Міждысцыплінарныя магістарскія праграмы даюць магчымасць атрымаць веды ў сумежных галінах навуковай і практычнай дзейнасці. Дзякуючы шматпрофільнасці вучэбнай праграмы павышаецца канкурэнтаздольнасць магістрантаў на нацыянальным і міжнародным рынку працы. Таму цікавасць да іх з боку замежных грамадзян расце.

Заняткі праводзяцца ў вочнай форме на двух факультэтах. Уведзена таксама практыка сумеснага кіраўніцтва магістарскімі дысертацыямі. Так, у кожнага магістранта ёсць два навуковыя кіраўнікі, што садзейнічае больш дэталёвай прапрацоўцы міждысцыплінарнага навуковага даследавання. 

У БДУ назапашаны ўжо вялікі досвед рэалізацыі міжфакультэцкіх магістарскіх праграм. Эканамічны факультэт стаў адным з першых, які працуе ў гэтым напрамку. Сумесна з факультэтам журналістыкі праводзіцца падрыхтоўка замежнікаў па праграме «Кіраванне медыяпраектамі». З 2021 года ў партнёрстве з факультэтам філасофіі і сацыяльных навук рэалізуецца праграма «HR-аналітыка», а з Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А. Д. Сахарава — «Прыкладная эканоміка, менеджмент і экалогія».

А сёлета ў БДУ адкрыюць чатыры абсалютна новыя профілі міждысцыплінарнай магістратуры.

Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі і эканамічны факультэт распрацавалі праграму «Зялёная эканоміка і ўстойлівае развіццё арганізацыі» для спецыяльнасці «Эканоміка». Яе выпускнікі змогуць аналізаваць практычныя аспекты экалагічных рызык, выкарыстоўваць «зялёны» маркетынг у арганізацыі дзейнасці прадпрыемстваў, выяўляць прычыны і ацэньваць змены ў навакольным асяроддзі, праводзіць аналіз фактараў і рызык і ў перспектыве ацэньваць эфектыўнасць дасягнення вугляроднай нейтральнасці эканомікі на глабальным, рэгіянальным і лакальным узроўнях, выконваць матэматычную апрацоўку, статыстычны і прасторавы аналіз дадзеных аб навакольным асяроддзі, абагульняць і сістэматызаваць вынікі даследаванняў. 

Дарэчы, сёння большасць краін свету пераарыентавалі сваю экалагічную палітыку на пераход ад традыцыйнай мадэлі, у якой ахова навакольнага асяроддзя разглядаецца як нагрузка на эканоміку, да мадэлі, дзе экалогія выступае рухавіком развіцця. Гэта значыць да «зялёнай» эканомікі. У нашай краіне палажэнні, звязаныя з развіццём «зялёнай» эканомікі, адлюстраваны ў шэрагу нарматыўных прававых актаў, у тым ліку ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, а таксама ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі на перыяд да 2035 года.

Таксама стартуе набор у сумесную магістратуру факультэтаў геаграфіі і геаінфарматыкі і журналістыкі «Журналістыка ў міжкультурнай і геапалітычнай камунікацыі» для спецыяльнасці «Журналістыка». Яе адкрыццё выклікана патрэбай у журналістах, якія маюць веды ў геапалітыцы, эканоміцы, краіназнаўстве і г. д. Комплекснае вывучэнне прапанаваных дысцыплін дасць магчымасць выпускнікам ствараць якасныя медыяпрадукты і весці прафесійную дзейнасць ва ўмовах полікультурнасці рэгіёнаў і свету з улікам іх прыродна-рэсурснага патэнцыялу, геапалітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў. Выпускнікі змогуць аналізаваць геапалітычную сітуацыю на сусветным і рэгіянальным узроўнях для ўстанаўлення сувязей паміж геастратэгічнымі аспектамі сусветнага развіцця.

Яшчэ адна новая сумесная праграма «Фінансы ў лічбавай эканоміцы» на спецыяльнасці «Эканоміка» стваралася намаганнямі эканамічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў. Яна накіравана на падрыхтоўку аналітыкаў, якія валодаюць прафесійнымі кампетэнцыямі ў галіне лічбавізацыі фінансавага, інвестыцыйнага і антыкрызіснага кіравання для стварэння і прадастаўлення фінансавых і банкаўскіх прадуктаў і паслуг. Адметнасцю праграмы з’яўляецца акцэнт на прыкладное прымяненне спецыялістамі атрыманых ведаў ва ўмовах фарміравання лічбавай эканомікі.

А эканамічны і юрыдычны факультэты прапануюць новую магістарскую праграму «Прыкладная эканоміка, менеджмент і права» на спецыяльнасці «Менеджмент», дзе будуць рыхтаваць аналітыкаў у галіне бізнес-працэсаў і эканамічнай палітыкі. Адукацыйны курс арыентаваны на вывучэнне праблем кіраўніцкай эканомікі, эканамічнага аналізу, ацэнкі рызык і канкурэнтаздольнасці кампаній і галін. Таксама асаблівая ўвага будзе надавацца прававым асновам і заканадаўчай базе.

Прадугледжваецца, што досвед згаданых факультэтаў будзе выкарыстаны для рэалізацыі міждысцыплінарнай падрыхтоўкі студэнтаў і на іншых спецыяльнасцях магістратуры БДУ.

Надзея НІКАЛАЕВА, Звязда

 

«Народная асвета» рекомендует: