Адзіны элемент школьнай формы, які ўкаранілі раней, дапоўніцца другім. Змены ў школьным аддзенні ў наступным навучальным годзе (2023/2024) эксперты абмеркавалі ў эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе «Мінск-Навіны».
У мінулым годзе ў Беларусі ўкаранілі адзіны элемент школьнай формы, якім па выбары ўстаноў адукацыі маглі быць камізэлька або гальштук, пэўная колеравая гама адзення, эмблема школы або гімназіі. Вырашана пайсці далей у гэтым кірунку і дапоўніць абраны раней агульны атрыбут вучнёўскай формы другім элементам. Пры гэтым у імкненні да адзінства вобраза вучняў у рамках асобна ўзятай установы адукацыі ніхто не робіць замах на індывідуальнасць дзяцей.
Як распавяла начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ганна Рысявец, школы ўжо вызначыліся з другім элементам адзення навучэнцаў, але важна зрабіць удакладненні, каб бацькі, маючы поўны аб’ём інфармацыі, маглі спакойна ў летні перыяд купіць неабходнае.
— Па завяршэнні навучальнага года пройдуць бацькоўскія сходы ва ўсіх установах адукацыі. Адначасова з летняй аздараўленчай кампаніяй будуць закрануты і пытанні, звязаныя з дзелавым стылем адзення, — сказала Ганна Рысявец.
Яна нагадала, што гэта пытанне нават не ўчорашняга дня. У свой час сістэма адукацыі і «Беллегпрам» запускалі праект «Школа будучыні». У кожнай вобласці Беларусі і ў Мінску вызначылі ўстановы адукацыі, дзе адпрацоўваліся адзіныя падыходы па ўкараненні такога стылю адзення. Зацверджаны дзяржаўны школьны стандарт, дзе знайшлі адлюстраванне і патрабаванні да знешняга выгляду навучэнца. Установы адукацыі праводзілі работу з дзецьмі і бацькамі па выбары нейкага адзінага элемента.
— У сталічных навучэнцаў і бацькоў перавагі практычна не змяніліся. У каляровай гаме пераважае сіні. Ёсць чорны, бардовы, шэры і фіялетавы. Па камплектах для дзяўчынак гэта сарафаны, штаны, спадніцы, для хлопчыкаў — штаны, джэмпер або камізэлька, — паведаміла Ганна Рысявец.
Адзначана, што бацькі выказваюцца на карысць камплектнасці. Адсюль атрымала развіццё ідэя дзелавога капсульнаго гардэроба, у якім адносна невялікая колькасць прадметаў адзення і аксэсуараў, што дазваляе фарміраваць мноства камплектаў, цэласных вобразаў. Што тычыцца месцаў куплі школьнага адзення, то многія выступаюць за набыццё праз гандлёвыя сеткі.
Па словах старшыні канцэрна «Беллегпрам» Таццяны Лугінай, вытворцы, разумеючы важнасць гэтага, прадугледзелі магчымасць адрэагаваць у выпадку, калі хтосьці ў ліпені-жніўні звернецца да лёгкай прамысловасці краіны з якімі-небудзь ініцыятывамі або прапановамі па гэтай тэме.
Кошт пытання не ў апошнюю чаргу цікавіць бацькоў. Дырэктар універмага «Беларусь» Мікалай Завалей распавёў, што з вытворцамі прапрацаваны зніжкі для пакупнікоў. Плюс традыцыйна плануюцца адзіныя дні зніжак.
— Максімальныя зніжкі мы гатовы даць у гэтым сезоне за камплектнасць, калі чалавек купляе некалькі элементаў: адзенне, абутак, заплечнік, Канцылярскія тавары, — сказаў Мікалай Завалей.
Ён удакладніў, што мінулая калекцыя ёсць у наяўнасці і па-ранейшаму актуальная. Новая таксама будзе прадстаўлена.
Таццяна Лугіна адзначыла, што тычыцца цаны і разнастайнасці, то рэкамендавана ў асартыменце выкарыстоўваць здымныя элементы адзення. За кошт іх можна выглядаць па-іншаму. Акрамя таго, з улікам леташняга вопыту, павялічаны агульныя аб’ёмы выпуску практычна па ўсіх асартыментным пазіцыях, прычым па некаторых — у разы. Гэта тычыцца беларускіх вытворцаў. У гэтым годзе плануецца прадаставіць на рынак каля 2 млн штук усіх відаў вырабаў. Практычна 35-40% новага асартыменту ўжо зроблена, знаходзяцца на складзе і адгружаюцца ў гандаль.
Крыніца: Звязда

