Футбол з’яўляецца самай папулярнай гульнёй на планеце дзякуючы яе даступнасці і разнастайнасці. Яна ўключае ў сябе не толькі матчы паміж дзвюма камандамі па правілах ФІФА ў класічнай, пляжнай і іншых версіях, але і велізарны набор вясёлых і карысных актыўнасцей, якія паступова перарастаюць у самастойныя віды спорту.
На жаль, не кожная сярэднестатыстычная школа можа закупіць дарагія футбольныя атракцыёны. Таму настаўнікам фізічнай культуры і здароўя даводзіцца праяўляць кемлівасць, каб разнастаіць спартыўную дзейнасць на ўроках, занятках у СМГ, у гуртках, секцыях, падчас спартыўных свят. Хочам падзяліцца вопытам нашай гімназіі ў правядзенні футбольных конкурсаў і актыўнасцей без лішніх затрат, але, на наш погляд, даволі цікавых.
- Настольны футбол “Ужывую”. Нам неабходны двое міні-футбольных варот і каля 70 м шпагату (вяроўкі). У спартыўнай зале, у нашым выпадку памерам 12?24 м, нацягваем 5 вяровак (замест жэрдак, як у настольным футболе) на ўзроўні пояса паміж шведскай сценкай і супрацьлеглай сцяной, папярэдне павесіўшы на вяроўку невялікія пластыкавыя кольцы або разметачныя фішкі па 2 штукі на аднаго чалавека. Дзелім удзельнікаў на дзве каманды пры дапамозе манішак розных колераў (зялёнага і чырвонага, напрыклад). Размяшчаем гульцоў наступным чынам: варатар чырвоных — два нападаючыя зялёных — тры абаронцы чырвоных — паўабаронца зялёных і паўабаронца чырвоных — тры абаронцы зялёных — два нападаючыя чырвоных — варатар зялёных. Гульцы абавязаны трымацца дзвюма рукамі за кольцы (фішкі) і перамяшчацца толькі ўздоўж вяроўкі. Мы дазваляем перабірацца пад вяроўкай на супрацьлеглы бок, перахоплівацца рукамі спінай да шпагату. Мяч для гульні выбіраем аблегчаны, каб пазбегнуць траўм. Галкіперы свабодна перамяшчаюцца ў межах варатарскай зоны, для іх няма нацягнутай вяроўкі, але да таго часу, пакуль нападаючы саперніка не атрымае мяч, яны не могуць да яго набліжацца. Гульнявы снарад не выходзіць ні ў аўт, ні за пярэднюю лінію варот. У выніку атрымліваецца захапляючая і энергазатратная гульня.
- Футбольны більярд. Бяром 6 гімнастычных лавачак, кладзём іх на бок, утвараючы “стол”. Паміж лавачкамі пакідаем прастору (“лузу”), крыху большую за дыяметр мяча. Выстаўляем “піраміду” з 10 мячоў і насупраць — “біток”. У гімназіі мы гуляем па наступных правілах: першы ўдар — бітком па пірамідзе, а далей даём права выбару. Можна прамым ударам закочваць мяч у лузу — гэта 1 бал, а калі ўдараем мяч аб мяч і ў лузу, то 2 балы. Можна пранумараваць мячы, выставіць мячы розных колераў. Пул, снукер, рускі більярд — даступны любы варыянт, толькі гуляць нагамі, а не кіем.
- “Квадрат”. Усе мы ў дзяцінстве гулялі ў “Квадрат”. Мы гэтую гульню пастараліся разнастаіць і дабавілі па баках квадрата гімнастычныя лавачкі. Як і ў більярдзе, паміж краямі лавачак пакідаем прастору для праходжання мяча. Ачкі залічваюцца толькі пры праходжанні мяча ў створ імправізаваных варот. Зоны размячаем малярнай стужкай. Гульня працягваецца да 10, 15, 20 ачкоў — гульцы перад пачаткам самі вырашаюць гэты аспект. Абмяжоўваем удзельнікаў двума дотыкамі да мяча і трыма секундамі на прыняцце рашэння. Разварочваем квадрат у ромб — і зараз у кожнага ўдзельніка па 2 зоны, якія неабходна абараняць.

Яшчэ больш цікавы варыянт — “Квадрат па паветры”. Пры дапамозе разметачных стоек са стужкамі дзелім гульнявую зону на 4 роўныя часткі, размячаем малярнай стужкай лініі, якіх не хапае, на гульнявой паверхні. Мяч адзін раз можа ўпасці на зямлю, неабходна трапіць на зону сапернікаў над разметачнай стужкай.
4. Футбольны “Дабл слінг”. У цэнтры спартыўнай залы пераварочваем гімнастычныя лавачкі ножкамі адна да адной, па цэнтры пакідаем прастору для праходжання мячоў. Гуляць можна ў фармаце 1?1, 2?2, 3?3. У кожнай каманды па 5 мячоў, біць можна толькі з вызначанай лініі. Выйграе той, у каго на палове не застанецца ніводнага мяча. Таксама можна пакінуць 3 месцы для праходжання мячоў і паставіць на пярэдніх лініях кеглі, якія павінен збіць сапернік.
5. Панна. Замест вялікай клеткі для правядзення спаборніцтваў можам выкарыстоўваць гімнастычныя лавачкі ці проста размежаваць пляцоўку пры дапамозе фішак і конусаў. Памеры гульнявой паверхні — 6?6 м, таксама не забываем пра маленькія вароты. Гулец (каманда з 2—3 чалавек) атрымлівае перамогу, калі пракіне мяч паміж ног саперніку і зможа ім завалодаць. Лік вядзецца па забітых галах, але толькі з чужой паловы поля, выніковыя дзеянні ад лавачкі не залічваюцца. Гуляем звычайна да 10 ачкоў (гол — 1 ачко, пракінуў мяч паміж ног саперніка — 2 ачкі, калі дамовіліся не лічыць гэты прыём адразу за перамогу ў гульні).
6. Футбольны “Чапаеў”. Не знойдзецца чалавека, які не гуляў бы ў “Шашкі Чапаева”. А калі паспрабаваць трансфармаваць іх у футбольны турнір!? Правілы наступныя: па 8—12 мячоў выстаўляем на пярэдніх лініях валейбольнай пляцоўкі. Кідаем жэрабя, каму біць першым, і пачынаем гульню. Мэта — пры дапамозе ўдараў сваімі мячамі выбіць усе мячы саперніка за межы пляцоўкі. Абавязкова, каб ваш мяч дакрануўся да мяча саперніка, інакш накладаецца штраф. Гулец (каманда), які выйграў раўнд, выстаўляе на наступны сваіх “байцоў” на метр бліжэй да цэнтральнай лініі гульнявой паверхні. Для поўнай перамогі неабходна адолець саперніка 7 разоў. Калі вы не збілі ніводнага гульнявога снарада саперніка, не дакрануліся сваім мячом да мяча апанента ці ж разам з непрыяцельскім вылецеў і ваш мяч, то права чарговага ўдару пераходзіць да саперніка.
7. “Марскі бой”. Нам неабходны разметачныя фішкі (можна выкарыстоўваць звычайныя шашкі), тэнісныя і футбольныя мячы. Ставім зверху на фішкі тэнісныя мячы (можна валейбольныя ці футбольныя). Размяшчаем у адвольным парадку на сваёй палове пляцоўкі 5-, 4-, 3-, 2-, 1-палубныя “караблі”. Фішкі аднаго “судна”, на якіх размешчаны мячы, павінны дакранацца адна да адной пры пачатковым удары, затым папраўляем і прыбіраем фішкі, збітыя ад варожых атак. Водападзел — цэнтральная лінія валейбольнай пляцоўкі. Дапускаецца “дружалюбны” агонь, праводзіць удары дазволена ў радыусе 0,5 м ад любога свайго карабля або ў тым месцы, дзе спыніўся мяч. Удары робяцца па чарзе.

8. Футбольны кёрлінг. У кожнага ўдзельніка (каманды) па 5—10 мячоў-спроб. Адзначаем малярнай стужкай (ці абручамі розных дыяметраў) дзве акружнасці — малую і вялікую. Удзельнікі (каманды) па чарзе з дыстанцыі 10—30 м павінны закаціць мячы ў абазначаныя зоны. Калі мяч па заканчэнні ўсіх спроб застаўся ў малым крузе, налічваецца 3 балы, калі ў вялікім, то 1 бал. Звычайна гуляем да 21 ачка або да 5 перамог у раўндах. Як варыянт, можна зрабіць “соты” з конусаў — хто больш закоціць у іх мячоў у некалькіх раўндах. Ці можна згуляць такім чынам у крыжыкі-нулікі.
9. Футбольны боўлінг. Самая простая ў арганізацыі гульня з прапанаваных. Нам патрэбны 10 кегляў ці 10 конусаў і некалькі мячоў. Выбудоўваем конусы (кеглі) пірамідай і стараемся збіць мячом з адлегласці 7—15 м. Хто затраціць меншую колькасць спроб, каб збіць свае конусы, той і пераможца.

Таксама карыстаюцца папулярнасцю ў гімназіі спаборніцтвы па футбольным дартсе, футгольфе, галболе, квадраты па паветры, футвалейболе.
Як мы бачым, каб разнастаіць футбольнае жыццё ў любой установе адукацыі, не трэба прыкладаць вялікіх намаганняў і затрачваць значныя грашовыя сродкі. Не абавязкова прытрымлівацца афіцыйных правіл правядзення спаборніцтваў, лепш адаптаваць іх менавіта пад навучэнцаў, з якімі вы непасрэдна працуеце.
Ігар ШАМЯЦЮК,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя
гімназіі № 16 Мінска
По материалам https://nastgaz.by/.
«Народная асвета» рекомендует:
Приключения Мячиков и их друзей
И. А. Токарева
Книга Ирины Токаревой продолжает серию «Шкаф» для самых маленьких читателей — от 2 до 6 лет.

5.59 руб.




