Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Зусім хутка над горадам на Дзвіне загучыць перазвон ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Роўна за 32 дні да яго дырэкцыя форуму і Цэнтр культуры «Віцебск» упершыню сабралі ў паўночнай сталіцы каля 20 сродкаў масавай інфармацыі з усёй краіны, каб пазнаёміць журналістаў з сакрэтамі і навінкамі будучага свята мастацтваў. А іх, сюрпрызаў ад арганізатараў, будзе сапраўды багата. Мы паглядзелі самі, а цяпер раскажам і вам у серыі нататак «ПаБАЗАРым».


Фота аўтара.

Фота аўтара.

На розны густ і кашалёк

Тым, хто яшчэ не паспеў набыць білеты на канцэрты на асноўных фестывальных пляцоўках, раім паспяшацца — ужо поўнасцю закрыты продаж на канцэрты ўрачыстага адкрыцця і закрыцця, «Залаты хіт». Яшчэ крыху валошкавых квіткоў засталося на канцэрты «Саюзная дзяржава запрашае...», «Шансон», сольныя канцэрты ў канцэртнай зале «Віцебск».

Але нават калі і не ўдасца трапіць на галоўныя пляцоўкі, то варта проста прыехаць у Віцебск, які цэлы тыдзень будзе кіпець фестывальным жыццём на кожнай вуліцы. Фестываль — гэта не толькі пра канцэрты, але і пра сяброўства без меж, атмасферу свята для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці і ўзросту.

Фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» — гэта сем творчых пляцовак па ўсім горадзе, якія будуць радаваць яго жыхароў і гасцей бясплатна. На Пушкінскай плошчы ў межах Дзён Саюзнай дзяржавы адбудзецца шырокі народны open-aіr з удзелам найлепшых творчых калектываў Беларусі і Расіі. Арганізатары запланавалі мноства інтэрактыўных пляцовак: радаваць гульнямі, песнямі і адмысловымі беларускімі стравамі будуць падворкі раёнаў Віцебшчыны. А як жа не ўспомніць пра Горад майстроў, дзе штогод прадстаўляюць свае вырабы ў розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рамеснікі!

«Мы чакаем сёлета больш за пяць тысяч артыстаў з амаль трох дзясяткаў краін. Не толькі беларусы, але і вялікая колькасць турыстаў цікавіцца нашымі праектамі. Нашы класічныя лакацыі паўстануць у новым выглядзе — гэта і канцэртная зала «Віцебск», і Летні амфітэатр, да 35-годдзя якога зрабілі падарунак і абнавілі арку. Гэта таксама наша пляцоўка open-aіr, якая вельмі добра зарэкамендавала сябе летась, і нашы вулічныя пляцоўкі фэсту «На сямі вятрах». Застаюцца і звыклыя ўсім тэатральныя, музейныя пляцоўкі, колькасць якіх кожны год павялічваецца», — расказаў генеральны дырэктар ЦК «Віцебск», дырэктар фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі.

Фестываль філарманічны

«Славянскі базар» не толькі пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу, але і моцная адукацыйная прастора. Упершыню ў межах форуму на базе Віцебскай абласной філармоніі будзе працаваць вакальная лабараторыя. Яе работу будуць курыраваць выкладчыкі кафедры вакальнага мастацтва Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. Для найлепшых студэнтаў музычных устаноў адукацыі з усёй краіны правядуць майстар-класы па оперным кірунку прафесары ДІТМа, сярод якіх — Тамара Сіняўская, Наталля Прывалава, Эдзіта Цібілава. Майстар-клас па аналізе музычнага твора і акцёрскім майстэрстве правядзе прафесар Аляксандр Бармак. 16 ліпеня на сцэне філармоніі адбудзецца выніковы канцэрт класічнага мастацтва з удзелам студэнтаў і артыстаў Вялікага опернага тэатра Беларусі ў рамках Дзён Саюзнай дзяржавы.

Таксама ў межах «Славянскага базару» 13 ліпеня ў філармоніі прадставіць сваю праграму вядомы расійскі калектыў — аркестр Якаўлева Grand Melody Orhestra са спецыяльным госцем Варварай. 14 ліпеня ў суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь аркестра народных інструментаў імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова на віцебскай сцэне выступіць Алена Пятроўская. 15 ліпеня горад на Дзвіне загучыць іспанскімі матывамі — тут выступіць гітарнае трыа з парай танцораў Barcelona Guіtar Trіo and Dance.

«Тэатральныя сустрэчы» і «Лялечны квартал»

Для прыхільнікаў тэатральнага мастацтва падчас фестывалю таксама знойдзецца нямала цікавых мерапрыемстваў. Налета творчае асяроддзе будзе адзначаць
180-годдзе са дня нараджэння жывапісца, адной з ключавых фігур рускага рэалізму Ільі Рэпіна. У гісторыі Віцебшчыны сусветна вядомы мастак пакінуў значны след: пад Віцебскам ён меў сядзібу «Здраўнёва», дзе напісаў звыш 40 работ. Сёння музей-сядзіба з такой назвай з'яўляецца філіялам Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, які штогод прымае тысячы зацікаўленых экскурсантаў.

Да форуму артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і абласны краязнаўчы музей падрыхтавалі спектакль, прысвечаны памяці і творчаму шляху Ільі Рэпіна. Начны паказ яго пройдзе 15 і 16 ліпеня ў музеі-сядзібе «Здраўнёва». Пасля «славянкі» «коласаўцы» плануюць уключыць спектакль у свой рэпертуар і паказваць гледачам на камернай сцэне тэатра.

Акрамя таго, у праграме фестывальных «Тэатральных сустрэч» запланавана шмат паказаў замежных труп, ухіл сёлета — музычны: 12 ліпеня на пастаноўку «Мы — цыгане» запрашае Маскоўскі музычна-драматычны цыганскі тэатр «Рамэн», 13 ліпеня Маладзёжны тэатр эстрады з Мінска пакажа мюзікл-біяграфію «Гур'янаў». Музычную трагікамедыю па матывах п'есы Чэхава «Вішнёвы SAD» 14 ліпеня прадставіць сталічны незалежны тэатральны праект «ТрыТфармаТ»; знакамітую рок-оперу «Граф Монтэ-Крыста» прывязе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага 15 ліпеня. Запланаваны ў шырокай праграме сустрэч і драма Максіма Горкага «На дне» Маскоўскага тэатра на Паўднёвым Захадзе, музычны вадэвіль «Клапатун, або Справа майстра баіцца» ДІТМа.

Другі раз у межах фестывалю пройдзе праект «Тэатральная лабараторыя»: сёлета вучыцца акцёрскаму майстэрству ў прафесараў ДІТМа будуць не толькі беларускія студэнты, але і маладыя выкладчыкі. Творам для разбору сёлета абрана п'еса Уільяма Шэкспіра «Гамлет», яе паказ адбудзецца на сцэне коласаўскага тэатра па выніках адукацыйнага праекта.

Для самых маленькіх гасцей і жыхароў горада фестываль падрыхтаваў цікавыя спектаклі ў межах «Лялечнага квартала», які традыцыйна праходзіць пры поўных аншлагах. Упершыню ў культурную сталіцу прыедзе Мурманскі тэатр лялек з «Чырвонай шапачкай» і Новасібірскі тэатр лялек са спектаклем «Карлік Нос». Распачне марафон паказаў Беларускі тэатр «Лялька» з пастаноўкай «Насарог і жырафа», усяго гледачам прапануюць восем разнапланавых спектакляў ад калектываў з Санкт-Пецярбурга, Пярмі, Мурманска, Мыцішчаў, Новасібірска.

Гарачая Комі і «Прывітанне з Бразіліі»

Для аматараў усяго гістарычнага і аўтэнтычнага Віцебскі абласны краязнаўчы музей падрыхтаваў насычаную фестывальную праграму, у межах якой запланавана звыш дзесяці тэматычных выстаў.

У музеі-сядзібе Ільі Рэпіна пад Віцебскам Расійская акадэмія мастацтваў прадставіць праект «Дзве сядзібы — два лёсы», прысвечаны маёнткам мастака ў Здраўнёве і Пенатах. Там жа Дзяржаўны музей Л. М. Талстога прэзентуе экспазіцыю, прысвечаную сяброўству Льва Талстога і Ільі Рэпіна. «Яны добра ведалі адзін аднаго, іх сустрэчы засталіся ў замалёўках і нататках. Музей-сядзіба падчас правядзення фестывалю пашырыць час работы, таму ўсе ахвотныя змогуць наведаць выставы», — расказала дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.

У мастацкім музеі бразільскую культуру праз творчасць беларускіх мастакоў прадставіць пасольства гэтай краіны ў межах праекта «Прывітанне з Бразіліі». Цяпер ён выстаўляецца ў Мінску, а ў ліпені адбудзецца прэзентацыя для жыхароў і гасцей фестывалю. Таксама ў музеі прадставіць свае работы з бяросты калектыў з Пракоп'еўска Кемераўскай вобласці, можна будзе набыць вырабы майстроў.

Пасольства Ісламскай Рэспублікі Пакістан трэці раз прывязе ў віцебскую ратушу работы сваіх мастакоў, фотаздымкі, прадметы быту і скульптуру. Да іх далучыцца дэлегацыя Рэспублікі Комі, якая прадставіць у культурнай сталіцы рэдкія музычныя інструменты і свой народны ансамбль «Гуляначка».

У межах форуму адкрыецца юбілейная выстава знакамітых віцебскіх мастакоў — Юрыя і Таццяны Рудэнкаў. Партнёры абласнога музея са Смаленска прывязуць экспазіцыю «Гарады з тысячагадовай гісторыяй», прысвечаную смаленскай крэпасці і віцебскай ратушы. Упраўленне камітэта дзяржаўнай бяспекі Маскоўскай вобласці прэзентуе праект «Беларускі разведчык», гасцям фестывалю прадэманструюць прыватныя калекцыі, а вядомы клоўн Мікалай Чалнакоў запросіць на сваё вясёлае шоу.

Смяяцца дазваляецца!

У снежні мінулага года беларуская каманда Клуба вясёлых і знаходлівых з Магілёва «Доктар Хаусс» упершыню за апошнія 22 гады прывезла ў Беларусь чэмпіёнства. Разам з гэтым на галоўную сцэну фестывалю мастацтваў вярнуўся і ўпадабаны гледачамі КВЗ-канцэрт, які апошні раз праходзіў у Віцебску ў 2019 годзе.

У ліпені ў гумарыстычным фестывальным праекце возьмуць удзел шэсць камандаў з Беларусі і Расіі: «Доктар Хаусс» (Магілёў), «Юра» (Масква), «Барцы. Паўночны дэсант» (Сургут), «Трыёд і Дыёд» (Смаленск), «Руская дарога» (Армавір), «Пушка» (Гродна). Сярод іх — чэмпіёны і ўдзельнікі Вышэйшай лігі КВЗ, якіх добра ведаюць гледачы. Канцэрт пройдзе ў фармаце гульні з візітоўкай і дамашнім заданнем. Ацэньваць каманды будзе кампетэнтнае журы. Кубак «Славянскага базару» пераможцы забяруць у свой горад, застанецца ён у Беларусі або адправіцца ў Расію — даведаемся 16 ліпеня.

«Спадзяёмся, што гэты Кубак на галоўным культурным форуме краіны стане традыцыйным. Аб гэтым сведчаць і водгукі камандаў, якія выступалі на фестывалі ў 2019 годзе, — такога шчырага прыёму і аддачы, як у беларусаў і віцябчан, яны не сустракалі больш нідзе. Сёлета ў жыхароў і гасцей горада будзе ўнікальная магчымасць паглядзець у рэальнасці, як праходзіць сапраўдная гульня. Усе каманды, якія выйдуць на сцэну ў ліпені, так ці інакш звязаныя з Беларуссю: яны прайшлі школу Міжнароднай лігі ў нашай краіне. Ужо цяпер мы можам адкрыта сказаць, што «Славянскі базар» — гэта цэнтр прыцягнення не толькі культуры, але і Міжнароднага саюза КВЗ», — адзначыў старшыня праўлення Маладзёжнага грамадскага аб'яднання «Гомельскі КВЗ» Аляксей Чыстоў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Крыніца: Звязда

 

«Народная асвета» рекомендует:

Классический танец

В. В. Лысенкова

В книге излагаются основные принципы изучения базовых движений классического танца. Издание включает лекционные занятия и практический раздел изучаемых движений, а также словарь терминов и список литературы по предмету.
Учебное пособие адресовано студентам и преподавателям высших и средних специальных учебных заведений в области хореографического искусства.

50.52 руб.