У Беларусі падвялі вынікі першага года работы платформы па аказанні псіхалагічнай дапамогі падлеткам talk2ok.by. Гэта сайт, куды юнакі і дзяўчаты 14—19 гадоў могуць звярнуцца па бясплатную і канфідэнцыяльную кансультацыю псіхолага па хвалюючай праблеме, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Платформа talk2ok.by распрацавана экспертамі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і спецыялістамі сістэмы аховы здароўя сумесна з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.
Мэта праекта — паказаць падлеткам, што з любой жыццёвай сітуацыі ёсць выйсце і, калі складана абмяркоўваць свае перажыванні з бацькамі або сябрамі, заўсёды можна звярнуцца па дапамогу да спецыяліста. А клапаціцца пра сваё псіхалагічнае здароўе — гэтак жа натуральна, як і пра фізічнае.
За час работы рэсурсу talk2ok.by спецыялісты правялі больш за 1 тыс. анлайн-кансультацый. Каб атрымаць дапамогу, падлеткі самастойна выбіраюць на сайце псіхолага і браніруюць для сустрэчы з ім даступны час. Зносіны са спецыялістам адбываюцца ў аўдыя- або відэачаце, сваё сапраўднае імя можна не называць.
Педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Інстытута псіхалогіі БДПУ магістр псіхалогіі Дзмітрый Сеннікаў кансультуе падлеткаў на платформе з дня яе заснавання. За год правёў каля 50 кансультацый:
— Часцей за ўсё да мяне звяртаюцца з пытаннямі, звязанымі з нежаданнем наведваць школу і ў цэлым вучыцца, перажываннямі з-за выбару жыццёвага шляху, самарэалізацыі, цяжкасцямі ў зносінах з аднагодкамі, эмацыянальнай нестабільнасцю, праблемамі з самаацэнкай, дэпрэсіўным і трывожным станам. Самаму малодшаму майму кліенту на платформе было 16 гадоў, і гэта той узрост, калі падлетак шукае падтрымку і разуменне з боку дарослых.
Цяпер на talk2ok.by працуюць 15 псіхолагаў, а таксама кансультанты — студэнты Інстытута псіхалогіі БДПУ. Трапіць у лік псіхолагаў, якія кансультуюць на платформе, можна толькі з вышэйшай профільнай адукацыяй, якая пацверджана валоданнем метадамі псіхалагічнага кансультавання і псіхадыягностыкі, вопытам работы ў кансультаванні падлеткаў і моладзі не менш за 3 гады.
— Сучасная рэальнасць часам стварае падлеткам немалыя праблемы, звязаныя з навучаннем (паспяховасцю), сацыяльнымі сувязямі і асобасным ростам. І ўсе гэтыя цяжкасці могуць стаць крыніцай як мінімум стрэсу і трывожнасці, а як максімум — прывесці да «бязвыхадных сітуацый», ставячы пад пагрозу не толькі псіхалагічнае здароўе, але і жыццё падлетка. Платформа talk2ok.by — гэта магчымасць атрымаць своечасовую дапамогу і падтрымку. Усё адбываецца анлайн, а гаджэты — прывычнае для моладзі асяроддзе для міжасобаснага ўзаемадзеяння, якое дазваляе адчуваць сябе камфортна пры зносінах са спецыялістамі, — дапоўніў Дзмітрый Сеннікаў.
Акрамя платформы talk2ok.by у Беларусі ёсць і іншыя магчымасці атрымаць дапамогу псіхолага бясплатна і канфідэнцыяльна. Па ўсёй краіне працуюць цэнтры, дружалюбныя падлеткам, дзе таксама кансультуюць і бацькоў. Спіс усіх адрасоў і кантактаў цэнтраў знаходзіцца тут.
Сацыяльна-педагагічныя цэнтры (СПЦ) таксама працуюць з сітуацыямі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, пытаннямі праблемных паводзін. У СПЦ могуць звярнуцца не толькі падлеткі, але і бацькі.
Атрымаць дапамогу ў крызіснай сітуацыі можна па тэлефонах: 8-801-100-16-11 (кругласутачная Рэспубліканская дзіцячая тэлефонная лінія) і 8-017-300-2321 (Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі), дзе могуць дапамагчы ў рабочы час у панядзелак — чацвер з 8:30 да 17:30 і ў пятніцу з 8:30 да 16:00. Званкі са стацыянарных тэлефонаў бясплатныя.
Надзея ЦЕРАХАВА, Настаўніцкая газета
Фота Дзіцячага фонда ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі
У Беларусі працуюць цэнтры, якія ананімна і бясплатна дапамагаюць падлеткам
16-гадовая Кацярына (імя зменена) скардзілася на трывожнасць, беспадстаўныя істэрыкі і слёзы без прычыны. Яна не прымала сябе, свайго цела. Адчувала часты галаўны боль і перажывала, што, калі хлопец кіне яе, яна не зможа жыць. З такімі праблемамі дзяўчына звярнулася да псіхолага ў цэнтр, сяброўскі да падлеткаў, дзе ёй дапамаглі. За 20 гадоў у Беларусі створана ўжо 58 цэнтраў, якія за апошняе дзесяцігодзе дапамаглі выратавацца 500 тысячам падлеткаў.

Фота: pexels.com
Падлеткавы ўзрост рэдка бывае лёгкі, і гэта правіла працуе ў абодва бакі. У дзяцей пачынаецца гарманальная перабудова арганізма, якая выклікае моцны эмацыянальны скачок. Падлеткі адчуваюць, што не належаць сабе і не разумеюць, чаму ім так дрэнна. Дарослыя ў гэты час таксама пакутуюць, бо дзеці аддаляюцца ад іх і часта «б’юць» па самых балючых месцах, кажуць спецыялісты.
Цэнтры, сяброўскія да падлеткаў, — месцы, куды падлеткі могуць звярнуцца па дапамогу па хвалюючых пытаннях бясплатна і ананімна. Могуць атрымаць кансультацыю псіхолага, акушэра-гінеколага, нарколага, валеолага і педыятра, прайсці тэст на ВІЧ. Сістэму такой дапамогі падлеткам аказвае Мністэрства аховы здароўя пры падтрымцы ЮНІСЕФ у Беларусі. Дзякуючы іх сумесным намаганням у цэнтрах створана бяспечная і даверлівая атмасфера для хлопцаў і дзяўчат.
...Мама Кацярыны хвалявалася, назіраючы за зменамі паводзін дзяўчыны, аднак пераконвала сябе, што з дачкой усё нармальна і тая проста лянуецца. Пасля дыягностыкі ў псіхолага высветлілася, што ў Каці клінічна выражаная дэпрэсія і высокая трывожнасць. Яе накіравалі да псіхіятра, які выпісаў лекі і прызначыў карэкцыйныя заняткі з псіхолагам. Маці плакала, бо не падазравала, што ўсё настолькі сур’ёзна.
Каця раз на тыдзень хадзіла ў цэнтр на заняткі цягам трох месяцаў. За гэты час яна змагла прыняць сябе, навучылася спраўляцца з трывогай. Маме дзяўчыны далі рэкамендацыі, як наладзіць стасункі з дачкой. А сама Каця на апошняй сустрэчы са спецыялістамі сказала: «Я навучылася атрымліваць задавальненне ад жыцця і жыць тут і цяпер, а не страхам будучага і памылкамі мінулага».
— У бацькоў і псіхолагаў розныя задачы, і яны не ўзаемазамяняльныя, — кажуць псіхолагі і раяць звяртацца па кансультацыю ці рэкамендаваць цэнтры сваім дзецям. — Зварот да псіхолага не абясцэньвае бацькоў, не сведчыць пра тое, што яны не спраўляюцца са сваімі задачамі. Любіць, клапаціцца, выхоўваць, падтрымліваць, разам бавіць час, гуляць — задача бацькоў. Псіхолаг жа дапамагае пераадольваць цяжкія жыццёвыя сітуацыі, спраўляцца з крызіснымі перыядамі самастойна ці з удзелам спецыяліста.
Знайсці адрасы і тэлефоны цэнтраў можна па спасылцы.
Ірына СІДАРОК, Звязда




