Дзіўная сіла сонца: дзякуючы яго прамяням мы не замярзаем да смерці нават зімой, маем шанц загараць летам і сінтэзуем у сваім целе вітамін D, які ўмацоўвае косці. Але ва ўсякай з'явы ёсць адваротны бок: з-за сонечных прамянёў мы старэем і хварэем.

Як прыстасавацца да клімату падчас падарожжа ў гарачыя краіны? У чым карысць і шкода сонца? Дзе найчасцей утвараецца рак скуры і як яго не прапусціць? Як абараніць сябе ад негатыўнага ўплыву ўльтрафіялету? І чым для нас можа быць небяспечным глабальнае пацяпленне? Пра гэта і іншае размаўляем з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА — гэта Гумен Гарбаніджад.


— Доктар Гумен, у апошнія гады мы ўсё больш яўна адчуваем глабальнае пацяпленне. Працяглая летняя спёка ў нас ужо нікога не здзіўляе. Але ці падрыхтаваны мы да такой колькасці сонца?

— Летам пашкоджанні ад сонца скуры і вачэй і ў дарослых, і ў дзяцей стаяць ледзь не на першым месцы. Самае небяспечнае — праблема раку скуры (меланомы і меланасаркомы). Гэта адзін з самых агрэсіўных відаў раку, ён хутка прагрэсіруе і дае метастазы. Калі параўноўваць з ракам прастаты, калі ён узнікае пасля 65 гадоў, то ад яго чалавек загіне дзесьці праз 20 гадоў, калі яму будзе 85, а, магчыма, ён увогуле памрэ ад іншага захворвання. Калі не лячыць рак скуры, то смерць можа наступіць цягам паўгода.

Гэтая праблема актуальная не толькі з-за пацяплення. Тут тры прычыны: міграцыя, змяненне клімату на планеце і турызм. У Амерыцы нашчадкам карэнных жыхароў — індзейцам — не трэба тлумачыць, як ахоўваць сваю скуру ад сонца: яны стагоддзямі там жылі. Гэта актуальна для тых амерыканцаў, якія пераехалі на кантынент значна пазней і генетычна паходзяць з іншай мясцовасці. Асабліва гэта важна для людзей, якія пераехалі самі ці іх продкі і пры гэтым у іх светлая скура і блакітныя вочы.

Другая праблема — клімат. Кожны арганізм адаптуецца да той мясцовасці, дзе жыве. Калі мяняецца клімат, павялічваецца тэмпература і колькасць сонечных дзён, жыхары не могуць так хутка адаптавацца да хуткага пацяплення, з'яўлення азонавых дзірак, якія ўтвараюцца ў атмасферы. І найперш пакутуе скура.

Трэці складнік — турызм. Як правіла, людзі не едуць адпачываць на паўночны полюс ці ў месцы з халодным кліматам, а накіроўваюцца да мора і ў месцы дзе цяплей. Часта перамена адбываецца рэзка: учора чалавек сядзеў у офісе, дзе на яго не траплялі сонечныя промні, а сёння аказваецца ў сонечнай краіне побач з морам, і арганізм мусіць хутка адаптавацца да новых умоў: іншага ўзроўню ўльтрафіялету і тэмпературнага рэжыму. Як тут хутка прызвычаіцца, калі чалавек жыве ў Фінляндыі, дзе паўгода ноч, ці ў Беларусі, дзе зімой не паспеў паабедаць — ужо цёмна. Гэта складана жыхарам тых краін, у якіх дзень кароткі, малая колькасць сонечных дзён і нязначная колькасць ультрафіялету. У такіх людзей могуць з'явіцца праблемы.

Сонца небяспечнае і для дзяцей. Калі яны з бацькамі едуць на мора і адразу атрымліваюць шмат сонца, гэта можа дрэнна адбіцца на здароўі ў будучым. Вучоныя лічаць, што ў малых, якія атрымлівалі сонечныя апёкі, у дарослым жыцці верагоднасць захварэць на рак скуры павялічваецца ў шмат разоў.

— Дык сонца для нас — гэта добра ці дрэнна?

— Сонца нам вельмі нават патрэбна. Яно садзейнічае выпрацоўцы эндарфінаў — гармонаў шчасця. Яны выпрацоўваюцца, калі сонца трапляе на скуру, што паляпшае наш настрой. Гэта натуральны антыдэпрэсант. Акрамя таго, пад сонцам наш арганізм выпрацоўвае вітамін D, а ён удзельнічае ў многіх жыццёвых працэсах, з'яўляецца моцным антыаксідантам, і яго нястача крытычная для нашага арганізма. Аднак калі мы гармоны шчасця і вітамін D будзем атрымліваць толькі праз сонца, хутчэй атрымаем рак скуры, чым дастатковую колькасць гармонаў і вітаміну.

У скандынаўскіх краінах, дзе малая колькасць сонца, нягледзячы на высокі ўзровень жыцця і сацыяльнай абароны, колькасць суіцыдаў дастаткова высокая. Вучоныя лічаць адной з прычын недахоп сонечных дзён. У некаторых з гэтых краін ёсць нават дзяржаўныя праграмы, якія дазваляюць пажылых людзей раз на год адправіць у сонечныя краіны. Дзякуючы гэтаму яны менш хварэюць, на ахову здароўя дзяржава выдаткоўвае менш сродкаў, так што маецца эканамічная выгада з гэтых праграм.

— Ці бывае меланома ў людзей з цёмнай скурай?

— Бывае, але значна радзей. Больш за ўсё ад прамога сонца пакутуюць людзі са светлай скурай, светлымі ці русымі валасамі, блакітнымі ці зялёнымі вачыма. Гэта актуальна і для славян.

— Што такое загар? Як ён утвараецца?

— Асноўны эфект, які нам патрэбны ад сонца, — загар. Мы вяртаемся пасля водпуску і якраз ім першую чаргу адрозніваемся добрым загарам ад тых, хто яшчэ не адпачываў. Насамрэч цяпер ёсць пэўная мода на загар. У XVІІ стагоддзі жанчыны, наадварот, хадзілі з парасонам, каб не загарэць, бо белая скура была прыкметай арыстакратызму. Яна сведчыла пра тое, што жанчына не працуе на полі пад сонцам. Яна з такім колерам скуры для мужчын была больш прывабнай. Тое ж датычылася і мужчын: светлая скура азначала, што ён не належыць да працоўнага класа.

Цяпер загарэлы колер скуры сведчыць пра тое, што чалавек можа сабе дазволіць і шыкоўны лад жыцця. Каб выклікаць у іншых такое ўражанне, некаторыя спецыяльна карыстаюцца салярыем, аўтазагарам. А, трапіўшы на мора, многія пачынаюць хутчэй распранацца і загараць, а потым вяртаюцца з апёкамі...

Загар — гэта ахоўная рэакцыя нашай скуры ад сонца. Падчас таго, як ультрафіялетавае выпраменьванне трапляе на нашу скуру, яно можа выклікаць змяненні ў ядры ДНК клетак, і арганізм мусіць нейкім чынам абараняць яго. Ён «раскрывае парасон» — выпрацоўвае меланін. Меланін — гэта цёмны пігмент, які размяшчаецца якраз над ядром клеткі і абараняе яго ад ультрафіялетавага выпраменьвання. Чым хутчэй выпрацоўваецца меланін, тым хутчэй ён пачынае абараняць нашу скуру ад ультрафіялетавага выпраменьвання.

У бландзінаў са светлымі вачыма звычайна горш выпрацоўваецца меланін, чым у смуглых людзей і брунетаў.

— Як дапамагчы скуры абараніцца ад ультрафіялету?

— Асноўная абарона — сонцаахоўныя крэмы. Яны маюць састаў, які адбівае ўльтрафіялетавае выпраменьванне ад скуры. А таксама насіць капялюш ці парасон. Гэта галоўныя элементы абароны. Прычым ахоўны сродак абавязкова мусіць абараняць ад альфа- і бэта- ўльтрафіялетавага выпраменьвання, гэта павінна быць пазначана на ўпакоўцы. Звычайна фактар абароны SPF мусіць быць не меншы за 30. Наносіць такі крэм варта ў сонечныя летнія дні.

— Касметолагі раяць наносіць яго пачынаючы з сакавіка...

— Сонца, акрамя загару, валодае эфектам старэння скуры. Таму жанчынам касметолагі даюць такія рэкамендацыі. Але да раку скуры гэта не мае адносін.

— Ці можна зрабіць так, каб меланін выпрацоўваўся хутчэй?

— Ёсць прадукты, якія здольны дапамагаючы, але ўжываць іх трэба працяглы час, каб атрымаць эфект. Адзін з такіх прадуктаў — зялёны чай. У ім утрымліваецца EGCg — спецыфічныя рэчывы, якія павялічваюць ахоўныя ўласцівасці скуры пад сонцам.

Іншы прадукт, які абараняе нашу скуру ад ультрафіялетавага выпраменьвання, — гэта кава. Як ні дзіўна, было даследаванне, апублікаванае ў 2015 годзе ў амерыканскім часопісе пра рак. Людзі, якія ў дзень выпіваюць больш за чатыры кубкі кавы, на 20 % менш хварэюць на рак скуры. Але трэба памятаць, што празмернае ўжыванне кавы падымае ціск, павялічвае нагрузку на сэрца. Таму для абароны скуры ад ультрафіялетавага апраменьвання злоўжыванне кавай не лепшы сродак. Але, прынамсі, такія даныя ёсць.

Вялікае значэнне мае колькасць амега-3 у арганізме. Гэта моцны антыаксідант, які дапамагае змагацца з ракавымі клеткамі і, апроч гэтага, павялічвае супраціўленне арганізма ўльтрафіялетаваму выпраменьванню. Амега-3 утрымліваецца ў морапрадуктах, курыных яйках, розных відах арэхаў і міндалі, ліставой зеляніне.

Вялікае значэнне мае такое рэчыва, як лікапін. Ён утрымліваецца ў памідорах, соусах, таматнай пасце, кавунах. Чым больш чырвоны кавун, тым больш у ім утрымліваецца лікапіну. І лепш за ўсё ён засвойваецца не са свежых таматаў, а калі яны прайшлі невялікую тэрмічную апрацоўку. Але ўсё гэта варта ўжываць задоўга да таго часу, як трапіць пад моцнае ўльтрафіялетавае выпраменьванне.

Калі вы збіраецеся паехаць на мора, а да гэтага ўвесь час праводзіце на працы ў памяшканні, пастарайцеся невялікімі дозамі атрымаць ультрафіялетавае выпраменьванне, каб скура была падрыхтаваная да паездкі. Салярый лічыцца шкоднай працэдурай, бо можа выклікаць рак скуры, але невялікімі дозамі, па 1-2 хвіліны ў дзень, для таго каб запусціць працэс выпрацоўкі меланіну ў нашай скуры, ён дазваляецца. У сонечныя дні пасля работы можна крыху прагуляцца, каб скура пачала выпрацоўваць меланін.

— З чаго ўтвараецца меланома? З дабраякаснага ўтварэння на скуры? Ці першапачаткова на целе з'яўляецца штосьці злаякаснае?

— Меланома — мутацыя ў меланацытах, клетках, якія выпрацоўваюць меланін. Тыповыя клеткі ператвараюцца ў атыповыя, і на скуры з'яўляецца злаякаснае новаўтварэнне.

Радзей радзімкі ператвараюцца ў меланому ці меланасаркому. Ёсць такое паняцце, як малігнізацыя — працэс, які вядзе да пераходу дабраякасных новаўтварэнняў у злаякасныя. Яны пачынаюць пакрывацца язвамі, мокнуць, мяняюць колер. Адразу відаць, што радзімка чымсьці адрозніваецца. І калі гэта так, лепш паказаць яе спецыялісту.

Ёсць месцы, дзе найчасцей утвараецца рак: ніжнія канечнасці, іх варта больш абараняць, і спінка носа.

— Што яшчэ акрамя скуры можа пакутаваць ад сонца?

— Варта звяртаць увагу на абарону вачэй. Ультрафіялетавае выпраменьванне, асабліва альфа і бэта, — вялікая нагрузка для іх, якая можа выклікаць раннюю катаракту хрусталіка і іншыя хваробы. Самая класічная абарона — сонцаахоўныя акуляры. Яны абавязкова павінны не прапускаць ультрафіялет. Калі вы сумняваецеся ў іх якасці, ёсць месцы (звычайна крамы акуляраў), дзе можна праверыць абарону ад ультрафіялетавага выпраменьвання. Асабліва гэта важна для дзіцячых акуляраў.

Калі святло яркае, аўтаматычна зрэнкі звужаюцца, каб менш прапускаць святла і ўльтрафіялетавага выпраменьвання, гэта своеасаблівая абарона. Калі мы адзяваем сонечныя акуляры, вока лічыць сябе абароненым: стала цямней, узровень ультрафіялету ўпаў, і зрэнкі пачынаюць пашырацца. Таму, калі сонечныя акуляры не абараняюць ад альфа- і бэта-выпраменьвання, яно вялікімі дозамі трапляе ў наша вока і шкодзіць яму.

Алена КРАВЕЦ

Крыніца: Звязда