З укараненнем сістэмы цэнтралізаванага экзамену мы будзем мець поўную, аб’ектыўную, справядлівую карціну паспяховасці абсалютна кожнага школьніка ў нашай краіне. Пра гэта заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» міністр адукацыі Андрэй Іванец пасля Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, паведамляе БелТА.


«У першую чаргу сёння найважнейшая задача, якая перад намі стаіць, — гэта рэалізацыя тых новых, удасканаленых падыходаў, якія былі падтрыманы кіраўніком дзяржавы па выніковай атэстацыі нашых выпускнікоў школ і ўступнай кампаніі. Шмат у чым гэтая ўступная кампанія ўжо пачалася. У сакавіку ў нас вызначаны пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд, якія былі праведзены ва ўсіх рэгіянальных універсітэтах. І такіх пераможцаў, якія фактычна сёння сталі ўжо студэнтамі ВНУ, больш чым 800 чалавек. Наша задача сёння, каб кожны пераможца гэтай Алімпіяды, сапраўды прыйшоў у нашы рэгіянальныя ВНУ і зрабіў моцныя рэгіёны», — сказаў Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, сёння ўжо ідзе шмат у чым і другі этап уступнай кампаніі. «Літаральна гэтымі днямі праходзіць заключны чацвёрты этап рэспубліканскай прадметнай алімпіяды для ўсіх школьнікаў, і пераможцы таксама змогуць стаць студэнтамі фактычна без экзаменаў па сумоўі любога ўніверсітэта нашай краіны. Але  зусім хутка ўжо ў сярэдзіне мая кожны 11-класнік прыйдзе ў пункт здачы цэнтралізаванага экзамену і здасць два ЦЭ. У гэтай сувязі мы таксама пасля правядзення рэпетыцыйнага экзамену ўбачылі, якія ёсць у нас яшчэ моманты, над якімі мы павінны папрацаваць. Хацелася б адзначыць, што гэтыя моманты носяць выключна арганізацыйны характар. Яны абсалютна не датычацца ў цэлым сутнасці правядзення самога экзамену. Таму што тыя новыя заданні, якія складзеныя, дазволілі сысці ад звычайных тэстаў, у якіх ёсць магчымасць угадвання і ёсць пэўны элемент выпадковасці. Мы вырашылі гэтую задачу», — адзначыў міністр.

«Сёння тэставанне ўяўляе звычайную кантрольную працу. Усе школьнікі вельмі задаволеныя, — падкрэсліў Андрэй Іванец. — Шмат у чым практычна кожны навучэнец пацвердзіў свой узровень ведаў. Хоця нельга ўтойваць, ёсць рабяты, якім трэба яшчэ трошкі падцягнуць свае веды. Але ёсць тыя, якія паказалі больш высокія вынікі. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што сёння з укараненнем сістэмы цэнтралізаванага экзамену мы будзем мець поўную, аб’ектыўную, справядлівую карціну паспяховасці абсалютна кожнага школьніка ў нашай краіне».

Прэв’ю: БелТА

Крыніца: «Звязда»

 

«Народная асвета» рекомендует: