Апошнім часам назіраецца зніжэнне цікавасці навучэнцаў да многіх вучэбных прадметаў, у тым ліку і да хіміі. Як можна змяніць іх адносіны да гэтай навукі?
Хімія — гэта тое слова, якое можа прывесці чалавека ў захапленне, а можа выклікаць сум, і гэта ў вялікай ступені залежыць ад асобы настаўніка, яго прафесіяналізму, педагагічнага майстэрства, чалавечых якасцей, ступені ўлюбёнасці ў свой прадмет, а таксама ад яго стылю ўзаемадзеяння з навучэнцамі. Гэта складаны вучэбны прадмет, поспехі ў вывучэнні якога залежаць ад лагічнага мыслення навучэнца, яго памяці, здольнасцей аналітычна думаць і супастаўляць факты. Разам з тым гэта вельмі захапляючая, цікавая навука, вывучэнне якой дазваляе развіваць усе пералічаныя здольнасці, дапамагае ўнікнуць у самую глыбіню працэсаў навакольнага асяроддзя.
Для мяне сёння актуальнае пытанне: як вучыць эфектыўней? Паколькі настаўнік перастаў быць адзінай крыніцай інфармацыі, на кожным уроку трэба ўмець здзівіць вучняў. Якія метады выкарыстоўваць у навучанні, каб дзеці ішлі з урока зараджанымі пазітыўнай, яркай, добрай энергіяй, каб, прыходзячы на ўрок бясколернымі, яны мянялі свае ўражанні, як мяняе афарбоўку фенолфталеін у шчолачным асяроддзі, і для іх гэты ўрок станавіўся яркім і насычаным?
Я зразумела, што шлях да сэрца дзіцяці ляжыць праз любоў да яго, праз развіццё ў яго пазнавальнай цікавасці да прадмета. Пазнавальная матывацыя дапамагае павысіць у навучэнцаў цікавасць да вывучэння прадмета.
У цяперашні час замест таго, каб вучыць уменням мысліць, аналізаваць, супастаўляць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі, выказваць свае меркаванні, навучэнцаў усё больш і больш нашпігоўваюць інфармацыяй. У свой час Д.І.Мендзялееў казаў: “Педагогу, які імкнецца запоўніць галаву студэнта велізарным аб’ёмам вучэбнага матэрыялу, не варта забываць, што камін, даверху забіты дровамі, не гарыць, а дыміць”. Таму ўзнікла неабходнасць пошуку новых форм, метадаў, прыёмаў навучання, якія б павышалі вучэбную матывацыю, уцягвалі навучэнцаў у актыўную вучэбна-пазнавальную дзейнасць.
Для таго каб стварыць атмасферу супрацоўніцтва, патрэбна многае, але самае галоўнае — выклікаць цікавасць да сумеснай работы настаўніка і навучэнца, калі дзіця не проста прыходзіць паслухаць аб хіміі, сумуючы і сыходзячы з гэтым адчуваннем з урока, а само актыўна ўдзельнічае ў стварэнні таго, чым будзе займацца на ўроку. Для мяне адным са спосабаў зацікавіць навучэнца прадметам стаў прыём Non-fiction.
Non-fiction (з англ. “нявыдуманы”) — гэта літаратурны жанр, для якога характэрна пабудова сюжэтнай лініі на рэальных падзеях з украпваннямі мастацкай выдумкі.
Для стылю “Новая журналістыка” характэрны: выкарыстанне гутарковай, жывой мовы ў дыялогах; пабудова сцэнарыя; ужыванне “я”, выказванне ў публікацыі асабістай думкі аўтара; фіксацыя дэталей паводзін герояў, падкрэсліванне іх статусу.
Гэта ўсё мы выкарыстоўваем з навучэнцамі для напісання вучэбных тэкстаў.
Чытаць non-fiction неабходна для знаходжання рашэння любой праблемы, інфармавання аб навуковых дасягненнях, хімічных гісторыях, якія знарок не прыдумаеш, набыцця новых здольнасцей, пашырэння гарызонтаў.
Выкарыстанне гэтага прыёму дазваляе ствараць вучэбныя тэксты і ўзмацняць метапрадметны патэнцыял урока. Гэта не проста даклад або рэферат, спампаваны з інтэрнэту, гэта вучэбны тэкст, які пачынаецца ад першай асобы (Мяне заваражыла…; Я здзівіўся, даведаўшыся…).
Для таго каб напісаць вучэбны тэкст у жанры non-fiction з украпваннямі ўласных думак, можна скарыстацца наступнай схемай:
- Завязка — увядзенне ў праблематыку (Мяне зацікавіла гэтая тэма…; Я бачыў штосьці, што хацелася б расказаць вам…).
- Развіццё + аргументацыя — дзелімся ведамі і вопытам (частка сторытэлінгу) — невялікі аповед аб тым, што зацікавіла і чаму астатнім гэта трэба ведаць.
- Кульмінацыя — зводзім усе астатнія пытанні і супярэчнасці — хімічная інфармацыя, пададзеная простай, зразумелай мовай.
- Выснова (фінал) — адказы знойдзены, канфлікты вырашаны — замест пасляслоўя, у якім застаецца прастора для самастойнага росту, вашага і чытацкага.
На якіх уроках гэта можна прымяніць:
- самы першы ўрок хіміі;
- урок набыцця новых ведаў;
- урок абагульнення;
- камбінаваны ўрок;
- інтэграваны ўрок;
- урок-практыкум.
Вучэбны тэкст у жанры non-fiction выкарыстоўваю на розных этапах урока і ў пазаўрочнай дзейнасці:
- вызначэнне тэмы ўрока, мэтавызначэнне (можна прапанаваць навучэнцам гатовы вучэбны тэкст у жанры non-fiction, пасля якога прапанаваць вызначыць тэму ўрока, прадмет (аб’ект) вывучэння на ўроку);
- праверка дамашняга задання (заданне навучэнцам: напісаць вучэбны тэкст у жанры non-fiction, самім яго ацаніць, загадзя падрыхтаваўшы ацэначныя лісты, дзе прапрацаваны крытэрыі ацэньвання);
- вывучэнне новага вучэбнага матэрыялу (прадставіць вучэбную тэму ў жанры non-fiction, пачаць шукаць прычынна-выніковыя сувязі, выказваць сваю думку наконт гэтага і г.д., работа навучэнцаў можа быць арганізавана ў групах);
- абагульненне вывучанага матэрыялу і яго замацаванне (вучэбны тэкст у жанры non-fiction — эфектыўны сродак вызначэння лагічных сувязей паміж элементамі вучэбнага матэрыялу, што вывучаўся на ўроку);
- творчае дамашняе заданне. Напрыклад, пры падрыхтоўцы да алімпіяд прапаную навучэнцам скласці вучэбны тэкст у жанры non-fiction у друкаваным ці электронным выглядзе на тэму, што вывучаецца, або выбраную імі тэму, для напісання якой спатрэбяцца пошук і прапрацоўка дадатковых крыніц інфармацыі. Такое заданне садзейнічае актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў, удасканальвае ўменне працаваць з дадатковымі крыніцамі інфармацыі, павышае ўзровень іх эрудыцыі. Як любое творчае заданне, напісанне вучэбнага тэксту садзейнічае павышэнню ініцыятыўнасці, крэатыўнасці, а таксама развіццю ўяўлення.
Вучэбны тэкст у жанры non-fiction можа быць складзены як настаўнікам, так і навучэнцамі. Ён можа быць зроблены загадзя, а можа складацца падчас урока (пазаўрочнага мерапрыемства).
Выкарыстанне гэтага прыёму не толькі спрыяе развіццю лагічнага і вобразнага мыслення, але і павышае матывацыю да вывучэння вучэбнага прадмета.
Прыём можа выкарыстоўвацца пры вывучэнні розных тэм вучэбнай праграмы. Яго прымяненне не абмяжоўваецца толькі старшымі класамі, яго можна выкарыстоўваць у рабоце з навучэнцамі з розным узроўнем падрыхтаванасці (мал. 1).
Мал. 1. Вучэбны тэкст у стылі “Нон-фікшн” навучэнкі 7-га класа Стралічаўскай сярэдняй школы імя У.М.Марчанкі Радзевіч Юліі
Метадычна правільнае выкарыстанне вучэбных тэкстаў у жанры non-fiction дазваляе вырашаць шэраг задач: актывізаваць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, фарміраваць у іх матывацыю да вывучэння вучэбнага прадмета, развіваць назіральнасць, памяць, увагу, лагічнае мысленне, крэатыўнасць, эмацыянальны інтэлект. Гэты прыём вельмі эфектыўны для рэалізацыі міжпрадметных сувязей у працэсе навучання і выхавання, садзейнічае эфектыўнаму засваенню вучэбнага матэрыялу, фарміраванню ведаў, уменняў, кампетэнцый, прадугледжаных вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце “Хімія”.
Крыніца: Педагогическая пресса
«Народная асвета» рекомендует:
Готовимся к ЦТ по химии
А. В. Ермак
В книге представлены разнообразные по форме виды заданий централизованного тестирования части В.
В сборнике имеются задачи разного уровня сложности, которые можно использовать для подготовки как к ЦТ, так и к олимпиадам по химии. В том числе среди них есть оригинальные авторские задачи.
Издание предназначено для учащихся, абитуриентов и преподавателей.
19.09 руб.
Хімія, 9 клас
І. Я. Шымановіч
Вучэбны дапаможнік для 9 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання.
5.18 руб.