Цыкл мерапрыемстваў накіраваны на знаёмства моладзі з археалогіяй, яе метадамі даследаванняў, археалагічнымі помнікамі, а таксама далучэнне да гісторыі Беларусі.
Удзельнікамі тэматычных мерапрыемстваў стануць каля ста сталічных школьнікаў і студэнтаў. Шасцідзённая праграма ўключае лекцыі, інтэрактыўныя заняткі і майстар-класы. Іх правядуць аспіранты і выкладчыкі гістарычнага факультэта БДУ.
Тыднёвая праграма пройдзе да 17 чэрвеня. Першая сустрэча прысвечана керамічным вырабам і першым манетам, знойдзеным на тэрыторыі Беларусі. Працягнецца цыкл знаёмствам з прыладамі працы, вырабамі з костак жывёл, камянёў і крэмнію, якімі карысталіся ў розны час нашы продкі. У чацвер, 15 чэрвеня, арганізуюць лекцыі аб матэрыяльнай культуры беларускіх гарадоў X–XV стагоддзяў і архезаалогіі. Акрамя таго, 16 чэрвеня адбудуцца заняткі аб самых цікавых скарбах і асаблівасцях жыцця людзей у раннім жалезным веку.
Завершыцца праграма 17 чэрвеня ў 12.00 лекцыяй, дзе раскажуць аб рабоце археалагічнай экспедыцыі БДУ ў вёсцы Рэчкі Вілейскага раёна, якая вядзецца з 2020 года. Прысутным прадэманструюць знойдзеныя артэфакты. Сярод іх упрыгожванні, кераміка, прылады працы, знаходкі з пахаванняў і жылля.
Гістарычны факультэт штогод прымае ўдзел у раскопках у рамках археалагічнай практыкі студэнтаў. У мінулым годзе экспедыцыя працавала на тэрыторыі старажытных курганоў каля вёскі Рэчкі. Былі знойдзены жаночыя астанкі, аплаўленыя вырабы з каляровага металу, бронзавыя пранізкі, фрагмент скроневага кольца, жалезная спражка і інш. Акрамя таго, у курганным комплексе быў знойдзены кенатаф, сімвалічны надмагільны помнік у гонар загінулага чалавека, месца спачыну якога не было вядома.
Арганізатарам акцыі выступае гістарычны факультэт БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Крыніца: «Звязда»
«Народная асвета» рекомендует:
Гісторыя паўднёвых і заходніх славян (1914—2018)
У вучэбным дапаможніку асвятляецца навейшая гісторыя славянскіх краін ад пачатку Першай сусветнай вайны да нашых дзён. Сучасная гісторыя славянскіх краін разгледжана ў праблемна-краіназнаўчым плане.
Выданне прызначана студэнтам-гісторыкам як дзённай, так і завочнай форм навучання. Кніга з’яўляецца першым айчынным дапаможнікам па навейшай гісторыі паўднёвых і заходніх славян, матэрыял якога ахоплівае ўвесь азначаны гістарычны перыяд. Ён дазваляе ажыццяўляць выкладанне вучэбнай дысцыпліны на беларускай мове.
Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па гістарычных спецыяльнасцях.
38.78 руб.