У дзіцячых аздараўленчых лагерах завяршаецца першая змена. Палова юных беларусаў, якія выказалі жаданне правесці час у дзённых ці загарадных лагерах, ужо заканчвае свой адпачынак. Такім чынам, каля 200 тысяч дзяцей атрымалі яркія ўражанні ад першага месяца лета падчас першай змены аздараўленчай кампаніі. Усяго ж у лагерах мяркуецца аздаравіць 377 тысяч школьнікаў.


На дапамогу — 64 млн рублёў

Як расказаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Аляксандр ЦАЙ, штогод бясплатныя пуцёўкі і пуцёўкі з дзяржаўнай датацыяй на аздараўленне ў нашай краіне атрымлівае каля 700 тысяч дзяцей. На гэтыя сродкі з бюджэту выдаткоўваецца дзяржаўная падтрымка, сёлета яна склала каля 200 мільёнаў рублёў.

На летнюю аздараўленчую кампанію бягучага года выдаткавана больш за 64 мільёны рублёў, у тым ліку 62 — на патанненне пуцёвак, 1,5 мільёна — на бясплатныя пуцёўкі для дзяцей-інвалідаў, сірот і тых, хто пражывае на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, 600 тысяч — на падрыхтоўку загарадных стацыянарных лагераў для прыёму дзяцей.

Сёлета ў Беларусі свае дзверы расчыніла каля 6 тысяч лагераў, у тым ліку 4,5 тысячы з іх з дзённым знаходжаннем, 1,5 тысячы — з кругласутачным. У бягучым годзе ў другім тыпе лагераў пройдзе аздараўленне больш як 155 тысяч юных беларусаў. У захаванне і ўмацаванне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы ўкладзены значныя сродкі: летась — 18 мільёнаў рублёў, сёлета — 20 мільёнаў.

Усяго ж штогод, паводле інфармацыі Аляксандра Цая, 50 % дзяцей у Беларусі праходзяць санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне.

15 тысяч юных гасцей з-за мяжы

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Віктар Доўнар, у краіне створана дастаткова развітая сістэма аздараўлення, і гэта дае магчымасць забяспечыць не толькі нашы ўнутраныя патрэбнасці.

— Мы праводзім работу па аздараўленні дзяцей з-за мяжы. Гэта не новая традыцыя, ёй больш за 20 гадоў. Толькі за апошнія дзесяць гадоў з-за мяжы ў нас аздаравілася каля 15 тысяч дзяцей. Геаграфія краін шырокая — Расія, Узбекістан, Ізраіль, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Сірыя, — расказаў Віктар Доўнар.

Сёлета з сярэдзіны мая дзве дэлегацыі з Сірыі аздараўляліся ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Разам з тым дзеці з-за мяжы праходзяць аздараўленне ў кожным рэгіёне Беларусі.

Дапамогу ў аздараўленні дзецям, у тым ліку і замежным, аказвае і Беларускі Чырвоны Крыж. Сем'і з Украіны, якія выхоўваюць дзяцей, сёлета атрымаюць па 600 рублёў, паведаміў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

— Сёлета для таго, каб зрабіць вялікі ахоп, мы вырашылі не непасрэдна аздараўляць дзяцей у санаторыях, а выдзеліць грашовыя сродкі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей з Украіны, — расказаў ён. — Аказваем дапамогу і дзецям, што маюць у гэтым патрэбу, з іншых краін. Акрамя Украіны, гэта і Сірыя, і Лівія, і Іран — у залежнасці ад года.

Сем тысяч дзяцей адпачне ў «Зубраняці»

Найбольшую колькасць дзяцей з-за мяжы традыцыйна прымае айчынны флагман аздараўлення — Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Яго дырэктар Надзея Ануфрыева адзначыла, што сёлета за кошт новага будаўніцтва колькасць месцаў у цэнтры ўдалося павялічыць на 50, што дасць магчымасць за пяць летніх змен адпачыць дадаткова 250 дзеткам. Усяго ж за за адну змену ў «Зубраняці» аздараўляецца 1,5 тысячы дзяцей, а за ўсё лета — сем тысяч. У цэнтры забяспечана аздараўленне беларускіх дзяцей і ёсць усе магчымасці для запрашэння замежных гасцей.

— Трэба дапамагаць адзін аднаму, развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. У выніку ўсе месцы занятыя, усе шчасліва адпачываюць. Прапанова на 2024 год — пакет з дзевяці краін, якія мы можам запрасіць, — расказала Надзея Ануфрыева. — Мы ні ў якім разе не робім нічога на шкоду беларускім дзецям. Мы нарошчваем не толькі агульную колькасць месцаў, але і агульную колькасць беларусаў, якія адпачылі. Сёлета ўсе пяць змен былі ў першую чаргу ўкамплектаваны беларусамі. Прыём дзяцей з Сірыі быў перасунуты на больш ранні тэрмін. Мы працуем летам так, каб не было ніводнага дня без дзяцей у цэнтры.

У «Зубраня» прыязджаюць дзеці з розных рэгіёнаў Расіі. Ёсць спецыяльныя праекты Саюзнай дзяржавы па ўзаемадзеянні ў галіне аздараўлення. Таксама прыязджаюць дзеці з В'етнама, Індыі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана, Кыргызстана і іншых краін.

Усе дзеці з Данбаса пасля аздараўлення вярнуліся дадому

Дзеці з пацярпелых рэгіёнаў Данбаса праходзяць у Беларусі рэабілітацыю, у тым ліку пры ўдзеле дабрачыннага фонду Аляксея Талая. Яго дырэктар і стваральнік падкрэсліў, што першапачаткова задума была аздараўляць дзяцей-інвалідаў. І ў верасні 2021 года ў нашу краіну прыехала першая такая група з ДНР з дзевяці дзяцей і сямі дарослых, якія іх суправаджалі. Затым, у верасні-кастрычніку таго ж года, у «Зубраня» прывезлі групу з сотні здаровых дзяцей. Пасля былі яшчэ групы: у чэрвені і кастрычніку 2022-га. Прычым апошняя была самай вялікай — 888 дзяцей і каля 200 дарослых, якія іх суправаджалі.

— Яны прыбылі ў Беларусь і вярнуліся ў поўным складзе на радзіму на цягніку. З той пары, кіруючыся бяспекай дзяцей, мы вырашылі, што ўсе групы будуць прыязджаць і з'язджаць на цягніку, — адзначыў Аляксей Талай.

Ён падкрэсліў, што ў яго маецца спіс з усімі прозвішчамі з тысячы дзяцей, якія прыязджалі ў Беларусь праз яго фонд на аздараўленне. Усе да аднаго пасля адпачынку яны вярнуліся да сваіх сем'яў і блізкіх. Удзячныя бацькі на сайце фонду пакідаюць толькі станоўчыя водгукі і падзякі.

— Сёлета мы працягнулі, вядома ж, дапамогу дзецям-інвалідам, якія прыбылі да нас на аздараўленне ў маі 2023 года, у тым ліку ў Рэспубліканскую дзіцячую бальніцу медыцынскай рэабілітацыі. І ёсць вялікія поспехі. Адно дзіця з Данецка з цяжкай формай ДЦП, якое прайшло рэабілітацыю ў нас у краіне, нарэшце пайшло, — распавёў Аляксей Талай.

Паралімпіец адзначыў, што раней гэтаму дзіцяці ён падарыў сваю інвалідную каляску з электрапрыводам, аб якой той марыў. Гэта легендарная каляска, прывезеная з Паралімпійскіх гульняў у Токіа.

— Калі даведаўся, што тое дзіця пра яе марыць, а яно бачыла кадры ў інтэрнэце, як я ганяю са сваімі дзеткамі на гэтай калясцы з электрапрыводам, мы дасталі яе з запаснікаў і з вялікай радасцю ўручылі яго сям'і, — падзяліўся ён. — Сёння дзіця ўжо ўстала з крэсла і шукае варыянты, каму б гэтую каляску падарыць.

Заснавальнік фонду падзякаваў рэабілітолагам, урачам, усяму персаналу лагераў і рэабілітацыйным цэнтрам за вялікую праведзеную работу.

Алена КРАВЕЦ

Крыніца: Звязда

 

Усе ўмовы для рознабаковай дзейнасці выхаванцаў: якія формы работы з дзецьмі прымяняюць летам педагогі

Якія формы работы з дзецьмі, накіраваныя на аздараўленне, прымяняюцца ў летні перыяд? Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” спытала ў педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі з розных рэгіёнаў.

Аксана Запатылак, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці спецыяльнага дзіцячага сада № 17 Светлагорска, Гомельская вобласць:

— У нас ствараюцца ўсе ўмовы для рознабаковай дзейнасці выхаванцаў і падтрымання іх жыццёвага тонусу. Мерапрыемствы прахо­дзяць на вуліцы, адпаведна, час прагулкі павялічваецца. Праводзяцца агульнаўмацавальныя працэдуры: паветраныя ванны, хаджэнне басанож па дарожцы здароўя, кантраснае абліванне ног, аднабаковае праветрыванне ў прысутнасці дзяцей і скразное — у іх адсутнасць. Яшчэ ў нашай установе адукацыі абсталявана спартыўная пляцоўка: валейбольная сетка, футбольныя вароты, баскетбольныя кольцы, ёсць месца для гульні ў гарадкі і стол для тэніса. Цікава і тое, што на тэрыторыі ўстановы арганізавана “Эказона” для прагулак і ціхіх гульняў дзяцей, а ў спякотныя дні функцыянуе пырскальны басейн. Нашым кіраўніком фізічнага выхавання ўжо запланаваны сумесна з навучэнцамі школ дзень здароўя, спартыўна-­аздараўленчы геакэшынг, чэ­лендж “Здароўе ўмацоўваем усёй сям’ёй” і бацькоўская гадзіна “Гульні нашых татаў і мам”. 

Наталля Лемяшэўская, выхавальніца старшай спецыяльнай групы дзіцячага сада № 5 Івацэвіч, Брэсцкая вобласць:

— У нашым дзіцячым са­дзе ў летні перыяд створаны ўсе ўмовы для арганізацыі аздараўлення дзяцей. Прадугледжваецца максімальнае знаходжанне дзяцей на адкрытым паветры, павялічваецца працягласць прагулак. На спартыўнай пляцоўцы бу­дзем удасканальваць з выхаванцамі розныя віды руху, гу­ляць у рухавыя і спартыўныя гульні. Запланаваны акцыя “Расцём здаровымі”, квест “Шлях да здароўя” і праект “Са здароўем я іду, сяброўствам гэтым даражу”. Добрай традыцыяй стала правя­дзенне конкурсаў малюнкаў на асфальце на тэму “Вітаміны ўмацоўваюць здароўе”. Такі падыход забяспечвае аздараўленне і насычанае жыццё нашых выхаванцаў.

Марыя Шлапунова, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 118 Магілёва:

— Прыярытэтам для нас з’яўляецца арганізацыя дзейнасці дзяцей фізкультурна-аздараўленчай накіраванасці. Усе кампаненты такой работы што­дзень рэалізоўваюцца на свежым паветры. З мэтай стварэння эмацыянальнага камфорту дзяцей у летні аздараўленчы перыяд арганізоўваем забавы, якія ўключаюць эксперыментаванне з выяўленчымі і прыроднымі матэрыяламі і замацоўваюць уяўленні аб відах мастацтва і сродках мастацкай выразнасці. Таксама мы стараемся прыцягнуць большую ўвагу да пытанняў бяспекі ў летні аздараўленчы перыяд, таму запланавалі правядзенне флэш-мобаў для супрацоўнікаў і бацькоў: “За бяспеку — разам”, “Выконваць правілы бяспекі = любіць сваю Ра­дзіму”, “Вясёлая зарадка”. Усе намаганні нашага калектыву накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для аздараўлення выхаванцаў.

Таццяна Саўчанка, загадчык Кіраўскага дзіцячага сада, Віцебская вобласць:

— Летні перыяд — добры час для адпачынку, умацавання здароўя і развіцця дзяцей. Задача нашага калектыву — арганізаваць жыццё малышоў у дзіцячым садзе такім чынам, каб за лета кожны з іх атрымаў зарад бадзёрасці і правёў час з задавальненнем. Лета ўносіць вялікія змяненні ў арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі. Дзеці значна больш часу право­дзяць на свежым паветры — гэта павышае імунітэт, рыхтуе дзіцячы арганізм да сустрэчы з восеньскай прахалодай і пахмурнымі днямі. Акрамя сонечных ваннаў, загартоўкі вадой і паветрам, аздараўленню спрыяе летняе меню. У яго ўключаецца вялікая колькасць свежай агародніны і садавіны, лёгкіх вітамінных страў. Гэтым летам малышам у нашым дзіцячым садзе не будзе калі сумаваць. Педагогі імкнуцца зрабіць жыццё дзяцей змястоўным, пазнавальным і цікавым. Напрыклад, праект “Пясочныя казачкі, мокрыя загадачкі” для дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту дапаможа ўмацаваць фізічнае і псіхічнае здароўе, зняць эмацыянальнае напружанне і развіць маторыку рук, а праект “Летняя вясёлка здароўя” для дзяцей 4—6 гадоў павысіць цікавасць да здаровага ладу жыцця. Нашы дзеці вельмі любяць спартыўныя гульні і забавы, таму гэтым летам іх чакаюць квест-гульня “Фарбы лета”, свята “Няхай заўсёды будзе лета!” і забаўка “Летам весела гуляем і здароўе захаваем”. Усяму гэтаму спадарожнічае спартыўная тэматыка. Дарэчы, асаблівая ўвага будзе ўдзелена захаванню бяспекі дашкалят. На гэта накіраваны акцыі “Лета чырвонае — пара бяспечная”, “Бяспечнае лета і мы”. Такім чынам, лета ў дзіцячым садзе — гэта насычаная пара, напоўненая радасцю і весялосцю. Усе намаганні работнікаў нашай дашкольнай установы накіраваны на аздараўленне і загартоўванне дзяцей, развіццё ў іх пазнавальных, камунікатыўных і творчых здольнасцей.

Настасся ЧАРКАНАВА

Крыніца: Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует:

Книги для детей