Амаль восем гадоў назад, у верасні 2015 года, у гімназіі Дзяржынска быў створаны міжшкольны педагагічны клас — калектыў навучэнцаў, якія хацелі звязаць сваё жыццё з сістэмай адукацыі.

Вучоба ў педагагічным класе не вызваляе школьніка ад неабходнасці асваення ім на высокім узроўні звычайнай вучэбнай праграмы. Вучні педагагічнага класа павінны дакладна ўсвядоміць, што вучыць дзяцей — гэта іх прызванне.
Акрамя таго, дзеці павінны зразумець, што настаўніцкая праца — гэта, перш за ўсё, адказнасць за лёс свайго вучня. Веды, якія настаўнік дае дзіцяці, — гэта толькі інструмент для фарміравання самадастатковай і жыццяздольнай асобы.
Абгрунтаванасць жадання вучня стаць настаўнікам у педагагічным класе правяраецца не толькі практыкай іх зносін з навучэнцамі і настаўнікамі, але і за кошт атрымання імі спецыяльных педагагічных і псіхалагічных ведаў. Гэтыя веды дапамагаюць усвядоміць, што педагагічнае ўздзеянне на школьніка абапіраецца перш за ўсё на дасканалае веданне асобасных асаблівасцей кожнага дзіцяці, яго эмацыянальнага стану.
Міжшкольны педагагічны клас аб’ядноўвае навучэнцаў устаноў адукацыі Дзяржынскага раёна, а кіраўніцтва гімназіі арганізоўвае заняткі для будучых педагогаў у шосты школьны дзень.
Педагагічны клас раскрывае вялікія магчымасці для будучых настаўнікаў, дазваляе ім атрымаць дапрафесійную падрыхтоўку па напрамку “Педагагічная адукацыя” (вывучэнне факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”), дае магчымасць вывучаць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні і дазваляе паступаць без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі па рэкамендацыі педагагічнага савета гімназіі.
Факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, якія з’яўляюцца абавязковымі для педагагічнага класа, пабудаваны на балансе тэарэтычных ведаў і практычных заняткаў. Гэта значыць, што школьнікі не толькі знаёмяцца з тэарэтычнымі асновамі прафесіі, але і могуць паспрабаваць сябе ў ролі педагога.
Якія патрабаванні прад’яўляюцца да настаўніка? Што настаўнік павінен умець? Ці магу я стаць педагогам і ўжо сёння паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка? Адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў даюць самі навучэнцы педагагічнага класа на факультатыўных занятках, семінарах, прэзентацыях, круглых сталах, майстар-класах, сустрэчах з вопытнымі педагогамі і маладымі спецыялістамі, з выкладчыкамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Падчас вывучэння курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” навучэнцы выконваюць пэўныя практычныя заданні: рашаюць тэсты, пішуць эсэ на зададзеныя тэмы, складаюць калажы і прэзентацыі, удзельнічаюць у квестах і інш. Па тым, як разважае педагог і як наладжвае зносіны з дзецьмі, нашы выхаванцы складаюць цэласнае ўяўленне аб патрабаваннях да гэтай прафесіі. Калі настаўнік абыякавы да ўнутранага свету дзіцяці, яго перажыванняў, то ён не зможа працаваць у школе, нават калі выдатна ведае свой прадмет.
Навучэнцы педагагічнага класа актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, якія праводзіць БДПУ, у навукова-практычных канферэнцыях і алімпіядах, назапашваюць створаныя сумесна з педагогамі арганізацыйна-метадычныя матэрыялы.
Ужо два гады вучні міжшкольнага педагагічнага класа прымаюць удзел у прафарыентацыйным праекце “Рэаліці-канструктар “Педагагічныя прыгоды”, які праводзіцца на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ. Удзельнікі рэаліці-праекта атрымліваюць заданні, падчас выканання якіх знаёмяцца з дарослымі і юнымі экспертамі педагагічнай прафесіі, работай студэнтаў-цьютараў гэтага праекта, універсітэтам і факультэтам пачатковай адукацыі. А члены клуба студэнтаў — выпускнікоў педагагічных класаў “ПРОФіль+” з’яўляюцца жаданымі гасцямі на штогадовым адкрыцці чарговага педагагічнага класа.
Пасля завяршэння курса ў кожнага з навучэнцаў будзе сфарміравана партфоліа, якое складаецца з трох асноўных раздзелаў: “Мой партрэт”, “Асабістыя дасягненні” і “Партфоліа работ”. Партфоліа з’яўляецца асновай для праходжання субяседавання пры паступленні на педагагічныя спецыяльнасці. Пасля заканчэння 10 класа мы праводзім сваё субяседаванне, дзе пытаемся, чаму навучэнец выбраў педагагічную спецыяльнасць, прыклад каго з ліку настаўнікаў, членаў сям’і, якія працуюць у школе, або знаёмых педагогаў уразіў іх і г.д.
Бывае так, што праз год некаторыя навучэнцы пачынаюць сумнявацца ў сваім выбары. Атрымліваецца, што ўжо ў першы год работы педагагічны клас перасцерагае вучняў ад паспешнага прафесійнага выбару, а будучых вучняў — ад выпадковага настаўніка. Тым жа, хто застаўся верны свайму першапачатковаму выбару, клас дае ўсе магчымасці для падрыхтоўкі да паступлення ў навучальную ўстанову педагагічнага профілю.
Наведваючы факультатыўныя заняткі, дзе вучэбныя прадметы вывучаюцца на павышаным узроўні, маючы зносіны з высокакваліфікаванымі спецыялістамі, будучыя педагогі маюць магчымасць павысіць свой адукацыйны ўзровень. Прадметы для вывучэння на павышаным узроўні яны выбіраюць згодна са спісам прафілюючых прадметаў на выбранай педагагічнай спецыяльнасці. Шлях надзейны, але далёка не лёгкі, і мы гэтага ад нашых дзяцей не хаваем.
Штогод выпускнікі педагагічнага класа паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны. У гімне педагагічнага класа “Мы настаўнікі” адлюстравана думка пра тое, што нашы выпускнікі атрымаюць педагагічную прафесію, вернуцца ў школу і застануцца адданымі ёй усё сваё жыццё.
Ірына АСАДЧАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце гімназіі Дзяржынска
Крыніца: Настаўніцкая газета

