Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт залічыў першых студэнтаў, якія будуць вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі па 25 спецыяльнасцях. Нагадаем, усе абітурыенты-мэтавікі ва ўніверсітэце здавалі адзін унутраны ўступны экзамен у вуснай або практычнай форме па першым профільным прадмеце. У БНТУ праводзіліся іспыты па матэматыцы, замежнай мове і дысцыпліне “Творчасць”. Апошні складаўся з малюнка і кампазіцыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Вусны экзамен прайшоў у традыцыйнай форме: абітурыент выцягваў білет, пасля на працягу 90 мінут рыхтаваўся да адказу і запісваў яго на экзаменацыйным бланку, якім можна было карыстацца пры адказе. Затым абітурыент на працягу 15 мінут адказваў на пытанні білета і пры неабходнасці на дадатковыя ўдакладняльныя пытанні экзаменатараў. На іспыце вёўся аўдыя- і відэазапіс.
У склад экзаменацыйных камісій уваходзілі як універсітэцкія выкладчыкі, так і запрошаныя педагогі школ, гімназій і ліцэяў краіны.
— Унутраныя экзамены прайшлі ў добразычлівай, спакойнай абстаноўцы. Абітурыенты, вядома, хваляваліся, але імкнуліся выказвацца цалкам. Думаю, 90 мінут для падрыхтоўкі дастаткова, а вось на адказ можна даваць крыху больш часу. Увогуле, вусны экзамен — гэта добрая магчымасць разгледзець не толькі тэарэтычную падрыхтоўку абітурыента, але і тое, як ён выкарыстоўвае свае веды на практыцы. У час адказу па замежнай мове адразу відаць, як абітурыент рэагуе на пытанні і ці ўмее хутка арыентавацца ў матэрыяле, — падзялілася меркаваннем настаўніца нямецкай мовы маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Алена Іванаўна Посах.
Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі гімназіі № 1 Любані Наталля Георгіеўна Барадай таксама лічыць, што правядзенне вуснага экзамену па матэматыцы было арганізавана на высокім узроўні і ў адпаведнасці з правіламі прыёму:
— Кожны абітурыент змог прадэманстраваць свае веды па прадмеце, а кожны экзаменатар — убачыць іх здольнасці і магчымасці для далейшага атрымання адукацыі ў рамках выбранай спецыяльнасці. Хацелася б адзначыць, што на іспыт прыйшлі матываваныя і зацікаўленыя ў вышэйшай адукацыі абітурыенты. Аднак вусны экзамен па матэматыцы для многіх аказаўся нялёгкім: трэба было перамагчы хваляванне і дакладна выкласці матэрыял білета, прывесці прыклады, абгрунтаваць меркаванні, даказаць тэарэмы. Для гэтага неабходна валодаць не толькі моцнымі ведамі, але і камунікатыўнымі ўменнямі. Як настаўнік школы думаю, што такая форма ўступных іспытаў сябе апраўдвае, бо абітурыенты-мэтавікі арыентаваны як на атрыманне канкрэтнай спецыяльнасці, так і на сваё першае гарантаванае рабочае месца.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Марыны КУНЯЎСКАЙ выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Крыніца: Настаўніцкая газета




