Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Наўрад ці знойдзецца чалавек, які ні разу не сутыкаўся з новымі сітуацыямі, якія бянтэжаць. Таму адчуваць сябе няўпэўнена час ад часу зусім нармальна. Але што рабіць, калі вы ўвесь час знаходзіцеся ў гэтым стане і гэта моцна замінае вам жыць? Як справіцца з няўпэўненасцю, расказвае ўрач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі Марына Шчаслянок.

Боязь быць сабой

Па вялікім рахунку, няўпэўненасць у сабе — гэта страх быць сабой. Ён уключае шмат розных праяў, але сутнасць застаецца нязменнай: чалавек вельмі баіцца паказваць сапраўдныя пачуцці і праяўляць сваю індывідуальнасць. Гэта наўпрост звязана з жаданнем быць любімым і атрымаць прызнанне, што ў прынцыпе ўласціва ўсім людзям.

Аднак няўпэўненага ў сабе чалавека адрознівае глыбокая вера ў тое, што такога, як ён, ніхто не палюбіць. Што ён дрэнны, няварты і няўдачлівы. Выяўляцца гэта можа ў рознай ступені і ў розных сферах жыцця, але заўсёды вельмі перашкаджае чалавеку быць шчаслівым і рэалізоўваць свой патэнцыял. Таму вельмі важна разабрацца з асноўнымі прыкметамі і прычынамі няўпэўненасці ў сабе, а таксама асвоіць спосабы пераадолення.

Прыкметы няўпэўненасці

Калі чалавек балбоча без перапынку, увесь час круціцца на крэсле і мітусіцца, ён відавочна пачуваецца няўпэўнена і спрабуе гэта схаваць, паказаць сябе актыўным і таварыскім. Спакой і ўпэўненасць, наадварот, заўсёды праяўляюцца ў размеранай гаворцы і адсутнасці рэзкіх рухаў. Тут важна не зблытаць няўпэўненасць і актыўны тэмперамент: халерыкі, напрыклад, таксама могуць гаварыць хутка і актыўна жэстыкуляваць, але пры гэтым яны не мітусяцца. Таксама няўпэўненага ў сабе чалавека выдаюць скаваныя рухі, сутулыя плечы і згорбленая постаць: ён нібы жадае знікнуць, каб толькі не прыцягнуць лішняй увагі.

Здавалася б, заўважыць няўпэўненасць чалавека вельмі лёгка, і для гэтага не трэба выдзяляць нейкія спецыяльныя прыкметы. Аднак на справе гэта далёка не заўжды так. Напрыклад, калі чалавек пазбягае быць у цэнтры ўвагі, гэта яшчэ не значыць, што ён сарамлівы. Магчыма, ён проста інтраверт і любіць адзіноту. Агрэсіўныя ж ці занадта дэманстратыўныя паводзіны, наадварот, могуць казаць аб жаданні схаваць свае страхі.

Параўнанне сябе з іншымі: няўпэўненасць жанчыны выяўляецца ў тым, што яна лічыць сябе менш прывабнай, чым яе сяброўкі. Таму ў іх кампаніі яна маўчыць і імкнецца быць незаўважнай. Няўпэўненасць мужчыны можа выяўляцца ў тым, што ён пускае пыл у вочы і раскідаецца грашамі. Або, наадварот, кажа, як яму не пашчасціла з працай у адрозненне ад суседа ці старога сябра. Прынцып тут заўсёды адзін: у няўпэўненага ў сабе чалавека амаль заўсёды параўнанне з іншымі аказваецца не на яго карысць.

Пазбяганне ініцыятывы і адказнасці: «Мне ўсё роўна», «рабі як хочаш» — тыповыя фразы няўпэўненага ў сабе чалавека. Справа не ў тым, што ў яго няма сваіх жаданняў і пераваг, проста ён баіцца заяўляць аб іх і не жадае браць на сябе адказнасць.

Няўменне адмаўляць: няўпэўнены ў сабе чалавек з цяжкасцю кажа «не» і часта паступаецца сваімі жаданнямі дзеля інтарэсаў іншых. Ён гатовы ўсё кінуць, адкласці свае планы і прымчацца на іншы канец горада, калі папрасілі аб дапамозе. Што ім рухае? Зусім не жаданне дапамагчы. Насамрэч такія людзі баяцца кагосьці пакрыўдзіць ці выглядаць эгаістамі. Пры гэтым яны могуць гадамі трываць эгаістычныя і наплявацельскія адносіны да сябе — абы не выклікаць асуджэнне іншых людзей.

Напышлівыя паводзіны: у гэта складана паверыць, але фанабэрыстасць — відавочная прыкмета няўпэўненасці ў сабе. Калі чалавек сам сцвярджаецца за кошт іншых, ён такім спосабам спрабуе пераадолець комплекс няўпэўненасці ў сабе і непаўнавартаснасці. Але варта іншым засумнявацца ў яго велічы, як ён тут жа пачынае злавацца і абараняцца. Упэўнены ў сабе чалавек любую крытыку ўспрымае спакойна і далёка не ўсё прымае на свой рахунак. Ён ведае, што колькі людзей, столькі і меркаванняў, і не падабацца камусьці — абсалютна нармальна.

Як перамагчы сарамлівасць?

Варта адзначыць, няўпэўненасць у сабе — вельмі распаўсюджаная сітуацыя. Сумнявацца ў сабе, апынуўшыся ў новай нязвыклай сітуацыі, — цалкам нармальна. Іншая справа, калі гэта моцна перашкаджае жыць і не дае дасягнуць жаданых мэт. Ёсць некалькі эфектыўных спосабаў пераадолець няўпэўненасць у сабе і сарамлівасць.

Успомніце сітуацыі, дзе вы адчувалі сябе ўпэўнена. Абсалютна няўпэўненых у сабе людзей не бывае. Значыць, дастаткова зразумець, у якія моманты вы адчувалі смеласць, і навучыцца актываваць гэты стан. Для гэтага ўспомніце сітуацыю, у якой вы праявілі ўпэўненасць, убачце сябе ў ёй і зрабіце крок у гэты вобраз, у думках злучыцеся з ім. Рабіце гэтае практыкаванне як мага часцей, і з часам стан упэўненасці пачне ўзнікаць аўтаматычна.

Бярыце на сябе адказнасць у дробязях. Гаворка ідзе пра побытавыя дробязі, якія вы звычайна «спіхваеце» на кагосьці іншага, таму што ніколі гэтага не рабілі і страшна, што не атрымаецца. Напрыклад, вы не разбіраецеся ў камунальных рахунках, таму іх аплачвае хтосьці іншы. Хоць раз зрабіце гэта самі. Маленькі поспех умацуе адчуванне «я магу, я справіўся!», а яно абавязкова павысіць вашу ўпэўненасць у сабе. Бо цяпер вы ведаеце: «У выпадку чаго я магу гэта зрабіць». Калі ж вы рэгулярна адмаўляецеся ад новага досведу нават у такіх дробязях, тым самым вы праграмуеце сябе: «Я на гэта не здольны».

Намалюйце сваю няўпэўненасць. Калі вы не ведаеце, як пераадолець няўпэўненасць у сабе, проста прадстаўце яе ў выглядзе выявы і намалюйце. Так вы зможаце лепш зразумець свой стан і ўбачыць, што стаіць за вашай няўпэўненасцю і сарамлівасцю. Гледзячы на малюнак, спытаеце сябе: «Як я раблю сябе няўпэўненым? Нашто мне гэта? Чаго я спрабую пазбегнуць ці дасягнуць з дапамогай сваёй няўпэўненасці і сарамлівасці?» Змяніце крыху свой малюнак: дадайце ў яго элементы, якія, на ваш погляд, дапамогуць вам адчуць сябе больш упэўнена. Паглядзіце яшчэ раз на свой малюнак і спытайце сябе: «Што мне зрабіць, каб гэтая энергія ўпэўненасці выявілася ў маім жыцці?» Выпішыце ўсё, што прыходзіць у галаву, і зрабіце гэта хуткім часам.

Выходзьце з зоны камфорту. Майце зносіны з рознымі людзьмі. Для таго каб развіць навык зносін, важна пастаянна практыкавацца. Пачніце наведваць мерапрыемствы, знаёмцеся з новымі людзьмі. Майце зносіны з суседзямі, з людзьмі ў чарзе ў краме, з калегамі за абедам. Паступова вам стане лягчэй заводзіць размову, вы перастанеце адчуваць дыскамфорт.

У пошуку рашэння, як пазбавіцца ад няўпэўненасці ў сабе, вы можаце лепш пазнаёміцца са сваім унутраным светам і навучыцца выкарыстоўваць усе свае якасці сабе на карысць. У любым выпадку галоўнае — памятаць: вы — гэта не вашыя дасягненні ці правалы. Кожны памыляецца, і вам па сілах ператварыць гэтыя памылкі ў бясцэнны досвед. Магчыма, менавіта так вы знойдзеце свой адказ на пытанне «Як перамагчы страх і няўпэўненасць у сабе?»

Алена КРАВЕЦ, Звязда