Пачаўся чарговы этап уступнай кампаніі — абітурыенты прыступілі да здачы цэнтралізаванага тэсціравання па прадметах. У Гомельскай вобласці сёлетніх выпускнікоў школ рыхтуюцца прыняць шэсць ВНУ і 26 устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Мяркуецца, што ВНУ рэгіёна прымуць каля пяці тысяч першакурснікаў і столькі ж стане навучэнцамі каледжаў. Адметнасць сёлетняй уступнай кампаніі — павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў на некаторыя спецыяльнасці, у тым ліку педагагічнага і медыцынскага профілю, а таксама пашырэнне мэтавага набору.
Фота Лізаветы Голад.
Паводле інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея ПішчоваІ, каля трох тысяч абітурыентаў ВНУ Гомельшчыны прымуць на бюджэтныя месцы і больш за 1300 — на платную форму навучання. Сёлета на 50 месцаў павялічыцца прыём на медыцынскія спецыяльнасці, таксама вырасце колькасць мэтавікаў. Каля пяці тысяч выпускнікоў чакаюць у 26 каледжах вобласці.
Адметна, што ВНУ рэгіёна размяшчаюцца не толькі ў абласным цэнтры. Атрымаць адукацыю па ўсім спектры педагагічных спецыяльнасцяў запрашае Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна. Тут рыхтуюць пераважна настаўнікаў: з 18 спецыяльнасцяў 16 — педагагічныя ці выкладчыцкія. У адпаведнасці з попытам на рынку працы сёлета тут адкрылі новыя спецыяльнасці — сацыяльны педагог і педагог-псіхолаг.
У бягучым годзе ў Мазырскі ўніверсітэт прымуць 622 абітурыенты на бюджэтныя месцы і яшчэ сто — на платныя.
— Колькасць бюджэтных месцаў павялічылася на 10 %, гэта звязана з тым, што на нашых выпускнікоў высокі попыт, апошнім часам заяўкі на размеркаванне перавышаюць колькасць выпускнікоў, — адзначае першы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна Ірына Кавалевіч.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны будзе прымаць абітурыентаў на 35 спецыяльнасцяў, у бягучым годзе для іх выдаткавана 620 бюджэтных месцаў і 321 — платнае, яшчэ 443 абітурыенты плануюць прыняць на завочную форму навучання. Як адзначыў адказны сакратар прыёмнай камісіі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Аляксандр Рудзянкоў, сёлета адкрыты набор на новую спецыяльнасць — эканамічнае права, налета на філалагічным факультэце з'явіцца аддзяленне журналістыкі.
Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, які рыхтуе кадры для гандлёвай галіны, адкрывае прыём па 12 спецыяльнасцях, сярод іх дзве новыя — інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі і электронная эканоміка. Адной з самых запатрабаваных сярод наймальнікаў, паводле слоў адказнага сакратара прыёмнай камісіі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Ларысы Цэлікавай, застаецца спецыяльнасць «Таваразнаўства», на яе ажыццяўляецца прыём на поўную і скарочаную формы навучання.
Адна з самых папулярных у абітурыентаў ВНУ — Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — чакае студэнтаў па трох кірунках: лячэбная справа, медыка-дыягнастычная справа, медыка-прафілактычная справа. На бюджэтныя месцы факультэта лячэбнай справы сёлета прымуць 400 абітурыентаў. Усяго ва ўніверсітэце вучыцца 3600 будучых дактароў.
Маладых людзей, якіх цікавяць фізіка, матэматыка і інжынерныя спецыяльнасці, чакае Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога. Гэта як класічныя машынабудаўнічы, механіка-тэхналагічны і энергетычны факультэты, запатрабаваны факультэт аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм, дзе рыхтуюць будучых праграмістаў, так і гуманітарна-эканамічны факультэт з новымі спецыяльнасцямі. Як падкрэслівае адказны сакратар прыёмнай камісіі Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога Вадзім Клейман, у выпускніках універсітэта зацікаўленыя ўсе прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна, у тым ліку «Гомсельмаш» і БМЗ, вялікі попыт у работадаўцаў на будучых праграмістаў.
Звыш тысячы абітурыентаў прыме сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, якому, дарэчы, у сёлетнім кастрычніку споўніцца 70 гадоў. Тут працуе дзевяць факультэтаў. Найбольш запатрабаваныя ў абітурыентаў такія спецыяльнасці, як тэхналогія транспартных працэсаў, транспартная лагістыка, мытная справа і архітэктура.
Больш за 330 навучэнцаў прыме сёлета Гомельскі аўтамеханічны каледж. Сярод запатрабаваных спецыяльнасцяў — аператар станкоў з праграмным кіраваннем, аўтамеханік, наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем, электразваршчык і іншыя.
— Наш каледж мае выдатную матэрыяльную базу. Мы навучаем працаваць на абсталяванні, якое толькі з'явілася ці з'явіцца на прадпрыемствах заўтра, — дадае дырэктар Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Генадзь Казлоў.
Па папулярных у моладзі сёння прафесіях у сферы грамадскага харчавання — кухар, кандытар, пекар, афіцыянт, тэхнік-тэхнолаг — рыхтуюць у Гомельскім дзяржаўным каледжы кулінарыі. Як расказаў яго дырэктар Уладзіслаў Шэпялевіч, з-за запатрабаванасці выпускнікоў наборы былі павялічаны, а летась навучальная ўстанова пачала прымаць і выпускнікоў 9-х класаў. Больш за тое, усе навучэнцы праходзяць практыку на аплачваемых месцах.
Запатрабаванымі на рынку працы спецыяльнасцямі прыцягвае маладых людзей Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў. Сярод самых папулярных — плітачнік, тынкоўшчык, маляр, сталяр, муляр, электрагазазваршчык. Ёсць і прафесіі для дзяўчат — швачка і цырульнік.
Алена КРАВЕЦ
Крыніца: «Звязда»