Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Актуальнасць матэматычных ведаў і ўменняў у сучасным свеце не выклікае сумненняў — яны адыгрываюць вялікую ролю ў паспяховай самарэалізацыі і сацыялізацыі. І гэта важна данесці да навучэнцаў.

Кожны школьнік хоча зразумець неабходнасць і карысць тых ці іншых матэматычных фактаў, звестак, уменняў менавіта для сябе: навошта мы вывучаем ураўненні, функцыі, дзе і калі спатрэбіцца ўменне рашаць квадратныя ўраўненні, у якой прафесіі прыменім трыганаметрыю, ці патрэбна нам увогуле матэматыка ва ўмовах сучаснай лічбавай прасторы?

З гэтых пытанняў для мяне вынікае задача: пераканаць навучэнцаў, што выву­чаць матэматыку неабходна, што ў сучасным свеце для любога чалавека надзвычай важная не столькі энцыклапедычная дасведча­насць, колькі здольнасць прымя­няць абагульненыя веды, уменне выра­шаць канкрэтныя праблемы, якія ўзнікаюць у што­дзённым жыцці і дазваляюць правільна арыентавацца ў навакольным свеце.

Разам з іншымі вучэбнымі прадметамі матэматыка прызначана рыхтаваць дзяцей да жыцця ў соцыуме, фарміраваць механізмы мыслення, неабходныя для паспяховага працягу адукацыі, развіваць здольнасці навучэнцаў. Узнікненне цікавасці да матэматыкі ў значнай колькасці школьнікаў залежыць у большай ступені ад методыкі яе выкладання, ад таго, як арганізавана вучэбна-пазнавальная дзейнасць. Гэта асабліва важна ў падлеткавым узросце, калі яшчэ фарміруюцца, а часам толькі вызначаюцца пастаянныя інтарэсы і схільнасці да таго ці іншага прадмета.

Уключэнне ў вучэбныя заняткі практыка-арыентаваных заданняў, накіраваных на ўменне выкарыстоўваць набытыя матэматычныя веды ў штодзённым жыцці, а таксама на фарміраванне ў навучэнцаў метапрадметных кампетэнцый, якія забяспечваюць гібкасць і адаптыўнасць у адносінах да навакольнага свету, стварае ў іх зацікаўленасць, выклікае дапытлі­васць, паказвае несумненную карысць і неабходнасць матэматычных ведаў. Гэта, у сваю чаргу, выклікае патрэбу ў авалоданні адпаведнымі ўменнямі і навыкамі.

Практыка-арыентаваныя заданні забяспечваюць узаемасувязь працэсаў фарміравання ведаў і развіцця ўменняў з мэтай набыцця навучэнцамі вопыту практычнай дзейнасці, а таксама дазваляюць павысіць эфектыўнасць і якасць навучання.

У дзеючых вучэбных дапаможніках па алгебры і геаметрыі з’явілася нямала задач і заданняў практычнай накіраванасці. У вучэбным дапаможніку па геаметрыі яны вылучаны асобна ў раздзелы “Рэальная геа­метрыя”, “Мадэляванне”, а ў вучэбным дапаможніку па алгебры — у раздзел “Практычная матэматыка”. У 5—6 класах, калі выпрацоўку навыкаў мэтазгодна арга­нізоўваць пераважна ў форме практычнай дзейнасці, часта выкарыстоўваю практыка-арыентаваныя задачы і заданні ў форме праектных заданняў, міні-праек­таў.

Магчымасць атрымліваць матэматычныя веды ў практычнай дзейнасці, вымяраючы, праводзячы разлікі, супастаўляючы атрыманыя вынікі з рэальнасцю, дае навучэнцам больш глыбокае разуменне матэрыялу і спрыяе фарміраванню ў іх упэўненасці ў тым, што веды па матэматыцы неабходны сучаснаму чалавеку. Разам з тым выкананне такіх заданняў падштурхоўвае дзяцей да пазнавальнай актыўнасці, спрыяе развіццю разумовых аперацый і выклікае большую цікавасць, чым простае рашэнне задач з вучэбнага дапаможніка, нават калі гэта задачы практычнай накіраванасці.

Формулы для будаўнікоў

Прыклады выкарыстання практыка­арыентаваных задач, заданняў, праектаў. Такія задачы павінны адпавядаць пэўным патрабаванням:

— у іх змесце адлюстроўваюцца матэматычныя і нематэматычныя праблемы і іх узаемасувязь;

— адпавядаюць праграме, узрос­ту навучэнцаў;

— у задачах выкарыстоў­ваецца зразумелая і даступная для школьнікаў тэрміналогія;

— змест і патрабаванне задач адпавядаюць рэчаіснасці, спосабы і метады рашэння набліжаны да практычных прыёмаў і метадаў;

— прыкладная частка задач не павінна хаваць яе матэматычную сутнасць.

З вучнямі 5 класа пры вывучэнні тэмы “Плошча прамавугольніка. Плошча квад­рата” праводжу дыдактычную гульню “Будаўнікі”, падчас якой навучэнцам неабходна падлічыць колькасць трубак шпалер, неабходных для абклейвання сцен кабінета. Усе вымярэнні і разлікі школьнікі праводзяць падчас урока, інфармацыю аб памерах шпалер дзецям прапаную знайсці да ўрока ў якасці дамашняга задання. Мэтазгодна на такім уроку па­дзяліць клас на групы. Выкананне гэтай работы наглядна паказвае навучэнцам важнасць атрымання такіх базавых матэматычных ведаў, як уменне выконваць арыфметычныя дзеянні з натуральнымі лікамі, веданне адзінак вымярэння даўжыні і плошчы, суадносін паміж імі, акругленне натуральных лікаў. Для асобных вучняў прапаную дадатковае заданне па падліку кошту неабходнай колькасці шпалер.

У 5 класе на занятках па тэме “Дзельнікі ліку. Кратныя лікі. Найбольшы агульны дзельнік. Найменшае агульнае кратнае” рэалізую міні-праект “Упрыгож­ваем навагоднюю ёлку”. На ўроку школьнікам неабходна зра­біць аплікацыю навагодняй ёлкі, упрыгожыўшы яе папяровымі шарамі, і падлічыць агульную суму, затрачаную на ёлачныя цацкі (навучэнцам неабходна самастойна вызначыць колькасць шароў). Для работы прапаную наборы шароў розных колераў і памераў. У кожным наборы пазначаецца толькі агульная колькасць шароў і кошт аднаго шара. Навучэнцы на практыцы прымяняюць паняцце дзельніка і кратнага натуральнага ліку, паўтараюць паняцце цаны, кошту, вучацца ажыццяў­ляць перавод грашовых адзінак.

На ўроку па тэме “Формулы” арганізоўваю работу навучэнцаў у парах па вызначэнні даўжыні плінтуса ў кабінеце, плошчы лінолеуму, а таксама па вызначэнні іх кошту ў дзеючых цэнах. На такіх занятках навучэнцы вучацца карыстацца вымяральнай стужкай, прымяняць формулы плошчы, перыметра прамавугольніка і квадрата, паўтараюць паняцце цаны, кошту, перавод грашовых адзінак.

З навучэнцамі 6 класа па тэме “Наглядныя прадстаўленні цел у прасторы, прыклады разгортак цел” праводзіцца ўрок па вырабе мадэлей шматграннікаў: піраміды, прамавугольнага паралелепіпеда, куба. Можна прапанаваць выра­біць святочную каробку для ўпакоўкі канкрэтнага падарунка.

На адным з урокаў па тэме “Маштаб” навучэнцам 6 класа прапаную міні-праект па складанні дызайн-плана зямельнага ўчастка для адной сям’і. Для гэтага школьнікам паведамляюцца памеры ўчастка, напрыклад, 20 на 10 метраў, на якім неабходна размясціць кветнік, газон, аддзе­л пладовых кустоў і аддзел пладовых дрэў. Усе даныя для разлікаў даюцца навучэнцам у выгля­дзе табліц (аб разліку колькасці пладовых дрэў і кустоў для адной сям’і, неабходнай плошчы для вырошчвання дрэва і інш.).

У ходзе заняткаў па тэме “Дзеянні з дзесятковымі дробамі” ў 6 класе рэалізую міні-праект “Эканомім разам”. Мэта работы — падлічыць колькасць электрычнай энергіі, якую можна сэканоміць ва ўмовах школы, калі выклю­чаць святло ў вучэбных кабінетах на перапынках за дзень, тыдзень, месяц. Для разліку вучням неабходны даныя, якія яны могуць сабраць загадзя. Прааналізаваўшы атрыманыя вынікі, школьнікі робяць высновы аб тым, што дае эканомія электраэнергіі. Па выніках даследавання ствараем памяткі для навучэнцаў па эканоміі электра­энергіі, а таксама арганізоўваем выступленне дзяцей на інфармацыйнай гадзіне.

Навучэнцы 6 класа вядуць каляндар прыроды на ўроках геаграфіі, з дапамогай якога можна наглядна прадставіць інфармацыю аб надвор’і ў сваёй мясцовасці. Гэтыя даныя прымяняем пры вывучэнні тэмы “Графік. Графікі рэальных працэсаў” для пабудовы графіка тэмпературы. За надвор’ем на працягу месяца навучэнцы назіра­юць самастойна, таксама можна выкарыстоўваць гатовую інфармацыю Белгідраметцэнтра. Праведзеная работа прывучае школьнікаў да самастойнасці, адказнасці, са­дзейнічае фарміраванню ўмення чытаць і будаваць графікі.

Навучэнцам 6 класа таксама прапаную рэалізацыю міні-праектаў “Мая сям’я ў дыягра­мах”, “Расходы сямейнага бюджэту за месяц у працэнтах”. У ходзе работы над праектамі дзеці расказваюць пра любімую пару года, любімыя заняткі, святы сваёй сям’і, стараючыся прадаставіць інфармацыю не толькі пра бацькоў, але і пра бабуль, дзядуляў, сваякоў. Міні-праект “Наша школа ў дыяграмах” рэалізуецца навучэнцамі ў групах, дзе кожны з удзель­нікаў можа знайс­ці для сябе занятак: нехта збірае інфармацыю, праводзіць апытанне, нехта прадумвае і складае дыяграмы, а хтосьці бярэцца за падрыхтоўку вынікаў праекта ў выглядзе прэзентацыі.

Ва ўрок па тэме “Акружнасць. Круг. Формула даўжыні акружнасці і плошчы круга” ў 6 класе ўключаю заданне па вызначэнні ўзросту дуба, які расце на прышкольным участку. Расказваю навучэнцам аб існуючых спосабах вызначэння ўзросту дрэва, у прыватнасці праз дыяметр ствала. Вымераўшы даўжыню акружнасці ствала на вышыні 1,3 метра, можна даведацца дыя­метр ствала. Далей, ведаючы каэфі­цыент, трэба падзяліць ужо вылічаны дыяметр ствала на сярэдні гадавы прырост дуба, які роўны 44. Навучэнцы бачаць практычнае прымяненне формулы даўжыні акружнасці і яе прымяненне для практычных мэт.

Выкарыстанне практыка-арыен­таваных задач у вучэбным працэсе дапамагае таму, каб навучэнцы авалодвалі ўніверсальнымі вучэбнымі дзеяннямі: уменнем працаваць з інфармацыяй, прадстаўленай у розных формах, вылучаць і выбі­раць галоўнае і патрэбнае, выбудоўваць уласныя шляхі рашэння задач і абгрунтоўваць іх, працаваць у парах і групах. Гэта дазваляе зрабіць урок больш сучасным, актыўным.

Сістэматычнае прымяненне практыка-арыентаваных задач, праектных заданняў забяспечвае павышэнне цікавасці навучэнцаў да вучэбнай дзейнасці, фарміраванне станоўчай матывацыі на ўроках, дазваляе навучэнцам зразумець практычную знач­насць матэматычных ведаў.

Іна КРЫВЕЛЬ,
настаўніца матэматыкі Старалядненскай сярэдняй школы Лепельскага раёна Віцебскай вобласці, Настаўніцкая газета

 

«Народная асвета» рекомендует: