Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Калі стварала тапанімічны атлас, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Валожына Святлана Федарака хацела далучыць вучняў да даследчай работы. І ў яе гэта атрымалася. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праз некаторы час педагог разам с навучэнцамі склала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Даследчай работай настаўніца геаграфіі настаўнік-метадыст Святлана Федарака захапілася пасля таго, як пачала ўкараняць у навучанне геаінфармацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы ім, педагог разам з гімназістамі стала аўтарам многіх цікавых і значных не толькі для Валожынскага раёна, але і для ўсёй краіны праектаў.

Святлана Федарака прызналася, што з мноства настаўніцкіх абавязкаў і кірункаў работы ёй больш за ўсё падабаецца даследчая работа. У настаўніцы ўжо даўно распрацавана ўласная сістэма пошуку і падрыхтоўкі навучэнцаў, якія зацікаўлены адпаведнай дзейнасцю. 

Разам з даследчай работай настаўніцу заўсёды цікавіла края­знаўства. Яна аўтар ву­чэбна-метадычнага комплексу “Валожыназнаўства”, які ўключае ў сябе праграму факультатыўнага курса, метадычныя матэрыялы, рабочы сшытак, а таксама дыск з картамі і матэрыяламі.

“Менавіта з майго захаплення даследаваннямі пачалася работа, да якой стала прыцягваць дзяцей, — расказвае педагог. — Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца гэтым. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць”.

Святлана Вітольдаўна — кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі Валожынскага раёна, член савета клуба “Флагман”, удзельнік клуба “Крыштальны журавель”.

Першая работа даследчага кірунку была прысвечана тапаніміцы — вывучэнню пахо­джання геаграфічных назваў і аб’ектаў Валожынскага раёна. Тады Святлана Федарака з вучнямі стварыла лічбавы атлас тапонімаў і распрацавала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Сёння ён уключае больш чым 400 назваў, пахо­джанне 50% якіх педагог і яе дапытлівыя вучні ўстанавілі самі. У слоўніку тапонімаў — легенды Валожына, дакладны пералік тых населеных пунктаў, якіх у раёне ўжо даўно няма.

У мінулым навучальным годзе навучэнец Святланы Ві­тольдаўны Арцём Сі­корскі ат­рымаў дыплом на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.

“Работа навучэнца нашай гімназіі вельмі цікавая і неардынарная, — адзначае настаў­ніца геаграфіі. — Ён працаваў над тэмай “Крытэрыяльны аналіз складу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з першага па апошняе скліканне як асяроддзе стварэння адукацыйнага рэсурсу электаральнай геаграфіі”. Мы па кожным скліканні, пачынаючы з 1996 года, прааналізавалі яго склад, паглядзелі, колькі мужчын і жанчын сюды ўваходзіць і г.д.”

Даследчая работа натхніла навучэнца на стварэнне квест-гульні па электаральнай геаграфіі. Настаўніца ўпэўнена: іх гульнявая распрацоўка дапаможа дзецям разабрацца ў тым, як фарміруецца ўрад, якія лю­дзі ў яго ўвахо­дзяць.

“Калі Арцём рабіў блок карт па выбарчых акругах, нас зацікавілі біяграфіі нашых дэпутатаў, — звяртае ўвагу Святлана Федарака. — Мы вызначылі сярод іх дзеячаў мастацтва, навукі, спартсменаў і інш.”  

Убачыць сярод вучняў тых, хто будзе добрым даследчыкам, Святлане Федарака дапамагае багаты педагагічны вопыт і ўласныя аўтарскія методыкі.

Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца даследчай работай. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць.

“Мне пашанцавала: я адзіны настаўнік геаграфіі ў гімназіі, — расказвае пра свае падыходы ў рабоце педагог. — Дзеткі да мяне прыходзяць вучыцца ўжо ў 5 класе. Спачатку я да іх прыглядаюся, а ў другім паўгоддзі 6 класа даю тэст на выяўленне праблем, якія перашкаджаюць займацца да­следчай работай. Напрыканцы кожнага навучальнага года паўтараю тэст, бо хочацца адсачыць, ці змянілася што-небудзь”.

У рабоце з навучэнца­мі стар­шых кла­саў ідэальным на­стаўніца на­зы­вае метад “ПЛИС” — пра­ект­ны ліст да­следчыка.

“Для таго каб право­дзіць даследчую работу, навучэнцы павінны выдзеліць гіпотэзу, актуальнасць тэмы, яе аб’ект, прадмет, мэты і задачы, — пералічвае Святлана Вітольдаўна. — Вучні не вельмі добра ўяўляюць, як гэта вызначаць. Таму на ўроках, калі разглядаем тэму, якая не патрабуе татальнага тлумачэння настаўнікам, дзеці працуюць самастойна. Я ім прапаную знайсці праблему ў параграфе і прапанаваць яе класу. Пасля таго як праблема была агучана, клас запаўняе ліст даследчыка”.

Да кожнай тэмы па геаграфіі Святлана Федарака распрацавала прэзентацыі: сённяшнія вучні — візуалы, таму лягчэй успрымаюць карцінку, а не тэкст. А геаграфія — той прадмет, які патрабуе прыгожага ўспрымання.

У адрозненне ад даследчых работ, падрыхтоўка навучэнцаў да прадметных алімпіяд павінна пачынацца як мага раней.

“Мне падабаецца, што ўдзель­нічаць у алімпіядзе вучні могуць ужо ў 6 класе. Але іх важна зацікавіць гэтым. Ёсць сярод навучэнцаў перфекцыя­ністы: калі ім не ўдалося паказаць высокі вынік, яны ідуць на алімпіяду зноў, бо хочуць ­стаць лепшымі. Для таго каб дапамагчы дзецям у гэтым, у гімназіі ёсць усе ўмовы”, — адзначае педагог.

Часта жаданне дзяцей ­стаць удзельнікам алімпіяды па геаграфіі не падтрымліваюць баць­кі, бо гэты прадмет амаль нідзе, за выключэннем некаторых педагагічных спецыяльнасцей, больш не патрэбны. Каб запэўніць дарослых у адваротным і паказаць, што геаграфія цікавая і дае шмат магчымасцей, Святлана Федарака арганізуе ў гімназіі цікавыя праф­арыентацыйныя сустрэчы.

Часты госць у гімназіі — былы выпускнік Святланы Вітольдаўны, а сёння першы прарэктар БДУ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Дзмітрый Курловіч. Калі дзесяць гадоў назад настаўніца пачынала працаваць з геаграфічнымі інфармацыйнымі сістэмамі, было цяжка разабрацца з імі самастойна. Таму Дзмітрый прыязджаў і дапамагаў у гэтым сваёй настаўніцы і гімназістам. Магчыма, будучым калегам.

“Тыя, хто любіць геаграфію, могуць быць не толькі настаўнікамі, але і вучонымі, зай­мацца ІТ-тэхналогіямі, бо сёння развіта ГІС-праграмаванне, — лічыць настаўніца. — Геаграфія адкрывае вялікія магчымасці для кожнага. А веды па прадмеце будуць заўсёды дарэчы, калі дзеці з бацькамі адправяцца ў падарожжа і захочуць адкрыць для сябе нешта новае. Ведаючы геаграфію, гэта зрабіць вельмі проста”.

Наталля САХНО

По материалам https://nastgaz.by/.

 

«Народная асвета» рекомендует:

География. Физическая география, 6 класс

 Е. Г. Кольмакова

Учебное пособие для 6 класса учреждений общего среднего образования с русским языком обучения.

2-е издание, пересмотренное и дополненное.

География. Физическая география, 6 класс

5.34 руб.