Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Як на практыцы адбываецца пераход да новаўвядзенняў у арганізацыі школьнага харчавання, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў дырэктара гімназіі № 1 Старых Дарог Святланы Валчэцкай. 

Нагадаем, у пілотным праекце Міністэрства адукацыі па вывучэнні смакавых пераваг школьнікаў у бягучым годзе прымалі ўдзел 23 школы краіны. Галоўная задача — зрабіць харчаванне дзяцей ва ўстановах сярэдняй адукацыі карысным і смачным. Вынікі аказаліся станоўчымі. Новыя стравы прыйшліся школьнікам даспадобы. Таму з 1 верасня яшчэ частка беларускіх школ далучылася да новаўвядзенняў. Сярод іх — і гімназія № 1 у Старых Дарогах.

Не паспела я пераступіць парог гімназіі, як адразу адчула смачны водар свежазгатаванай ежы. Далучыўшыся да вераніцы дзяцей, якія на чале з настаўнікамі дружна накіроўваліся ў сталовую, апынулася ва ўтульным і прыгожым памяшканні. На сталах — гарачы абед: на першае — ячны крупнік, на другое — бульбяное пюрэ і катлета з курынага мяса, салат “Чайка” і кампот з асарці садавіны. Дзяжурныя старшакласнікі сочаць за парадкам, дапамагаюць прыбіраць. Гімназісты з задавальненнем абедаюць.

На сёння тут вучацца больш за 590 дзяцей. Аднак колькасць порцый, якія павінны згатаваць кухары кожны дзень, перавышае 800.

— У нас ёсць дзеці, якія наведваюць групу прадоўжанага дня. А гэта каля 120 чалавек. Іх кормім тры разы на дзень: снеданне, абед і падвячорак. Прычым калі раней на падвячорак давалі пячэнне, пернік з сокам, то зараз гэта могуць быць бліны з джэмам, біточкі з грэчкай, дранікі са смятанай, — расказвае Святлана Валчэцкая.

На кухні рупліва і старанна працуюць галоўны кухар Святлана Сухан і два яе падначаленыя. Таксама ў штаце ёсць тры кухонныя рабочыя. Іх працоўны дзень пачынаецца а палове 5-й. З самай раніцы яны вараць, смажаць, пякуць. І асвойваюць гатаванне страў з новага меню, якое ўведзена ў гэтым годзе.

— Шчыра кажучы, яшчэ ў апошняй чвэрці мінулага навучальнага года мы пачалі ўво­дзіць новыя стравы. Усяго было дванаццаць асноўных і дзесяць, якія падаваліся дзецям эпізадычна. Найбольшай папуляр­насцю карысталіся нагетсы, біфштэксы і шашлыкі. Палюбілася гімназістам запечаная бульба “Антошка” і “Залатыя долькі”, якія сталі доб­рай альтэрнатывай пюрэ з бульбы. Тады ўжо мы адзначылі, што вучні сталі лепш есці і колькасць адходаў значна паменшылася, — падкрэслівае Святлана Мар’янаўна.

Пераход установы на новы рэжым харчавання — на асаблівым кантролі. На днях падчас бацькоўскага сходу ў гімназіі было праведзена анкетаванне, каб высветліць, што любяць дзеці, перавагу якім стравам аддаюць. Праз пару тыдняў такое ж апытанне арганізуюць і сярод гімназістаў.

— На першым месцы аказаліся катлеты з бульбяным пюрэ, біфштэкс і біточкі. На другім — стравы з курыцы і нагетсы. А вось расольнік, амлет, тушаная капуста, малочны суп і рыбныя катлеты набралі зусім мала галасоў. Толькі 24 бацькі напісалі, што дзіця есць усё. Цікава, якія вынікі будуць пасля апытання школьнікаў. Дарэчы, анкетаванне плануем праводзіць яшчэ два разы: у сярэдзіне навучальнага года і ў канцы. Такі падыход дасць магчымасць дэталёва прааналізаваць арганізацыю харчавання, прасачыць, наколькі мяняюцца густы дзяцей, — тлумачыць дырэктар.

Абавязковыя атрыбуты

Вялікую ўвагу ў сталовай гімназіі ўдзяляюць эстэтычнаму моманту — ніякага металічнага посуду, гранёных шклянак. Сурвэткі, кошыкі для хлеба — абавязковы атрыбут сервіроўкі стала.

— Тут яшчэ і практычны момант улічваецца, — заўважае дырэктар і з усмешкай узгадвае гісторыю са сваіх школьных гадоў: — Першыя два класы я вучылася ў сельскай школе ў Акінчыцах. Добра памятаю, як на вялікім перапынку нам давалі пячэнне і чай. Налівалі яго ў жалезны кубак. І ён быў настолькі гарачы, што я не магла ўзяць яго ў рукі. І таму кожны раз толькі ела пячэнне і ішла далей на ўрокі. Калі стала дырэктарам гімна-
зіі, найперш паклапацілася аб кубках. На самай справе дзеці звяртаюць увагу на ўсё: як выглядае кухар, які посуд, як арганізавана падача. Мы ўлічваем кожную дробязь.

Прыемна, што дзеці самі падыходзяць і дзеляцца сваімі думкамі наконт згатаваных страў, шчыра расказваюць, што ім спадабалася, а што не.

Сама Святлана Мар’янаўна ў сферы адукацыі — з моманту заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Гімназію № 1 узначальвае ўжо 17 гадоў. Такі багаты вопыт дазваляе ёй правесці параўнальны аналіз не толькі арганізацыі школьнага харчавання, але і зрабіць высновы, як мяняюцца паводзіны вучняў.

— Раней дзеці былі прывучаны да працы куды больш, чым сучасныя. Напрыклад, сваю першую грамату падчас вучобы ва ўніверсітэце я атрымала за ўдзел ва ўборцы ўраджаю бульбы. Мы сваіх гімназістаў таксама імкнёмся далучаць да суботнікаў, навядзення парадку ў класах. Пераканана: гэта вельмі важна для выхавання. Зараз прыходзяць вучні, чые бацькі выраслі ў эпоху перабудовы. І гэта накладвае пэўны адбітак, бо кожнае дзіця нясе ў сабе светапогляд сям’і, у якой яно расце. На жаль, некаторым школьнікам перадаецца спажывецкае стаўленне да жыцця і настаўнікаў.

 Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА

 

Якія грашовыя нормы расходаў на харчаванне навучэнцаў прадугледжаны ў гэтым годзе

Прынята пастанова ўрада, якая рэгламентуе нормы харчавання ва ўстановах адукацыі. Гаворка ідзе пра пастанову ўрада № 555, якая ўносіць змяненні ў пастанову Савета Міністраў Рэспуб­лікі Беларусь ад 27 красавіка 2013 года № 317 “Аб нормах харчавання і грашовых нормах расходаў на харчаванне навучэнцаў, а таксама ўдзельнікаў адукацыйных мерапрыемстваў з ліку асоб, якія навучаюцца ва ўстановах адукацыі».

Дакументам зменены грашовыя нормы расходаў:

  • на харчаванне навучэнцаў у дзіцячых садах, дашкольных цэнтрах развіцця дзіцяці, спецыяльных дзіцячых садах, установах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, у спецыяльных школах і спецыяльных школах-інтэрнатах пры засваенні зместу адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі.

Так, у дзень на аднаго навучэнца ва ўзросце:

  • ад 1 года да 3 гадоў прадугледжана норма расходу грашовых сродкаў на харчаванне ў памеры 3,59 рубля (раней 3,26 руб­ля) пры 10,5-гадзіннай працягласці знаходжання ва ўстанове адукацыі, пры 12-гадзіннай — 4,62 рубля (раней 4,16 рубля);
  • ад 3 да 7 гадоў — 4,71 рубля (раней 4,24 рубля) і 5,71 рубля (раней 5,14 рубля) адпаведна;
  • на харчаванне навучэнцаў у санаторных дзіцячых садах, санаторных групах, санаторных спецыяльных групах, санаторных групах інтэграванага навучання і выхавання з працягласцю знаходжання 12—24 гадзіны:
  • на аднаго навучэнца ва ўзросце ад 1 года да 3 гадоў прадугледжана 5,97 рубля (раней 5,28 рубля);
  • ад 3 да 7 гадоў — 7,37 рубля (раней 6,52 рубля);
  • ад 3 да 7 гадоў (дыета П) — 7,33 рубля (раней 6,51 рубля).

Таксама павышаны грашовыя нормы расходаў для названых катэгорый навучэнцаў, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання. Абноўлены нормы харчавання ў гэтых установах адукацыі.

Нормы харчавання і грашовыя нормы расходаў скарэкціраваны для навучэнцаў:

  • у цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з рознай працягласцю знаходжання;
  • у пачатковых школах, базавых школах, сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях, гімназіях-каледжах мастацтваў і ўстановах вышэйшай адукацыі пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, спецыяльных школах, у тым ліку групах прадоўжанага дня, пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй адукацыі;
  • у санаторных школах-інтэрнатах, санаторных школах-інтэрнатах для дзяцей з туберкулёзам і рызыкай развіцця гэтага захворвання;
  • у спецыяльных школах-інтэрнатах;
  • ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай, дадатковай адукацыі дарослых пры засваенні зместу адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай адукацыі;
  • у аздараўленчых лагерах дзённага і кругласутачнага знаходжання;
  • у адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах, аздараўленчых лагерах кругласутачнага знаходжання ваенна-патрыятычнага профілю, працы і адпачынку, установе адукацыі “Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк”;
  • якія пражываюць у інтэрнатах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і інтэрнаце Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.

Устаноўлены таксама нормы расходаў на харчаванне ўдзельнікаў адукацыйных і іншых мерапрыемстваў з ліку асоб, якія вучацца ва ўстановах адукацыі, у залежнасці ад узроўню іх правядзення (ад 5,49 да 12,5 рубля ў дзень на аднаго ўдзельніка).

Па матэрыялах pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстра

 

По материалам https://nastgaz.by/.