Юбілейны, трыццаты, Дзень беларускага пісьменства ў верасні прымае Гарадок. Для жыхароў гэта выдатная магчымасць паказаць сябе, распавесці пра гісторыю і культуру роднага краю.

— Для нас гэта вялікая радасць, гонар і адказнасць, — дзеліцца пачуццямі старшыня Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Зуева. — Гарадоцкі раён — не толькі радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара знакамітай паэмы ХІХ стагоддзя «Тарас на Парнасе». Гэта зямля, багатая талентамі. У 2014 годзе, калі мы прымалі абласны фестываль «Дажынкі», горад моцна змяніў сваё аблічча. Мы стараемся падтрымліваць і прымнажаць гэту прыгажосць.
Сёння горад актыўна «прыбіраецца» да свята. Ідзе рамонт агароджы, жылога фонду, усіх устаноў адукацыі. Вядуцца работы на дамах культуры і рамёстваў, у бібліятэцы і музеі. Абнавіць фасады і добраўпарадкаваць тэрыторыю стараюцца ўсе прадпрыемствы і ўстановы горада.
Так, даводзяцца да ладу будынкі, пачынаючы ад вежы з гадзіннікам, якая належыць водаканалу, да гандлёвых аб'ектаў. Кладзецца асфальт, устанаўліваюцца бардзюры. Да свята будзе заменена вулічнае асвятленне, з'явіцца святочная ілюмінацыя. Вядзецца работа на мемарыяльным комплексе «Бессмяротнасць», дзе пахаваны воіны, якія загінулі падчас вызвалення Гарадка ў 1943 годзе. Рыхтуецца да прыёму гасцей гарадскі парк. Тут да свята будзе ўсталявана малая сцэна, а ў розных зонах створаны інтэрактыўныя пляцоўкі. У Гарадку на практыку чакаюць студэнтаў Акадэміі мастацтваў, якія будуць выразаць з каменю фігуры, звязаныя з гісторыяй краю, сюжэтам паэмы «Тарас на Парнасе».
— Работа вядзецца амаль штодня, — расказвае старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына ПАЛЯКОВА. — Задзейнічаны ўсе прадпрыемствы і ўстановы, дэпутацкі корпус, падключыліся грамадскія арганізацыі: «Белая Русь», Федэрацыя прафсаюзаў, Саюз жанчын, БРСМ. Кожны кіраўнік на сваім месцы — акрамя тых планаў, якія мы даводзім, — вызначае, што можна зрабіць для горада. Працуем з прыватным сектарам, каб людзі паклапаціліся пра свае дамы і добраўпарадкавалі тэрыторыі. Праходзяць гарадскія суботнікі. На базе аграрнага каледжа будуць працаваць студэнцкія атрады. Рыхтуецца ўвесь раён. Ствараюцца турыстычныя маршруты. Мы чакаем вялікую колькасць гасцей, патрэбны будуць экскурсаводы. А хто як не мясцовыя настаўнікі і краязнаўцы змогуць лепш распавесці пра нашу цудоўную зямлю і гісторыю?
Месца для крэатыву
Насычаныя клопатамі дні мяняюць гараджан. Гэта сапраўдны выбух крэатыўнасці! У гэтым я пераканалася, калі папрасіла старшыню Гарадоцкага раённага савета дэпутатаў пазнаёміць мяне з людзьмі, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы. Дзякуючы сустрэчам, якія арганізавала Святлана Леанідаўна, я ўбачыла Гарадоччыну такой, якой яе, магчыма, адкрыюць для сябе і госці свята.
— Кожны імкнецца нешта прапанаваць, і мы робім гэта ў першую чаргу для сябе, каб на вуліцах, па якіх мы ходзім кожны дзень, стала ўтульна, каб людзям, якія да нас завітаюць, было цікава, і каб адсюль яны ехалі з добрым настроем, — заўважае загадчыца Гарадоцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Алена КУЛАКОВА.
Для мясцовых устаноў адукацыі, можна сказаць, дні пісьменства пачаліся яшчэ са снежня. З гэтага часу ладзяцца шматлікія мерапрыемствы. Ужо не першы год у раёне праводзіцца краязнаўчы форум, дзе школьнікі здзіўляюць сваімі даследчыцкімі работамі. Да праекта па стварэнні макетаў храмаў раёна, які праходзіць ужо другі год, акрамя ўстаноў адукацыі далучыліся арганізацыі раёна. Наколькі адказна юныя архітэктары падышлі да стварэння мадэляў храмаў, у тым ліку разбураных і адноўленых, можна будзе даведацца падчас Дня беларускага пісьменства. Макеты прадставяць на асобнай пляцоўцы.
У Гарадоцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі ўжо можна ўбачыць некаторыя з мастацкіх работ, якія паступаюць на абласны конкурс «Гісторыя ў тварах» і будуць прэзентаваны на свяце. Дзеці ствараюць партрэты знакамітых землякоў, якія дапаўняюцца біяграфічнымі звесткамі, сабранымі юнымі даследчыкамі. Мясцовыя мастакі натхняюцца і творчасцю Канстанціна Вераніцына, прапануюць свае варыянты ілюстрацый да паэмы «Тарас на Парнасе».
У раёне рэалізоўваецца маштабны праект «Бачу Гарадоччыну такой». У межах літаратурнай яго часткі дзеці вывучаюць і чытаюць вершы, ствараюць лэпбукі. Абвешчаны конкурс на найлепшую інсцэніроўку легенд і паданняў Гарадоччыны, на якія багата мясцовая зямля. Напрыклад, версій, звязаных з тым, як з'явілася напалеонаўская сцежка, у раёне можна пачуць чатыры.
Ёсць задума падчас Дня беларускага пісьменства гасцей запрасіць на «гарадоцкі пятачок». Бабулі расказваюць, што раней побач з рэчкай быў куток з такой назвай, куды моладзь бегала на танцы. Сёлета такі «пятачок» узнік побач з Домам рамёстваў і фальклору. Сабралася на ім каля 70 аматараў традыцыйных танцаў — ад выхаванцаў дзіцячых садкоў да вучняў старэйшых класаў.
Горад майстроў
Свята беларускага пісьменства — выдатны стымул для абуджэння цікавасці да рамёстваў сярод дзяцей. Гарадоцкі цэнтр дзяцей і моладзі падключыўся да забеспячэння сувенірнага складніка свята. Педагогі распрацавалі арыгінальныя далікатныя сувеніры, выкананыя з розных матэрыялаў, з выкарыстаннем мясцовых традыцый (вышыўкі, лозапляцення, керамікі). Уражваюць адмыслова створаныя да свята керамічныя званочкі — фігуркі Тарасіка і Беларусачкі, талерачкі, пано. Улетку цэнтр дадатковай адукацыі ператворыцца ў «сувенірную фабрыку», на якой будуць працаваць валанцёрскія групы.
Але асноўная місія па прадстаўленні традыцыйнай культуры ўскладзена на Гарадоцкі дом рамёстваў і фальклору. Яго спецыялістамі адноўлена 26 відаў народных рамёстваў. Чатыры з іх — саломапляценне, ажурнае ткацтва, спіральнае пляценне ды інсітнае мастацтва — маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. На чарзе да ўключэння ў ахоўны спіс — мясцовыя берасцянікі. Гаршкі, абгорнутыя бяростай, якая замацоўвалася пры дапамозе пэўнага раствору, некалі шырока былі распаўсюджаны на Віцебшчыне. Выстаўка — прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай спадчыны — пройдзе ў межах Дня беларускага пісьменства.
Пяць майстроў дома рамёстваў маюць званне народных. У 2020 годзе яго загадчыца Марына Гушча за рэалізацыю праекта па развіцці тэхналогіі ажурнага ткацтва была адзначана грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Штогод у раёне ладзіцца свята народнай творчасці, паэзіі і фальклору «Гарадоцкі Парнас», супрацоўнікі Дома рамёстваў праводзяць майстар-класы.
Народны майстар па саломапляценні Вольга РЭУТ прызнаецца:
— Мы прыхільнікі папулярызацыі традыцыйнай культуры. Не бяром ідэі з кніжак, а выкарыстоўваем мясцовы матэрыял, усё тое, што знайшлі ў экспедыцыях, па якіх ездзім на працягу 30 гадоў. Часам нам перадавалі абгарэлыя кавалкі, каб мы маглі зняць узор вышыўкі альбо апісвалі яго на словах.
Край неразгаданых таямніц
Гарадоцкі раён уваходзіць у дзясятку самых буйных у Беларусі. Па плошчы ён займае 2,98 тысячы квадратных кіламетраў. Першыя паселішчы на яго тэрыторыі каля вёсак Мяжа і Дарахі датуюцца ІІІ-ІІ тысячагоддзямі да нашай эры. Адна з таямніц, якую да гэтага часу не ўдалося разгадаць, — што сталася з замкам, які размяшчаўся на тэрыторыі Гарадка. Як расказала дырэктар Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея Крысціна ЖОРАВА, няма ніякіх крыніц, якія б пралілі святло на тое, чаму знікла каменная пабудова.
Гарадок і раён маюць гістарычны герб, які існуе з ХVІ стагоддзя — у залатым полі шчыта паказана выява льва (дакладней, леапарда) — здавалася, падобныя драпежнікі на нашай тэрыторыі не вадзіліся. Відаць, герб узнік пад уплывам еўрапейскіх геральдычных традыцый — такім чынам горад заяўляў пра гатоўнасць да абароны сваіх земляў.
У музеі захоўваецца незвычайная калекцыя каменных артэфактаў, прызначэнне якіх яшчэ трэба высветліць. Па адной з версій, гэта загатоўкі для вырабу каменных сякер, па другой — сакральныя прадметы, сімвалы мужчынскай сілы. Дарэчы, на Гарадоччыне захаваўся народны абрад «Пахаванне дзеда», які ўключаны ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. Фігурка дзеда, якую тут вырабляюць на Масленіцу, таксама мае пэўныя эратычныя дэталі і выступае ў якасці сімвала ўрадлівасці.
Музей знаходзіцца ў адным з самых прыгожых будынкаў горада, дзе некалі размяшчаўся народны суд. Дзякуючы рамонту, які сёння тут вядзецца, з'явяцца новыя экспазіцыі. Вядзецца работа над экспазіцыяй «Гонар гарадоцкага краю» пра мясцовых знакамітасцяў. У мінулым годзе абноўлена экспазіцыя, прысвечаная ваеннаму перыяду. Зала прыроды дазволіць больш даведацца пра рэліктавыя расліны, валуны, авеяныя легендамі, чырванакніжнікаў, якія сустракаюцца на тэрыторыі раёна, сярод іх — вадзяны арэх, які дапамагаў некаторым мясцовым жыхарам выжываць у галодныя ваенныя і пасляваенныя гады.
Адна з навінак, якую прэзентуюць гасцям, што прыедуць на Дзень беларускага пісьменства, — пахадзіць Вераніцынскімі сцежкамі. У Гарадку ёсць помнік і памятныя знакі, прысвечаныя аўтару «Тараса на Парнасе» і галоўнаму герою яго паэмы. Падчас вандроўкі можна даведацца і пра іншых знакамітых ураджэнцаў гэтай зямлі, пачуць вершы, напісаныя мясцовымі паэтамі, пабываць на радзіме аўтара ў вёсцы Астраўляны. Брукаваная каменная дарога, яўрэйскія могілкі ХVІІІ стагоддзя, алея ліхтароў, мемарыяльны комплекс «Бессмяротнасць», Дом рамёстваў, урочышча Вераб'ёвы горы — вось толькі некаторыя аб'екты, якія можна наведаць падчас розных маршрутаў. Запатрабаваны экскурсіі да возера Лосвіда, дзе можна прайсціся Напалеонавай сцежкай, загадаць жаданні каля дуба-волата, палюбавацца старажытнымі алеямі, даведацца пра панскую сядзібу, пазнаёміцца з мясцовымі паданнямі...
Куток натхнення
Гарадоцкі раён сапраўды заслужыў права на правядзенне юбілейнага Дня пісьменства. Гэта зямля пісьменнікаў і мастакоў. Штогод у межах фестывалю «Гарадоцкі Парнас» тут праходзіць свята «Вераніцынская зорка», на якое ў госці да мясцовых паэтаў прыязджаюць пісьменнікі з розных куткоў Беларусі і госці з Расіі. У раёне распрацаваны мабільны праект «Паэтычны маршрут». Начытаныя мясцовымі аўтарамі вершы гучаць з бібліёбуса, які аб'язджае розныя населеныя пункты, каб даставіць чытачам літаратуру.
Бібліятэкары рыхтуюць праграму і да Дня беларускага пісьменства. На іх пляцоўцы можна будзе пазнаёміцца з работамі ўдзельнікаў краязнаўчай канферэнцыі «Землякі, якімі ганарыцца Гарадоцкі край», пачуць вершы мясцовых паэтаў.
Ганна ПЯТРОВА, Звязда


