Традыцыйнае і любімае ўсімі рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») пройдзе 8 ліпеня ў Шклоўскім раёне. Яркая і насычаная праграма будзе здзіўляць гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства цікавымі лакацыямі, тэматычнымі пляцоўкамі, канцэртамі і рознымі актыўнасцямі, расказалі БелТА ў Магілёўскім аблвыканкаме.
Свята стартуе ў 11.00 з работы тэматычных пляцовак, у тым ліку маладзёжных. У першую чаргу гасцям прэзентуюць айчынныя брэнды і прадукцыю, якія размесцяцца на такіх лакацыях, як «Зроблена ў Беларусі», #МерчПершага, «Александрыйская гасціна», «Гандлёвая суполка». Асобная ўвага — пляцоўкам, прысвечаным захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Свае экспазіцыі пад агульнай назвай «Абярэг міру і саюзнага адзінства» тут прадставяць рэгіёны Беларусі і Расіі, а таксама іншых краін. Яны раскажуць пра творчасць майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і асаблівасці самабытнай народнай культуры.
У час свята ў Александрыі пройдзе рэспубліканскі этап сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», конкурс па зборцы картак-пазлаў «Ведаю Беларусь», будуць арганізаваны спартыўная пляцоўка і выстаўка «100 ідэй для Магілёўшчыны». Паклоннікаў кіно запросяць у палявы кінатэатр, а аматарам цыркавога мастацтва прапануюць праграму «Свята цырка» з яркімі шоу і паказамі. У час гулянняў таксама разгарнуцца фотазоны, выстаўкі тэхнікі, кірмашы-продажы сувенірнай прадукцыі і кандытарскіх вырабаў, рамесныя рады, будзе арганізавана работа летніх кафэ. У небе над Александрыяй адбудуцца дэманстрацыйныя палёты самалётаў ДТСААФ з высадкай парашутыстаў.
У Александрыйскай сярэдняй школе адкрыецца экспазіцыя «Малая радзіма», гасцям якой таксама прапануюць наведаць клас, у якім вучыўся кіраўнік дзяржавы, а ў краязнаўчым музеі размесціцца выставачны праект «Ніцей дружбы перавіванні». Таксама ў праграме свята — выступленні творчых калектываў і яркія музычныя падарункі. Адным з іх стане дзіцячая інтэрактыўная шоу-праграма, сярод удзельнікаў якой — юныя таленты Магілёўскай вобласці. Яшчэ адзін сюрпрыз — канцэрт «Віцебск фестывальны» ад творчых калектываў прадстаўнікоў суседняга рэгіёна.
Незабыўныя ўражанні падорыць гледачам канцэрт з удзелам расійскіх і беларускіх эстрадных выканаўцаў «Саюзныя зоркі ў гасцях у Александрыі». Папулярныя артысты выканаюць правераныя часам хіты, а таксама новыя песні, якія карыстаюцца не меншай папулярнасцю сярод прыхільнікаў.
«Рэспубліканскае свята „Александрыя збірае сяброў“ традыцыйна пройдзе на маляўнічым беразе Дняпра каля моста, што злучае Магілёўскую і Віцебскую вобласці, — адзначылі ў аблвыканкаме. — Штогод мерапрыемства становіцца яркай культурнай падзеяй, прыцягвае шмат гасцей і ўдзельнікаў, а таксама шырока асвятляецца ў СМІ. У розныя гады яно збірала ад 50 да 100 тыс. гледачоў — як беларусаў, так і замежных гасцей. Правядзенне свята стала добрай традыцыяй і будзе прадоўжана ў наступныя гады».
Крыніца: Звязда




