Настройки отображения

Размер шрифта:
Цвета сайта
Изображения

Параметры


Беларуская мова павінна выступаць сродкам кансалідацыі нацыі. Важна сфарміраваць стаўленне нашых грамадзян да нацыянальнай мовы як да найважнейшага атрыбута дзяржаўнасці і самастойнасці. У гэтым упэўнены дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў.


Захаванне нацыянальнай адметнасці

— Кожная нацыянальная мова — неацэннае багацце асобнага народа. Таксама гэта багацце ўсяго чалавецтва, таму што страта любой мовы азначае страту моўнай разнастайнасці. Абавязак нас усіх — берагчы родную мову, садзейнічаць яе росквіту і развіццю, а таксама з павагай ставіцца да моў іншых народаў, — падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі ў БелТА паважаны мовазнавец. — Мова — гэта і менталітэт народа, а менталітэт — вельмі шырокае паняцце, якое ўключае і філасофію народа, і псіхалогію, і маральныя каштоўнасці, і калектыўную памяць, і нацыянальны характар. Звяртаючыся да нашай гісторыі, можам упэўнена сцвярджаць, што народная гутарковая мова дазволіла беларусам захаваць нацыянальную адметнасць у той час, калі пісьмовая разнавіднасць беларускай мовы аказалася пад забаронай на некалькі стагоддзяў, калі былі прыпынены традыцыі беларускага пісьменства.

У гэтым плане выключную ролю адыграла XІX стагоддзе: дзякуючы пісьменнікам было апрацавана народнае беларускае слова, і яно стала даступнае для ўсіх беларусаў. Беларуская пісьмовая мова пачала адраджацца і адыграла выключна важную ролю ў фарміраванні беларускай дзяржаўнасці. Нягледзячы на ўсе складанасці моўнай сітуацыі, беларуская мова заставалася важным сродкам зносін, асноўным фактарам падтрымання нацыянальнай культуры, фарміравання нацыянальнай свядомасці і самаідэнтычнасці.

Расказваючы пра тое, што робіцца сёння для захавання і развіцця беларускай мовы, Ігар Капылоў паведаміў: летась выйшаў з друку Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы ў двух тамах. Яго аб'ём складае каля 65 тысяч слоў. У ім былі ўлічаны змены, якія адбыліся апошнім часам, зафіксаваны запазычанні, што трапілі ў беларускую мову, тыя словы, за кошт якіх папоўніўся лексічны склад мовы ў апошнія дзесяцігоддзі.

Працуюць вучоныя НАН і над стварэннем новага фундаментальнага 15-томнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы. У найбліжэйшай перспектыве першы том павінен выйсці ў свет. «Слоўнік будзе налічваць больш як 250 тысяч слоў — такога аб'ёму ў нас яшчэ не было, — падкрэсліў дырэктар інстытута. — Думаю, гэта будзе вельмі важнай падзеяй».

Захаванне моўнай спадчыны

У 2017 годзе быў завершаны праект стагоддзя — апублікаваны Гістарычны слоўнік беларускай мовы ў 37 выпусках, які ствараўся на працягу 60 гадоў.

Вядзецца таксама даследаванне мовы ХІХ стагоддзя. «Так адбылося, што да гэтага часу яна была недастаткова даследавана, — канстатаваў Ігар Капылоў. — Ідзе работа па стварэнні тлумачальнага слоўніка ХІХ стагоддзя і ўжо фактычна створаны слоўнікі асобных пісьменнікаў».

Ён дадаў, што вельмі важная задача стаіць перад нашай краінай па вяртанні гістарычнай моўнай спадчыны, якая на сённяшні дзень захоўваецца ў архівах замежных краін: «Я пабываў летам у камандзіроўцы ў Санкт-Пецярбургу і быў надзвычай здзіўлены, колькі там знаходзіцца рукапісаў, створаных на тэрыторыі Беларусі беларускімі краязнаўцамі, настаўнікамі, вучонымі, якія да сённяшняга дня не былі апублікаваныя. Думаю, гэта задача дзяржаўнай важнасці — вярнуць рукапісы на Беларусь і зрабіць іх даступнымі для карыстальнікаў».

Таксама вядзецца работа над Электронным зводным слоўнікам беларускіх народных гаворак.

— Аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства на працягу многіх гадоў займаецца зборам і сістэматызацыяй мовы нашых гаворак. Сёння на іх аказвае ўплыў зменлівы сучасны свет і сродкі масавай інфармацыі. Таму вельмі важна паспець усё зафіксаваць, сабраць у адзін рэсурс, што мы і робім, — растлумачыў Ігар Капылоў. — Электронны зводны слоўнік беларускіх народных гаворак будзе ўключаць мову пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя і да пачатку ХХІ стагоддзя. Экспедыцыі па зборы дыялектнай мовы працягваюцца.

Мінулым летам Ігар Капылоў сам браў удзел у экспедыцыі на тэрыторыі Браншчыны. «Прызнаюся, быў вельмі здзіўлены, што жыхары пагранічнага Суражскага раёна, які мяжуе з Касцюковіцкім раёнам, выдатна захавалі беларускую мову, якая фактычна нічым не адрозніваецца ад гаворак Гомельшчыны і часткова Магілёўшчыны, яны захавалі нашы традыцыі, культ вышыванкі, беларускія песні, фальклорныя ансамблі, — распавёў дырэктар Інстытута мовазнаўства. — Сёння перад намі ставіцца задача папулярызаваць беларускую мову ў даступнай форме, і мы стараемся яе выконваць. У нас падрыхтаваны рукапіс работ, прысвечаных пісьмовым старабеларускім помнікам XІV—XVІІІ стагоддзя, але пра іх напісана не акадэмічнай, а навукова-папулярнай мовай. У 2024 годзе плануем выдаць навукова-папулярную ілюстраваную кнігу з рабочай назвай «Як гавораць беларусы». Яна будзе прысвечана разгляду адметных асаблівасцяў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яркіх адрозненняў гаворак Беларусі. Адначасова з падрыхтоўкай выдання вядуцца здымкі відэароліка, у якім будзе расказана пра гісторыю стварэння кнігі».

Беларускі N-корпус

Архіважная справа — стварэнне Нацыянальнага корпуса беларускай мовы, над якім працуе сектар камп'ютарнай лінгвістыкі. «Нам вельмі важна ісці ў нагу з часам, — падкрэслівае Ігар Капылоў. — А электронны рэсурс дапамагае ў значнай ступені аптымізаваць не толькі навуковыя даследаванні, але і працу рэдактараў, настаўнікаў і ўсіх, хто звязаны з нацыянальным словам».

Нацыянальны корпус беларускай мовы складаецца з некалькіх частак. Гэта ўласна корпус тэкстаў (ад XV да XXІ стагоддзя), корпус перакладаў Бібліі на беларускую мову, граматычная база беларускай мовы, асобныя слоўнікавыя артыкулы. Напрыклад, Біблійны корпус змяшчае 16 перакладаў Бібліі на беларускую мову, а таксама тэксты на іншых мовах для параўнання і ўяўляе з сябе зручны і эфектыўны інструмент для перакладчыкаў і даследчыкаў Бібліі. Пры дапамозе Біблійнага корпуса можна супаставіць тэксты
перакладаў, а таксама знайсці патрэбнае слова і паглядзець варыянты яго перакладу ў розных выданнях.

Аб'ём корпуса складае 177 мільёнаў словаўжыванняў, а разам з неразабранымі тэкстамі ён перавышае 1 млрд словаўжыванняў.

Электронны корпус мае вялікае практычнае значэнне ў лічбавую эпоху. Многім будзе карысны анлайн-сэрвіс праверкі правапісу, які дапаможа пазбавіцца ад памылак у тэксце, напісаным па-беларуску. Таксама на старонцы сэрвісу можна спампаваць праграму праверкі арфаграфіі для розных браўзераў.

Яшчэ адзін з новых перспектыўных кірункаў, які асвоены Інстытутам мовазнаўства сумесна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі, — пераклад міжнародных дагавораў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і актаў органаў ЕАЭС з рускай мовы на беларускую. За 2022 год перакладзена 616 міжнародных дакументаў, агульны аб'ём якіх складае больш за 15 тысяч старонак.

— Таксама па даручэнні Прэзідэнта мы працягваем пераклад кодэксаў на беларускую мову. На сённяшні дзень перакладзена ўжо 17, — праінфармаваў Ігар Капылоў. — У нас створана вялікая база перакладаў. Паралельна вядзецца работа па ўдасканаленні юрыдычнай тэрміналогіі па-беларуску. Яна вельмі адказная і складаная...

У якасці прыкладу пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў самых розных сферах нашага жыцця Ігар Капылоў прывёў абарону ў канцы мінулага года кандыдацкай дысертацыі, якая была напісана на беларускай мове анколагам-хірургам: «Я прысутнічаў на абароне. Пасяджэнне вучонага савета вялося выключна па-беларуску, выступленні апанентаў, навуковага кіраўніка і дысертанта адбываліся на беларускай мове. Усім хапіла і лексічнага запасу, і беларускай медыцынскай тэрміналогіі, каб фармуляваць свае думкі па-беларуску...»

Між іншым, на працягу года супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства адказваюць прыкладна на тры тысячы запытаў ад фізічных і юрыдычных асоб, што датычацца ідэнтычнасці запісу ў дакументах, а таксама правядзення лінгвістычных экспертыз па розных пытаннях, у прыватнасці, па афармленні мемарыяльных дошак (асабліва шмат такіх запытаў было ў Год гістарычнай памяці).

Патэнцыял літаратурнай класікі

Дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Іван Саверчанка ўпэўнены, што класічная пісьмовая спадчына адыгрывае вялізную ролю ў фарміраванні нацыянальнай літаратурнай мовы і ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці. А літаратура — найважнейшы інструмент захавання гістарычнай памяці кожнага народа.

«Уласцівасць літаратурнай класікі ў тым, што яна не страчвае сваёй актуальнасці. Наадварот, яе ўздзеянне на грамадства і патэнцыял толькі растуць, — тлумачыць ён сваю думку. — Каб захаваць сілу класічнага слова, мы ў нашым інстытуце робім вельмі шмат. Напрыклад, цяпер выходзіць «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ў 50 тамах. Выдадзены ўжо 24 тамы».

Іван Саверчанка прадставіў і сваё новае літаратурна-мастацкае выданне «Рыцары Белай Русі», прысвечанае гісторыі ІX—XІV стагоддзяў, якое адлюстроўвае этнагенез беларусаў у мастацкай форме. У кнізе ідзе гаворка пра Полацкае княства, пра пачатак Вялікага Княства Літоўскага, пра такіх асоб, як Рагвалод і Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, князі Міндоўг і Трайдзень. Асвятляюцца найважнейшыя сацыяльныя і грамадска-палітычныя падзеі тых часоў, раскрываюцца абставіны ўзнікнення першых дзяржаўных утварэнняў на беларускіх землях, a таксама асабісты ўклад валадароў у іх аб'яднанне.

— Хачу падкрэсліць, што не толькі мы, літаратуразнаўцы, пішам свае працы па-беларуску, але і многія калегі з гуманітарнага аддзялення Нацыянальнай акадэміі навук пры напісанні акадэмічных навуковых даследаванняў, папулярных навуковых работ карыстаюцца сучаснай беларускай літаратурнай мовай. Напрыклад, філосафы выдалі шматтомнае выданне «Гісторыя філасофскай і грамадска-палітычнай думкі» на беларускай мове. Нашы этнафілосафы пішуць свае працы на беларускай мове, шмат гісторыкаў выдае навуковыя працы на беларускай мове. Тое ж робяць культуролагі і фалькларысты. А калі зазірнуць у нашы навуковыя часопісы, то можна ўбачыць там навуковыя артыкулы на беларускай мове і фізікаў, і біёлагаў.

Выхаваўчая функцыя падручніка

У верасні мінулага года ў беларускіх школах прайшлі Тыдзень роднай мовы і Рэспубліканская дыктоўка, удзел у якой узяў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны Булаўкінай, ва ўстановах адукацыі праводзіцца планамерная сістэмная работа па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы. Асноўны акцэнт робіцца на работу з бацькамі, бо рашэнне аб тым, на якой мове будзе вучыцца дзіця, прымаюць яго законныя прадстаўнікі. І менавіта такое рашэнне ўплывае пазней на адкрыццё класаў і школ з беларускай мовай навучання. «Заўважана добрая тэндэнцыя: у школах з рускай мовай навучання сёння па жаданні бацькоў сталі больш актыўна стварацца беларускамоўныя класы, — падкрэсліла Ірына Булаўкіна. — Так, пасля закрыцця малакамплектных селькіх школ, дзе дзеці навучаліся па-беларуску, па жаданні вучняў у школах з рускай мовай навучання, куды яны пераводзяцца, адкрываюцца і класы з беларускай мовай навучання».

Яшчэ адзін дзейсны інструмент папулярызацыі роднай мовы сярод школьнікаў — інтэлектуальныя спаборніцтвы па беларускай мове і літаратуры (конкурс даследчых работ і рэспубліканская алімпіяда), удзел у якіх на розных этапах бярэ штогод каля 40 тысяч навучэнцаў.

— Чым адметны сучасны школьны падручнік па беларускай мове, які дапамагае паспяхова вывучаць і засвойваць родную мову? — разважае намеснік дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі па навукова-даследчай рабоце Вольга Зелянко. — Пры навучанні беларускай мове мы імкнёмся аб'яднаць у адзін працэс вывучэнне беларускай мовы і культуры, каб сучасны школьнік усведамляў, што родная мова — гэта феномен нацыянальнай культуры. Выхаваўчая функцыя падручніка — функцыя нумар адзін, і нашы падручнікі па беларускай мове гэтую функцыю паспяхова выконваюць.

Сучасныя школьныя падручнікі багатыя на так званыя дадатковыя тэксты, у іх ёсць рубрыкі «Звярніце ўвагу», «Паслухайце мовазнаўцаў», «Скарбы мовы», «Дакладнасць маўлення», «Гавары і пішы правільна».

Што датычыцца зместу школьнай літаратурнай адукацыі, то ён, як запэўнівае Вольга Зелянко, вельмі рухомы ў плане з'яўлення там сучасных аўтараў, перагляду актуальнасці зместу для сучасных дзяцей пэўных літаратурных твораў.

— Мы пастаянна абнаўляем школьную праграму па літаратуры з улікам доследнай праверкі вучэбных дапаможнікаў. Настаўнікі нам падказваюць, што пэўны твор не выклікае эмацыянальнага водгуку ў школьнікаў, нейкі твор дзецям цяжка вывучыць на памяць. Або твор можа быць складаным для ўспрымання і вельмі аб'ёмным, але ён вельмі важны, таму яго пераносяць у спіс літаратуры для дадатковага чытання. У склад рабочай групы, якая пераглядае змест школьнай праграмы па літаратуры, уваходзяць і вучоныя, якія займаюцца методыкай навучання беларускай літаратуры, і настаўнікі, якія працуюць з дзецьмі штодня, і спецыялісты з Інстытута літаратуразнаўства, і пісьменнікі. Калі набліжаецца час перавыдання вучэбнага дапаможніка, мы стараемся абавязкова ўлічыць пажаданні і прапановы і спецыялістаў, і грамадскасці для таго, каб зрабіць змест літаратурнай адукацыі больш адпаведным узроставым, інтэлектуальным і пазнавальным магчымасцям дзяцей», — дадала Вольга Зелянко.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БелТА

Крыніца: «Звязда»

 

Ігар Капылоў: Нездарма ж кажуць, што беларуская мова — гэта жывая музыка

«Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова» — звяртаўся да свайго сучасніка-беларуса шмат гадоў таму Змітрок Бядуля. Сёння, у Міжнародны дзень роднай мовы, самы час паразважаць, як жа мы шануем свой нацыянальны скарб, беларускую мову... А суразмоўцам «Звязды» стане дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў. 


Фота: БелТА.

Фота: БелТА.

— Уяўленне пра працу лінгвістаў, філолагаў стэрэатыпнае: кабінетныя навукоўцы. Аднак насамрэч гэтая праца ўключае ў сябе і шматлікія экспедыцыі, сустрэчы з носьбітамі мовы... Ці часта цяпер супрацоўнікі вашага інстытута выбіраюцца «у людзі»?

— У гады майго студэнцкага жыцця студэнты філалагічнага факультэта БДУ рэгулярна пасля 2-га курса накіроўваліся ў дыялекталагічную экспедыцыю. Гэта была выдатная магчымасць пачуць жывое народнае слова. На жаль, сённяшнія студэнты такой магчымасці не маюць. Упэўнены, што дыялекталагічную практыку неабходна вярнуць у навучальны працэс. Інстытут мовазнаўства гатовы падключыць студэнтаў да нашых экспедыцый. А яны праводзяцца пастаянна. На базе Інстытута працуе аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі — гэта адзіны ў нашай краіне навуковы цэнтр, які займаецца вывучэннем беларускіх народных гаворак. Раней, гэта было адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, у такой працы фактычна былі задзейнічаныя ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі — настаўніцкія і педагагічныя інстытуты. Дзякуючы супольным высілкам і дзяржаўнай зацікаўленасці і падтрымцы ў досыць кароткі тэрмін быў створаны «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), уганараваны ў 1971 г. Дзяржаўнай прэміяй СССР. У наш час такія маштабныя палявыя даследаванні не праводзяцца, ды і сёння вёска зусім іншая ў параўнанні з той, якой яна была ў 40–60-я гады ХХ-га стагоддзя. Але нягледзячы на ўсё гэта аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі штогод, часам па некалькі разоў на год, едзе ў вёскі па народныя моўныя скарбы. Пры гэтым дыялекталагічныя экспедыцыі праводзяцца не толькі ў нашы беларускія вёскі, але і ў іншыя краіны, дзе таксама жыве традыцыйная беларуская гаворка. Напрыклад, акадэмічныя навукоўцы былі на Беласточчыне ў Польшчы, былі ў Невельскім і Себежскім раёнах на Пскоўшчыне і ў Суражскім раёне на Браншчыне. Пачынаючы з 2009 па 2021 гг. супрацоўнікі аддзела правялі 35 выездаў на тэрыторыю ўсходняй часткі Беларусі, наведалі ледзьве не ўсе яе раёны. Чаму менавіта сюды? Даведацца, наколькі жывое мясцовае маўленне падлегла пад рускамоўны ўплыў. Лексічны лад любой мовы надзвычай рухомы, дынамічны. Ці будзе жыць, і дакуль, дыялектная мова бабуль і дзядуль? Адказу дакладнага няма. Але выміранне вёскі спрыяе і выміранню традыцыйных мясцовых гаворак. Таму сёння задача аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі зрабіць як мага больш запісаў па ўсёй Беларусі. Я таксама з задавальненнем прымаю ўдзел у экспедыцыях. Дыялектолаг павінен не толькі добра разбірацца ў асаблівасцях народных гаворак, але яшчэ і быць добрым псіхолагам, умець знайсці падыход да суразмоўцаў. А тэксты, запісаныя падчас экспедыцый, каштоўныя не толькі для лінгвістыкі, яны змяшчаюць каштоўныя звесткі пра гісторыю народа, яго светабачанне, традыцыі і звычаі. Напрыклад, у канцы мінулага года, Года гістарычнай памяці, мы здалі ў выдавецтва рукапіс пад назвай «Вайна — трагедыя і памяць народа», у якім змешчаны ўспаміны жывых сведак падзей Вялікай Айчыннай вайны, запісаныя падчас дыялекталагічных экспедыцый.

— Мова — гэта жывая стыхія, акадэмік Ліхачоў увогуле сцвярджаў, што яна валодае сваёй ментальнасцю... Што адбываецца сёння з беларускай мовай, наколькі прырастае новымі формамі — бо яе побытавае выкарыстанне звужаецца і звужаецца, а частка тых, хто пачынае ёю карыстацца, вывучалі яе не натуральным чынам, у сям’і, а самастойна, па кнігах? Былі ж сумневы, ці прыжывецца мова «на асфальце», ці выйдзе з-пад стрэхаў...

—Бясспрэчна, што мова — жывая стыхія. Пашырэнне і інтэнсіфікацыя міжнародных кантактаў, актыўнае паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу, з’яўленне новых рэалій паслужылі прычынай актыўнага папаўнення лексічнай сістэмы беларускай мовы запазычаннямі з заходнееўрапейскіх моў, у першую чаргу, з англійскай, якая ў канцы XX ст. стала мовай глабальнай камунікацыі. Тэматычна новыя запазычанні ахопліваюць практычна ўсе сферы сучаснага жыцця: саміт, спічрайтар, электарат, афшор, бартар, дэфолт, клірынг, тэндар, дамп, драйвер, ноўтбук, сканер, прынтабайкер, перфоманс, прадзюсар, тэйп-арт, арганайзер, гамбургер, памперсы, сайдынг, фаст-фуд і г. д. У большасці выпадкаў запазычванне адбываецца праз пасрэдніцтва рускай мовы. Разам з тым непасрэдныя запазычанні з рускай мовы на сучасным этапе складаюць нязначную колькасць, у асноўным размоўныя словы. Больш за тое, у апошнія дзесяцігоддзі ў беларускай мове назіраецца тэндэнцыя адштурхоўвання ад лексікі, агульнай з рускай мовай, замена намінатыўных адзінак, агульных з рускай мовай, словамі з іншых славянскіх моў або лексічнымі адзінкамі, якія раней знаходзіліся на перыферыі моўнай сістэмы. Напрыклад, валіза — чамадан, ровар — веласіпед, імбрычак — чайнік, лецішча — дача, тынэйджар — падлетак, пляцак — рукзак, складанка — зборнік. 

На працягу многіх стагоддзяў носьбітам і захавальнікам беларускай мовы была вёска. Сёння, на жаль, нашы вёскі пусцеюць. Стан вясковай мовы таксама мяняецца. На сучасным этапе носьбітамі мовы з’яўляецца інтэлектуальная эліта. Зусім неабавязкова гэта прадстаўнікі гуманітарных прафесій. Актыўна карыстаюцца беларускай мовай праграмісты, урачы і бізнесмены. 

— Лёс беларускай мовы не выключны. Нагадаю, што ў Расіі мовай арыстакратаў доўга была французская — нават Тацяна Ларына ліст Анегіну пісала па-французку, бо «по-русски плохо знала». Габрэй з беларускай вёскі Лужкі на Шаркаўшчыне Бен Іегуда, калі аднаўляў іўрыт, сустракаў шмат скептыцызму, але казаў, што калі можна аднавіць мову, на якой перасталі гаварыць, размоўнай для аднаго чалавека, можна зрабіць яе размоўнай і для ўсяго грамадства. Што трэба зрабіць, каб беларуская мова гучала на вуліцах і ў дамах беларусаў? 

— Прыклад яўрэйскага народа надзвычай паказальны. Іўрыт, мёртвая мова, быў не толькі адроджаны, але і выступіў дзейным фактарам аб’яднання ўсёй нацыі на тэрыторыі новастворанай дзяржавы. Прыемна адзначыць, што выключна важную ролю ў гэтым адыграў наш зямляк. Але параўноваць беларускую мову з іўрытам нельга. Беларуская мова — жывая мова. Больш за тое, ёй нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы незалежнай краіны. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што на сучасным этапе беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова з багатым слоўнікавым складам, разгалінаванай навуковай тэрміналогіяй і строгай сістэмай норм. Не трэба шукаць вінаватых у тым, што нацыянальная мова шырока не выкарыстоўваецца. Неабходна пачынаць з сябе. Ці заўсёды хапае волі зрабіць першыя крокі? Прывяду такі прыклад. На занятках па беларускай мове студэнты, натуральна, многа разважаюць пра тое, што мову трэба развіваць, падтрымліваць, папулярызаваць. Калі ж я прашу падняць руку тых, хто, атрымліваючы стыпендыю ў банкамаце, націскае кнопачку з беларускай мовай, то бачу аднаго, у лепшым выпадку дваіх студэнтаў з 30. Ці ўзяць заліковую кніжку — яна аформлена па-беларуску, застаецца толькі ўпісаць сваё прозвішча ў беларускамоўным варыянце, дык не, пішуць па-руску. Атрымліваецца, дзяржава забяспечыла магчымасці, а грамадзянін не жадае прыкласці нават невялікія высілкі, каб падтрымаць мову. У ідэале павага да нацыянальнай мовы павінна выхоўвацца ў сям’і. Калі няма асяроддзя, калі людзі не чуюць мову ў сям’і, то натуральна, што яна ўспрымаецца як замежная. З іншага боку, сёння людзі вельмі прагматычныя. Для іх недастаткова заклікаў любіць і ведаць родную мову. Павінна быць матывацыя. Тут ужо павінна прыйсці адчуванне таго, што толькі веданне дзяржаўных моў, у першую чаргу нацыянальнай, а таксама замежных, найперш англійскай, дапаможа маладому чалавеку рэалізаваць свае магчымасці і амбіцыі ў сучасным шматмоўным і шматкультурным свеце. 

Што тычыцца дзяржавы, то робіцца для развіцця беларускай мовы не так і мала. Існуе дзяржаўная падпраграма навуковых даследаванняў, выдаецца вялікая колькасць беларускамоўнай літаратуры, рэгіструюцца і афармляюцца па-беларуску многія аб’екты, беларуская мова гучыць у грамадскім транспарце. Тым не менш гэтага недастаткова. Беларуская мова не запатрабавана ў многіх важных сферах грамадскага жыцця. Думаю, што павінна быць распрацавана дзяржаўная праграма па падтрымцы нацыянальнай мовы. Да распрацоўкі такой праграмы павінны падключыцца вучоныя НАН Беларусі, выкладчыкі ВНУ, школьныя настаўнікі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і грамадскасці.

— Ва Уладзіміра Караткевіча ёсць палючы верш пра беларускую мову... «Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь Вавілонскую Вежу Адам, і няўмольна сальюцца мовы зямлі ў адну, няродную нам». Караткевіч зацята адмаўляецца ў гэта верыць... А вы? Што адбываецца сёння з нацыянальнымі мовамі свету?

— Я таксама адмаўляюся ў гэта верыць. Інакш жыццё на Зямлі стане нецікавым. Мова кожнага народа з’яўляецца ўнікальным інструментам для разумення і апісання навакольнага асяроддзя, важным сродкам камунікацыі і перадачы ведаў, уяўляе сабой своеасаблівае «сховішча» гістарычнага і сацыяльнага вопыту нацый, выступае ў якасці фактару сацыялізацыі і сродку самаідэнтыфікацыі чалавека. Нягледзячы на гэта, амаль палова моў свету, па даных ЮНЕСКА, знаходзіцца пад пагрозай знікнення, многія мовы страчваюць сваё значэнне ў разнастайных сферах грамадскага жыцця. Прыкладна 600 моў знікла на працягу ХХ стагоддзя, на жаль, гэтыя працэсы працягваюцца. Калі яны будуць адбывацца з такой жа інтэнсіўнасцю, то па прагнозах спецыялістаў ужо ў сярэдзіне гэтага стагоддзя застанецца толькі 50% існуючых сёння моў, а к канцу стагоддзя каля 90 працэнтаў моў свету знікне з лінгвістычнай карты. Да асноўных выклікаў сучаснасці адносяцца працэсы глабалізацыі, вынікам якіх становіцца дамінаванне невялікай колькасці моў. І нават шырокараспаўсюджаныя мовы знаходзяцца ў складанай сітуацыі, паколькі адзначаецца негатыўны ўплыў на літаратурныя нормы. Гэта ў значнай ступені звязана з лібералізацыяй адукацыі, развіццём сацыяльных медыя (сетак), беспрэцэдэнтнай дэмакратызацыяй публічнай інфармацыйнай прасторы. Узнікла прынцыпова новае інфармацыйнае асяроддзе, дзе няма аўтарытэтаў, норм і межаў самавыражэння. Лінгвістычная разнастайнасць — гэта рэсурс, які можа садзейнічаць стабільнасці і спрыяць паспяховаму развіццю грамадства. Невыпадкова, што праблема захавання і развіцця нацыянальных культур, нацыянальных моў, нацыянальных літаратур, духоўнай спадчыны народаў сёння набывае прыярытэтнае сусветнае значэнне.

Сёння існуе вялікая колькасць міжнародных дакументаў па абароне моў і моўнай разнастайнасці. Пастаянны форум ААН штогод выступае з рознымі ініцыятывамі. Стварэнне Сусветнага атласа моў дазваляе даць ацэнку стану моў і садзейнічае выпрацоўцы комплексных мер. Таму задачай агульнадзяржаўнай важнасці застаецца захаванне сваёй этнакультурнай самабытнасці як функцыянальна неабходнага кампанента грамадства. У адпаведнасці з сучасным курсам Рэспублікі Беларусь на ўмацаванне суверэнітэту краіны, дзяржаўная нацыянальная мова павінна быць не толькі сродкам камунікацыі, элементам культуры, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, сімвалам нацыянальнай свядомасці, але і неад’емным атрыбутам незалежнасці краіны, фактарам кансалідацыі і яднання беларускай нацыі, гарантам гуманітарнай бяспекі. Гэтыя палажэнні замацаваны ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Беларускай мове нададзены высокі статус дзяржаўнай мовы, замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. 

— Яшчэ ў канцы 1980-х мы баранілі сваю мову, сцвярджаючы, што па даследваннях навукоўцаў яна займае другое месца ў свеце па меладычнасці пасля італьянскай... А як насамрэч?

— Інфармацыя пра тое, што беларуская мова займае другое месца ў свеце па меладычнасці ўжо даўно бытуе ў нашым грамадстве. Але дакументальна пацверджаных звестак аб правядзенні такіх даследаванняў у нашым распараджэнні няма. Разам з тым такое меркаванне ўзнікла небеспадстаўна. У беларускай мове, у адрозненне ад многіх моў свету, няма кароткіх галосных гукаў. Апрача таго, для беларускай мовы нехарактэрна спалучэнне некалькіх зычных (напрыклад, 3-4 зычных як у чэшскай мове). У нашай мове больш, чым у рускай мове, санорных гукаў. Націск у словах «працуе», каб скаардынаваць склады. Усё гэта стварае адметны меладычны малюнак мовы. Нездарма ж некаторыя спевакі і кампазітары кажуць, што беларуская мова — гэта жывая музыка.

— І пытанне пра мову мастацкіх твораў... Цяпер іх ствараюць у асноўным «дзеці асфальту», над калыскамі якіх маці не спявалі беларускія калыханкі. Наколькі дапушчальна для літаратара парушэнне існуючых моўных нормаў у творах? Ці дапушчальна ўсё — бо менавіта ў літаратуры шліфуецца, аздабляецца, развіваецца мова? І ці сочыце вы за мовай перакладаў на беларускую твораў сусветнай літаратуры? 

— Праблема мовы пісьменніка надзвычай важная. Варта ўзгадаць словы Якуба Коласа:"Тварэц мовы — народ. Задача ж пісьменніка — у фарміраванні, адборы найлепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных нормаў«. На працягу ўсёй гісторыі беларускай літаратурнай мовы пісьменнікі адыгрывалі выключную ролю ў яе развіцці. Часта пісьменнікі стваралі новыя словы, якія арганічна прыжыліся ў мове і ўзбагацілі яе. Напрыклад, Уладзіміру Дубоўку належаць такія выдатныя наватворы як агнявейны, красамоўца, смутнавокі, успаветраны, шумлівазвонны, крынічыць і інш. А якімі арыгінальнымі рэгіянальнымі фразеалагізмамі ўзбагаціў мову Якуб Колас, напрыклад, хоць на пупе круціся, ні крупнік, ні каша, страляць у саракоўку і інш. Народнае слова для пісьменнікаў таго часу было натуральным, засвоеным з дзяцінства, паколькі большасць з іх нарадзілася і вырасла ў вёсцы. Сёння сітуацыя кардынальна змянілася. Натуральная, арганічная мова вёскі знікае або істотна змяняецца пад уплывам рускай мовы. Цяпер мастацкія творы, як правіла, ствараюць «дзеці асфальту». Уплыў на мову пісьменніка аказвае публіцыстыка, сацыяльныя сеткі, з’яўляецца многа запазычанняў, слоў са слэнгу і інш. Як быць у такой сітуацыі? Магу параіць пісьменнікам карыстацца тымі багатымі лексічнымі рэсурсамі, якія сабраны, сістэматызаваны акадэмічнымі вучонымі-дыялектолагамі. Пры напісанні твораў на гістарычную тэматыку, думаю, немагчыма абыйсціся без «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 37 выпусках. З аднаго боку, норма стрымлівае моўную стыхію, а з другога боку, ці ўдасца пісьменніку рэалізаваць творчую задуму, калі не выходзіць за межы нормы? Думаю, што творчая асоба мае права выходзіць за межы лексічных нормаў літаратурнай мовы, напрыклад, ужываючы дыялектныя словы або аўтарскія аказіяналізмы. Не выключана, што з цягам часу гэтыя словы трывала замацуюцца ў мове. 

Калі гаварыць пра пераклад мастацкіх тэкстаў з далёкіх беларускай моў, то выразна заўважны дзве асноўныя тэндэнцыі: першая — перакладчык імкнецца як мага дакладней перадаць аўтарскі мастацкі свет; другая тэндэнцыя — максімальна адаптаваць, «адамашніць» арыгінал. І вось у другім выпадку часам узнікаюць сур’ёзныя непаразуменні. Напрыклад, у 2013 г. пераклад усім вядомай кнігі англійскага пісьменніка Льюіса Кэрала, якая ў арыгінале мае назву «Alice’s Adventures in Wonderland» (дакладна «Прыгоды Эліс (Алісы) у Краіне Цудаў»), створаны беларускім перакладчыкам Максам Шчурам, выклікаў непаразуменне ўжо сваёй беларускамоўнай назвай — «Алесіны прыгоды ў дзівоснай краіне». У канцы 2022 г. у інтэрнэт-прасторы з’явілася інфармацыя, што відэасэрвіс VOKA выпусціў у афіцыйным беларускамоўным дубляжы дыснееўскі фільм 2010 г., і тут па-беларуску назва гучыць як «Аліса ў Цудазем’і», што таксама можна назваць няўдалым «адамашніваннем».

Дарэчы, у нашым Інстытуце 22 лютага адбудзецца круглы стол «Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы». Запрашаем...

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Крыніца: «Звязда»

 

«Народная асвета» рекомендует: 

Азбука ў малюнках

А. В. Солахаў, Д. А. Губар

У кнізе чытач знойдзе шмат малюнкаў розных аб'ектаў з назвамі на кожны гук беларускай фанетычнай сістэмы. Азбука дапаможа пашырыць слоўнікавы запас дзіцяці, навучыць вылучаць гукі і склады ў словах, разаўе маўленне, памяць і мысленне.
Адрасуецца дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, іх бацькам і выхавальнікам.

Мастак Наста Ткачова.

Азбука ў малюнках

17.48 руб.

 

Дзе схавана шакаладка?

Людміла Кебіч

У кнізе сабраны аўтарскія загадкі, якія могуць стаць неабходным дадатковым матэрыялам для пашырэння ведаў па роднай мове.

Адрасуецца вучням, настаўнікам, выхавацелям і бацькам.

Дзе схавана шакаладка?

6.43 руб.

 

 

Энцыклапедыя юнага натураліста

 В. В. Кажура

Кніга вядомага беларускага аўтара Віктара Кажуры працягвае серыю «Школьная энцыклапедыя». Гэта незвычайная энцыклапедыя. У кнізе чытач знойдзе шмат ілюстрацый, а таксама вершы і апісанні розных раслін, грыбоў і жывёл. Для цікаўных ? рэцэпты блюд.

Адрасуецца чытачам малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, а таксама настаўнікам і бацькам.

Мастак Алена Дашкевіч.

17.66 руб.

 

Мастак-чарадзей

С. А. Быкава

У кнізе аўтар у паэтычнай форме расказвае, як прырода, бы жывая істота, засынае восенню, адпачывае ўзімку, абуджаецца вясной, а ўлетку — квітнее і радуецца жыццю. А дапамагае чытачу ўбачыць прыгажосць беларускай прыроды мастак Віктар Данілаў, акварэлямі якога шчодра ілюстравана выданне.

Адрасуецца дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту, настаў­нікам і бацькам.

Мастак Віктар Данілаў. 

 14.92 руб.

 

Мая родная старонка: краязнаўства і этнаграфія Беларусі для дзяцей ад 5 да 7 гадоў

Д. М. Дубініна

Дапаможнік уключае адукацыйныя сітуацыі, якія можна канструяваць з выхаванцамі ад 5 да 7 гадоў у час нерэгламентаванай дзейнасцi.
Змест садзейнічае рэалізацыі задач адукацыйных галін «Дзіця і грамадства., «Дзіця і прырода», «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.
Прызначаецца для ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай i рускай мовамі навучання і бацькоў.

8.94 руб.

 

Мая родная старонка: краязнаўства і этнаграфія Беларусі для дзяцей ад 5 да 7 гадоў

Д. М. Дубініна

Вучэбны наглядны дапаможнік уключае метадычныя рэкамендацыі і наглядны матэрыял для правядзення дыдактычных гульняў, накіраваных на фарміраванне элементарных краязнаўчых і этнаграфічных ведаў, развіццё ўспрымання, памяці, мыслення і маўлення ў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў.
Змест садзейнічае рэалізацыі задач адукацыйных галін «Дзіця і грамадства», «Дзіця і прырода», «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. Прызначаецца для ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і бацькоў.

Мая родная старонка: краязнаўства і этнаграфія Беларусі для дзяцей ад 5 да 7 гадоў

16.19 руб.

 

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

М. А. Маляўка

У кніжцы расказваецца, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі гаспадарчага і хатняга ўжытку карысталіся, якую спадчыну пакінулі нам, сваім нашчадкам. Абразкі з жыцця старой вёскі перасыпаны паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прыказкамі і прымаўкамі, загадкамі. Аўтар падрыхтаваў для чытачоў заданні: трэба адказаць на пытанні, так ці іначай звязаныя з вясковай сядзібаю, лёсам яе гаспадароў, іх буднямі і святамі.

2-е выданне, перапрацаванае

Спадчына, або Каб не стаць манкуртам. Абразкі з жыцця нашых продкаў

25 руб.

 

Бацькоўскі дар

Янка Купала, Якуб Колас

У кнігу ўвайшлі творы народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы  («Спадчына», «Курган») і Якуба Коласа («Новая зямля»).

Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Выданне падрыхтавана ў межах сацыяльна-творчага праекта «Сямейнае чытанне» сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У кнізе прадстаўлены фатаграфіі родных мясцін – вытокаў жыцця і творчасці песняроў беларускага народа Янкі Купалы і Якуба Коласа. 

Ідэя і ўкладанне Л. С. Ананіч.

Фота А. В. Клешчука.

19.54 руб.