У сераду, 31 мая, творы народных пісьменнікаў Якуба Коласа і Янкі Купалы загучаць па-новаму. У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбудзецца вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар», дзе ўрыўкі з аднайменнай кнігі прачытаюць вядомыя асобы Беларусі.


Само выданне ўбачыла свет у мінулым годзе і было прэзентавана напярэдадні бацькоўскага тыдня ў кастрычніку. Кніга з'явілася ў выдавецтве «Народная асвета» ў выніку сумеснай працы з ГА «Беларускі саюз жанчын» і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства інфармацыі.

Як адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз жанчын» кіраўнік праекта Лілія Ананіч, ідэя, што закладвалася ў кнігу «Бацькоўскі дар» пры яе стварэнні, палягала ў тым, каб нагадаць: самае галоўнае з таго, што бацькі павінны даць сваім дзецям, — гэта разуменне сваёй радзімы і свайго роднага краю:

— Мы разумеем, што бацькі імкнуцца забяспечыць дзецям умовы для вучобы, атрыманне прафесіі, але самае галоўнае — гэта выхаваць годнага грамадзяніна сваёй Айчыны. І, як мы мяркуем, на прыкладзе такіх твораў, як «Новая зямля» Коласа, і можна даць дзецям гэтае пачуццё радзімы і ўсведамленне любові да сваіх каранёў, да вытокаў, — дзеліцца Лілія Станіславаўна. — І яшчэ цікавая рэч: калі мы чытаем мастацкія творы ў школе, то ў нас адно іх разуменне, а пры іх прачытанні ў больш сталым узросце мы пасылы гэтых кніг ужо асэнсоўваем па-новаму, і ўспрыманне іх зусім іншае. У гэтым праекце для нас яшчэ вельмі важна звярнуць увагу на праблему камунікацыі ў сям'і. Сёння вялікая праблема ў тым, што інтэрнэт у сям'і робіць не зусім добрую рэч: страчваецца сямейная камунікацыя. І мы лічым, што з дапамогай сямейнага чытання сувязь гэтую можна аднавіць. Гэта сродак вельмі тактоўнага, нязмушанага выхавання. Таму мы і прапануем сёння такую сямейную форму камунікацыі. Кожная сям'я можа сфарміраваць сваю палічку кніжак, якая стане сямейным скарбам. Якая і праз гады будзе вяртаць нас у дзяцінства, ва ўспаміны сумеснага баўлення часу з бацькамі. Такім чынам мы прапаноўваем бацькам паклапаціцца пра духоўны свет сваіх дзяцей цяпер. Мы спадзяёмся, што такія вечары сямейнага чытання стануць трэндам, які ахопіць усе нашы рэгіёны. Пачаліся канікулы, і вельмі хочацца, каб кніга і яе багаты свет сталі часткай адпачынку нашых дзяцей.

Алена ДРАПКО

Крыніца: «Звязда»

 

ПРЭС-РЭЛІЗ

Вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар» -

да Міжнароднага дня абароны дзяцей

 

Дата і час: 31 мая 2023 г.,                                  Месца правядзення: Нацыянальны

15.00-18.00                                                          акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

                                                                             (Вялікая сцэна)

 

31 мая 2023 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатре імя Янкі Купалы (Вялікая сцэна) пройдзе Вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар», які прымяркаваны да Міжнароднага дня абароны дзяцей – 1 чэрвеня.

Мерапрыемства арганізавана Беларускім саюзам жанчын, Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 

У праграме Вечара:

15.00 – 18.00 – выстава кніг дзіцяча-юнацкай тэматыкі выдавецтва «Народная асвета»

15.30 – 18.00 – лакацыя-фотазона «Сямейнае кола»

16.00 – 17.30 – вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар»

ПРАЛОГ

Блок «Спадчына»

Блок «Мой родны кут»

Блок «Раніца ў нядзельку»

Блок «Дарэктар»

Блок «Вялікдзень»

Блок «За сталом»

Блок «Сямейная бібліятэка»

Блок «Зямля – аснова ўсёй Айчыны»

Фінальны эпізод

Слова да бацькоў

 

Ініцыятыва правесці вечар сямейнага чытання ў Купалаўскім тэатры належыць Беларускаму саюзу жанчын, які вось ужо шмат гадоў вядзе праект «Сямейнае чытанне» пры падтрымцы беларускіх выдавецтваў, Міністэрстваў інфармацыі і адукацыі. У рамках праекта ўжо выдадзены наступныя кнігі: «Маміна казка», «Не сілай, а розумам», «Калядны падарунак», кніга ўспамінаў дзяцей вайны «Ніколі не забудзем».

Летась, напярэдадні новага свята - Дня бацькі, - калекцыя кніг, якія ўбачылі свет пад патранатам Беларускага саюза жанчын, папоўнілася яшчэ адной – «Бацькоўскі дар» - са знакавымі творамі народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Ініцыятыву Вечара сямейнага чытання ў Купалаўскім актыўна падтрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрствы адукацыі, інфармацыі, культуры, працы і сацыяльнай абароны, Беларуская праваслаўная царква, буйнейшыя грамадскія аб'яднанні, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і госці, якія прыехалі нават цэлымі сем'ямі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей мы акунёмся ў дзіўную атмасферу чытання і кніг, якія былі, ёсць і застануцца найлепшымі спадарожнікамі кожнай сям'і, неад'емнай часткай выхавання ў нашых дзяцей, жадання ствараць навакольны свет выдатным і асэнсаваным.

Прастора сямейнага чытання аб'ядноўвае старэйшых і малодшых, стварае асаблівую атмасферу абароненасці дзяцей, дапамагае дарослым праз кнігу і чытанне крок за крокам уплываць на фарміраванне багатага духоўнага свету дзіцяці.

І ў наш тэхналагічны час, калі дзяцей з маленства ўцягвае ў свае сеткі Інтэрнэт, сямейнае чытанне можа стаць адной з добрых традыцый, а сумесна прачытаныя кнігі могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне як неацэнныя сямейныя рэліквіі.

Як жа выхаваць у дзяцей цікавасць да чытання кніг? Як кнігі і сямейнае чытанне могуць дапамагчы выхаванню дастойнага грамадзяніна нашай краіны? На гэтыя і іншыя пытанні адкажуць Ганаровые госці свята, якія таксама зачытаюць урыўкі з кнігі «Бацькоўскі дар».

«Бацькоўскі дар» - кніга пра спрадвечныя каштоўнасці беларускага народа. Найвялікшая з іх - сям'я, дзе шануюць традыцыі, выхоўваюць дзетак у павазе і любові, дзе пануюць згода і лад.

Кніга як крыніца ведаў і мудрасці, назапашаных у пакаленнях, нясе ў сабе вялікі патэнцыял згуртавання сям'і і выхавання падрастаючага пакалення ў духу любові да сваёй роднай зямлі, да сваёй малой і вялікай Радзімы!

 

Аб кнізе «Бацькоўскі дар»

Быць бацькамі — значыць даць жыццё новаму чалавеку, абараняць і засцерагаць дзіця, навучыць яго жыць у гэтым свеце і дапамагчы стаць паўнавартасным членам грамадства, бо менавіта з сям'і пачынаецца для кожнага чалавека Радзіма!

Хочацца сказаць словы падзякі ўсім маці, бацькам, бабулям, дзядулям, сваёй сям'і, якая дорыць дзецям любоў, дабро, пяшчоту і ласку. І няхай кожнаму часцей гавораць цёплыя словы вашы любімыя дзеці, унукі, праўнукі. Няхай на вашых тварах свеціцца ўсмешка і радасныя іскрынкі зіхацяць у вачах, калі вы разам!

Выдавецтва «Народная асвета» ў межах сацыяльна-творчага праекта «Сямейнае чытанне» сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь да Тыдня бацькоўскай любові ў 2022 годзе падрыхтавала падарункавае выданне «Бацькоўскі дар».

Гэта зборнік найлепшых твораў народных пясняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Унікальнасць кнігі ў тым, что яна праілюстравана фатаграфіямі родных мясцін паэтаў — вытокаў іх жыцця і творчасці.

Мэта гэтага выдання — садзейнічаць умацаванню маральных каштоўнасцей сям’і і грамадства, узмацненню ролі чытання ў выхаванні дзяцей і падлеткаў.

Няхай жа замілаванае бацькоўскае слова, падмацаванае векавой мудрасцю народных песняроў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, з маленства суправаджае нашых дзетак у спасціжэнні спадчыны роднага краю, спрыяе выхаванню любові да Бацькаўшчыны і як бясцэнны бацькоўскі дар перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Няхай сямейнае чытанне стане добрай традыцыяй кожнай сям’і, а бібліятэчка сумесна прачытаных кніг — своеасаблівай сямейнай рэліквіяй для дзяцей і ўнукаў.

 

Чытайце дзецям!

Чытайце разам з дзецьмі!

Мацуйце сям’ю і краіну!