асноўным вядзецца літаратуразнаўчы аналіз рытарычных дэкламацый (маналогаў і дыялогаў), напісаных Сімяонам Полацкім на старабеларускай ці царкоўнаславянскай мовах». Але ў яго рукапісах звыш пяцідзесяці польскамоўных твораў. На гэтых і іншых аспектах і засяроджана ўвага ў манаграфіі Лолы Званаровай. Як сведчыць у водгуку доктар гістарычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута расійскай гісторыі РАН Андрэй Багданаў, «да яе несумненных заслуг трэба аднесці пераканаўчае асэнсаванне сувязі творчасці асветніка са старабеларускай літаратурнай традыцыяй, паэмай Міколы Гусоўскага „Песня пра зубра“, з прадмовамі Францыска Скарыны».
На вокладцы манаграфіі змешчаны адзіны партрэт Сімяона Полацкага, які даўно стаў хрэстаматыйным. На ім удумлівы, надзіва засяроджаны, з даволі прыкметнымі маршчынамі твар немаладога чалавека. Цяжар пражытых гадоў у стомленым позірку вачэй. Спагадных і адначасова мудрых. Рукі, складзеныя крыж-накрыж, абапіраюцца на кнігу, пастаўленую «рабром». Адразу відаць: гэта адзінае, што звязвае яго з навакольным светам. Толькі такую радасць можа ён дазволіць сабе на зямлі. Усё ж астатняе для яго, па сутнасці, не існуе. Колькі ўжо часу ён лічыць за лепшае размаўляць толькі з Богам. З Богам, каб пасля гутарыць з людзьмі.
Такім паказаў Полацкага на гравюры рускі мастак, рысавальшчык, гравёр Васілій Матэ. Цяжка сказаць, наколькі гэтая выява адпавядае сапраўднаму вобліку таго, каго ЮНЕСКА ўключыла ў лік самых выдатных дзеячаў усходнеславянскай культуры. Партрэтаў жа, напісаных пры яго жыцці, не захавалася. Хоць магло стацца і так, што яны ёсць і недзе згубіліся. Але нам трэба ўспрымаць Сімяона Полацкага такім, якім адлюстраваў яго Васіль Матэ — творца з другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.
Адкрываць жа значнасць Полацкага як асобы ў многім дапамагаюць новыя даследаванні яго шматграннай дзейнасці. Асабліва такія, якія прысвечаны аспектам, што раней у належнай ступені не закраналіся. Гэта і відаць з манаграфіі Лолы Званаровай, якая выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Асаdemia». Дарэчы, яна пабачыла свет у серыі «Отечественная история». Той, пра каго так дасведчана апавядаецца, знаходзіўся на сумежжы некалькіх славянскіх культур. Найперш беларускай і рускай.
Язэп ЛІТВІНОВІЧ
По материалам https://zviazda.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
А. К. Цітоў
Кніга прысвечана лёсу беларускага першадрукара. Яна пабудавана такім чынам, каб прасачыць гісторыю жыцця вялікага асветніка праз адлюстраванне яго дзейнасці ў пэўных гарадах Еўропы. Чытач зможа адправіцца ў падарожжа па слядах славутага друкара і пранікнуцца духам скарынаўскай эпохі, адчуць яе непаўторны каларыт. Кніга багата ілюстравана старажытнымі гравюрамі, фотаздымкамі выдатных мясцін, партрэтамі асоб, з якімі перасякаўся Скарынаў лёс, а таксама творамі мастацтва. У выданні выкарыстаны матэрыялы з фондаў Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына (зараз Расійская нацыянальная бібліятэка) і Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург, Расія), Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
26,00 руб.