Пароль — Парнат
Паступіць сюды няпроста, затое вучыцца?— прэстыжна і вельмі цікава. Ужо амаль 60 гадоў вопытныя педагогі выхоўваюць таленавітых дзяцей у сталічнай Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.
Першапачаткова гімназія называлася Рэспубліканскай спецыялізаванай сярэдняй школай-інтэрнатам па музыцы і выяўленчым мастацтве. Яе ўрачыстае адкрыццё адбылося ў верасні 1962 года.
Таленту трэба дапамагаць
Зараз ніхто і не ўспомніць, каму першаму прыйшло ў галаву называць яе жартаўліва-паважліва Парнатам — па аналогіі з міфічнай свяшчэннай гарой Апалона (дзе, паводле легенды, жылі музы), змяніўшы канец слова на -нат, запазычаны, верагодна, у інтэрната. Назва прыжылася, і для шматлікіх выпускнікоў знакамітай установы адукацыі стала своеасаблівым паролем, што пацвярджае прыналежнасць да садружнасці “пасвячоных”.
Ішоў час, мяняўся статус установы, але нязменным заставаўся дух творчасці і высокай паэзіі ў музыцы, у спевах, у фарбах. Да нашых дзён гімназія-каледж мастацтваў першачарговай задачай лічыць развіццё здольнасцей адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, будучых мастакоў і музыкантаў.
Навучэнцы з дзяцінства тут прывучаны захоплена і падоўгу працаваць, гадзінамі не адыходзяць, скажам, ад фартэпіяна, здабываюць цудоўныя гукі са скрыпак і цымбалаў, па некалькі разоў перапісваюць нацюрморт або партрэт, каб натура ажыла на палатне. Нездарма выпускнікі, зараз ужо вядомыя музыканты, жывапісцы, скульптары, гавораць: “Галоўнае, чаму нас навучылі нашы настаўнікі, — гэта ўменне і жаданне натхнёна і шмат працаваць”.
На сённяшні дзень Парнат пакараюць каля 500 навучэнцаў. Акрамя спецыяльных, яны вывучаюць агульнаадукацыйныя дысцыпліны, жадаючыя папаўняюць любы з некалькіх узорных дзіцячых калектываў. Больш за 100 дзяцей атрымліваюць стыпендыі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Звыш 180 юнакоў і дзяўчат з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, пераможцамі форумаў і выстаў.
Мастацтва нон-стоп
Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Людміла Яўгенаўна Герасімовіч расказвае:
— Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка” не адзіная ў краіне, але па-свойму ўнікальная. Яна была адкрыта па ініцыятыве легендарнага Рыгора Шырмы.
Навучанне ў нас у асноўным на беларускай мове, у тым ліку ўсе агульнаадукацыйныя прадметы — матэматыка, фізіка, хімія і г.д. Толькі інфарматыка выкладаецца на рускай мове з-за складанасцей з тэрміналогіяй. Падрыхтоўка навучэнцаў вядзецца па спецыяльнасцях “Жывапіс”, “Скульптура”, “Інструментальнае выкананне (па напрамках)”, “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”. Юныя таленты паступаюць у пачатковую школу (2—4 класы), затым пераходзяць у гімназію (5—9 класы) і, нарэшце, найбольш здольныя і мэтанакіраваныя — у каледж (1—3 курсы).
Дзяржава стварыла для вучобы ўнікальныя ўмовы. Светлыя, прасторныя вучэбныя класы і майстэрні, значная колькасць неабходных для заняткаў музычных інструментаў, абсталяванне і сама атмасфера ў гэтым храме мастацтваў на сталічнай вуліцы Макаёнка настройваюць на пакарэнне творчых вяршынь.
Па словах Людмілы Яўгенаўны, у гімназіі-каледжы працуе каля 230 настаўнікаў мастацкай, музычнай і агульнаадукацыйнай накіраванасці, усе яны сапраўдныя прафесіяналы. Нездарма практычна 60 працэнтаў навучэнцаў пасля заканчэння Парната паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Разам з дыпломамі астатнія выпускнікі атрымліваюць першае рабочае месца. Яны працуюць мастацкімі кіраўнікамі ў дзіцячых садах, кіруюць студыямі, творчымі калектывамі, выкладаюць у музычных школах.
— Каля 200 навучэнцаў, — працягвае Людміла Яўгенаўна,?— пражываюць у спальных карпусах, іншымі словамі, у інтэрнаце, прычым фактычна бясплатна. Дзяржава забяспечвае дзяцей 4-разовым і зноў жа бясплатным харчаваннем. Старэйшыя, хто вучыцца ў каледжы, атрымліваюць стыпендыі, нярэдка павышаныя.
Дзеці, акрамя вывучэння агульнаадукацыйных прадметаў, пасля абеду індывідуальна займаюцца музыкай ці выяўленчым мастацтвам. Гімназія-каледж мастацтваў для іх — другі дом. А ў кожны з 8 карпусоў, злучаных пераходамі, уключаючы два спальныя — для хлопчыкаў і дзяўчынак, яны могуць трапіць, не апранаючы вопратку…
Элітнае і любімае
…Кнігі, фатаграфіі, дыпломы навучэнцаў гімназіі-каледжа мастацтваў, якія адзначыліся на міжнародных конкурсах, і дзве цудоўныя жывапісныя работы?— вялікі і яркі нацюрморт і абраз з выявай Георгія Перамаганосца?— упрыгожваюць кабінет дырэктара ўстановы адукацыі Міхаіла Пазднікава. Вядома, што карціны напісаны знакамітым расійскім скульптарам і мастаком Зурабам Цэрэтэлі і падораны ад імя мэтра выпускнікам у знак удзячнасці.
Як і ўсе калегі, Міхаіл Аляксандравіч ганарыцца тым, што ў Парната такое слаўнае мінулае, знатныя выпускнікі і дастойная падрастаючая змена. Напрыклад, Ілья Волкаў, які стаў прызёрам на дзіцячым “Еўрабачанні” ў 2013?годзе.
— Вось яго фота з гэтага конкурсу, — паказвае дырэктар фатаграфію на сцяне. — Яшчэ адна наша дзяўчынка, Мілена Вольская, таксама ўдзельнічала там як бэк-вакалістка. Ілья быў вельмі артыстычным хлопчыкам, добра танцаваў, зараз працягвае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
А гэта яшчэ адзін наш знакаміты вучань Дзяніс Ліннік. Яго з Мар’інай Горкі прывезла мама ў 2 клас. Ён займаўся на фартэпіяна, выступаў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Зараз ён піяніст, які гастралюе. На 55 гадоў з дня адкрыцця нашай установы адукацыі Дзяніс прыязджаў, даваў канцэрт з удзелам нашага аркестра. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.
Гімназія-каледж мастацтваў заўсёды мела рэпутацыю элітнай навучальнай установы, дзе вучацца адораныя дзеці з усіх куткоў краіны. За час яе існавання тут падрыхтавана каля 2 тысяч спецыялістаў у галіне музычнага і выяўленчага мастацтва, многія з якіх сёння праслаўляюць краіну.
І гэта, безумоўна, у першую чаргу, заслуга выдатнага калектыву педагогаў, упэўнена Людміла Герасімовіч:
— У нас ёсць людзі, якія працуюць у навучальнай установе звыш 40 гадоў. А настаўніку фізічнай культуры і здароўя Мікалаю Сляпцову, напрыклад, ужо за 80, ён узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені. Мікалай Мікалаевіч лічыць, што яго прадмет патрэбны ва ўсе часы і абсалютна ўсім. Такіх людзей з вельмі вялікім працоўным стажам у нас многа. Уявіць без іх Парнат проста немагчыма.
Уладзімір ПІСАРАЎ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Адпаведна сусветным стандартам
Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж — вельмі папулярны сярод патэнцыяльных абітурыентаў.
Тут недахопу ў навучэнцах не адчуваюць ніколі. Прычына такой запатрабаванасці — добрасумленная праца педагагічнага калектыву па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці. На сённяшні дзень тэхналагічны каледж гарантуе моладзі навучанне па запатрабаваных у грамадстве спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома.
— Мы выразна разумеем, наколькі важная сёння стабільная забяспечанасць эканомікі высокакваліфікаванымі рабочымі і спецыялістамі. Таму ў ліку першачарговых сваіх задач бачым якасць падрыхтоўкі навучэнцаў. Своеасаблівы інструмент для яе павышэння — далучэнне навучэнцаў да ўдзелу ў разнастайных конкурсах прафесійнага майстэрства. Менавіта гэта дазваляе рыхтаваць кадры ў адпаведнасці з самымі сучаснымі сусветнымі стандартамі,?— упэўнена дырэктар тэхналагічнага каледжа Валянціна Страхалет.
Па яе словах, асаблівых поспехаў у гэтым кірунку ўдалося дасягнуць у руху WorldSkills. Ужо 2014 годзе трое вучняў у першым нацыянальным чэмпіянаце занялі тры пераможныя месцы ў кампетэнцыях “Кулінарнае мастацтва”, “Кандытарскае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”. Адна з пераможцаў — Марыя Захаркіна — пасля прыняла ўдзел у чэмпіянаце “WorldSkills СНД” у Казані, дзе заваявала сярэбраны медаль, і ў сусветным чэмпіянаце ў бразільскім Сан-Паўлу, дзе адстойвала гонар Беларусі.
Свае прафесійныя веды і ўменні навучэнцы тэхналагічнага каледжа пацвярджалі і на спаборніцтвах 2016, 2018, 2020 гадоў. Прычым вызначаліся не толькі перамогамі нацыянальнага турніру, а і медалём на ўзроўні СНД.
— Новым вопытам для нас стаў удзел у леташнім Еўразійскім чэмпіянаце, які праходзіў дыстанцыйна. Канкурэнцыя там была вялікая, бо канкурсантамі сталі маладыя прафесіяналы з 11 краін. Але наша навучэнка Караліна Гарбачова стала сярэбраным прызёрам у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва”, — паведаміла Валянціна Міхайлаўна.
Па словах кіраўніка, сакрэт такога стабільнага поспеху — у двух асноўных фактарах. Важнейшы з іх — сучасная матэрыяльная база. Сёння ў тэхналагічным каледжы ёсць усё неабходнае для забеспячэння якаснай адукацыі, правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў на належным узроўні.
— Да нядаўняга часу была пэўная праблема з наяўнасцю плошчаў. У каледжы вучацца больш за тысячу маладых людзей, адукацыйны працэс прыходзілася ладзіць у дзве змены. Але летась з падтрымкай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама гэтая праблема была вырашана. У нас з’явіўся дадатковы вучэбны корпус. Там уласнымі сіламі за пазабюджэтныя сродкі праведзены рамонт і з 1 верасня арганізаваны заняткі для 19 вучэбных груп. Такім чынам, мы змаглі разгрузіць вытворчы корпус у цэнтральным будынку і стварыць там вучэбныя майстэрні менавіта для падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў прафесійных спаборніцтвах, — адзначыла Валянціна Страхалет.
Новыя майстэрні, якія адпавядаюць сусветным патрабаванням, былі адкрыты па кампетэнцыях “Візуальны мерчындайзінг”, “Кулінарнае мастацтва”, “Рэстаранны сэрвіс”, “Электроніка і электразабеспячэнне”, “Кандытарскае мастацтва”.
— Ва ўсіх памяшканнях ёсць самае сучаснае абсталяванне і прылады, неабходныя для адпрацоўкі практычных навыкаў па канкрэтных кампетэнцыях. Важна, што тут займаюцца толькі навучэнцы, якія рыхтуюцца да спаборніцтваў. Зараз у каледжы створаны найлепшыя ўмовы для развіцця здольнасцей нашых маладых талентаў, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Наталля Сухадолава.
Новымі ўмовамі для падрыхтоўкі навучэнцы вельмі задаволены. Хлопцы і дзяўчаты адзначаюць, што ў майстэрнях усё максімальна набліжана да рэальных конкурсных умоў.
— Для нас абсталявалі працоўныя месцы, як на сапраўдных спаборніцтвах. У майстэрні ёсць таксама ўся кулінарная тэхніка і прылады, падтрымліваецца неабходны тэмпературны рэжым, што дазваляе спрабаваць сябе ў новых напрамках, гатаваць новыя стравы. Канечне, гэта садзейнічае агульнаму павышэнню падрыхтоўкі і прафесійнай кваліфікацыі, — падзялілася Караліна Гарбачова.
Дарэчы, яшчэ адзін сакрэт пераможных выступленняў навучэнцаў тэхналагічнага каледжа на прафесійных спаборніцтвах?— высокая кваліфікацыя і прафесіяналізм мясцовых педагагічных работнікаў. Ва ўстанове ёсць свой нацыянальны эксперт. Усе выкладчыкі пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень, удзельнічаюць у майстар-класах, семінарах і канферэнцыях. Значна, што ў калектыве шмат моладзі. У тым ліку — былыя выпускнікі, пераможцы WorldSkills, якія перадаюць вопыт наступным пакаленням.
— Імкнёмся бесперапынна ісці ў нагу з часам. Пастаянна вывучаем тэндэнцыі і новаўвядзенні ў прафесійнай адукацыі ў цэлым і ў выкладанні пэўных спецыяльнасцей у прыватнасці, — адзначыла нацыянальны эксперт па кандытарскім мастацтве намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Таццяна Кабанькова.
Перамогі ў прэстыжных стартах ствараюць імідж навучальнай установы. Магілёўскі тэхналагічны каледж — добра вядомы ў рэгіёне сваёй паспяховай дзейнасцю, а таксама выпускнікамі, якія вельмі запатрабаваны сярод работадаўцаў і заказчыкаў кадраў. Нядзіўна, што былыя школьнікі імкнуцца трапіць сюды на навучанне.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.
Героі нашага часу
Выпускнікі Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа — архітэктар, плітачнік і майстар вытворчага навучання — расказваюць пра шлях у прафесію і дзеляцца планамі на будучыню.
Кампетэнтныя, амбіцыйныя, энергічныя — яны ўсміхаюцца нам з білбордаў, выклікаюць захапленне на чэмпіянатах WorldSkills, упэўнена стартуюць на вытворчасці, у навуцы і сацыяльнай сферы, развіваюцца і рухаюць прагрэс. А чым яны самі вымяраюць паспяховасць, што лічаць яе гарантыяй, якім бачаць заўтрашні дзень? Наколькі мяняецца гэтая сістэма каардынат з набыццём жыццёвага і прафесійнага вопыту?
Валерый Рэйнгольд, Віцебск
— Пасля каледжа мне прапанавалі застацца працаваць майстрам вытворчага навучання. У калектыве прынялі нармальна. Дапамагаем адно аднаму, узнікаюць нейкія пытанні — вырашаем калектыўна. Жыллём спачатку забяспечыў каледж — у нашым інтэрнаце. Потым я ажаніўся. Як маладая сям’я, мы сталі на чаргу ў гарвыканкаме і атрымалі кватэру ў Білева. Год назад нарадзілася дачка, трэцяе дзіця ў сям’і. Перааформілі крэдыт на льготны. Добрая падтрымка з боку дзяржавы, яшчэ і на пашырэнне пойдзем. Што да матэрыяльна-тэхнічнай базы на першым рабочым месцы, то яна была стандартнага постсавецкага ўзору. Вялікія змяненні наступілі з прыходам новага дырэктара Аляксандра Ласякіна. Пачыналі адбудоўваць і пераабсталёўваць з малога. Паступова абнаўленне стала больш маштабным, а яго вынікі ўжо нельга не заўважыць. Мы адчулі моцную дзяржаўную падтрымку: дапамагалі і Міністэрства адукацыі, і аблвыканкам, і наша галоўнае ўпраўленне па адукацыі. Адкрылі рэсурсны цэнтр. Рамонт памяшканняў — фактычна ўсе работы, якія можам рабіць сваімі сіламі, — выконваем гаспадарчым спосабам. Зараз займаемся першым паверхам у вучэбным корпусе № 3, дзе будуць устаноўлены станкі па апрацоўцы металу. Задзейнічаны і выкладчыкі, і майстры вытворчага навучання, і навучэнцы. Апошнія за кошт гэтага атрымліваюць вялікі вопыт, вучацца працаваць на сучасным абсталяванні, з найноўшымі матэрыяламі. Лічу, што наша база — найлепшая ў краіне ва ўсім, што тычыцца будаўнічага профілю. Дырэктар ставіць новыя задачы, заглядвае наперад, да чаго імкнуцца. Жыццё не стаіць на месцы, удасканальвацца сапраўды важна.
“Што б ты ні рабіў — ты робіш сябе” — гаворыць усходняя мудрасць. Кожны шукае свой шлях. Мне пашчасціла яго знайсці”.
Прафесія майстра вытворчага навучання патрабуе пастаяннага росту ў прафесійным плане. З прыходам у каледж я вёў каменныя работы, на цяперашні час больш сканцэнтраваўся на абліцоўцы пліткай. Акрамя таго, маю каля дзясятка ў дасканаласці асвоеных будаўнічых кваліфікацый, пастаянна вывучаю новыя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, атрымаў спецыяльнасць інжынера-будаўніка ў Полацкім дзяржаўным універсітэце, скончыў многа розных карысных курсаў. Цяпер таксама павышаю кваліфікацыю: вырашыў пашырыць педагагічныя кампетэнцыі, каб працаваць не толькі майстрам, але і выкладчыкам. Прыемна і адказна, што ў гэтым навучальным годзе мяне ўзнагародзілі нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі”.
Каледж актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў руху WorldSkills. У кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай” трымаем лідарства на двух апошніх нацыянальных чэмпіянатах. Спачатку парадаваў Канстанцін Беразенка, якога ад пераможцы аддзялялі ўсяго дзве сотыя бала, і ўсё ж менавіта яго пасля паўгадавой дадатковай падрыхтоўкі выбралі для ўдзелу ў WorldSkills Kazan — 2019. А на мінулым нацыянальным чэмпіянаце Раман Каравікоў папоўніў скарбонку дасягненняў каледжа залатым медалём.
Наталля Харашкевіч, Наваполацк:
— Пасля школы заканамерна паўстаў выбар: універсітэт або каледж. Параілася з блізкімі людзьмі, сама да сябе прыслухалася і наважылася з вышэйшай адукацыяй пачакаць, папярэдне ўпэўніцца, ці сапраўды архітэктура — гэта маё. Увагу прыцягнуў тэхнічны каледж у Віцебску. З уступнымі выпрабаваннямі справілася. У спісе на залічэнне ўбачыла сваё прозвішча на першым радку. Колькі радасці было! А надзей і чаканняў яшчэ больш…
Варта сказаць, яны спраўдзіліся. Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база каледжа, цікавае навучэнскае жыццё, многа творчасці і, галоўнае, пашанцавала з выкладчыкамі. У падрыхтоўцы нават па агульнаадукацыйных прадметах выразны акцэнт зроблены на тым, што накіравана на спецыяльнасць. Асабліва ўдзячна Наталлі Харытонавай, якая выкладала нам канструкцыі будынкаў і збудаванняў. У яе сапраўдны настаўніцкі талент і велізарны вопыт, бо раней яна працавала ў галіне архітэктуры. Было максімальна цікава вучыцца, даведвацца больш, чым па праграме.
Каледж скончыла з чырвоным дыпломам. Па размеркаванні ўжо амаль год працую ў Наваполацкім філіяле “Віцебскграмадзянпраекта”. Да мяне аднесліся добра, адразу прынялі ў каманду. З любымі пытаннямі дапамагалі, калі штосьці не разумела. Думаю, у любога маладога спецыяліста так: якая б ні была падрыхтоўка, заўсёды застаюцца за кадрам асобныя моманты, звязаныя непасрэдна з работай. Не падумайце, перавучвацца на месцы не давялося. Проста часам патлумачыць адзін раз — і гэтага поўнасцю дастаткова, падхопліваеш і далей, як трэба, атрымліваецца.
У планах — вучоба ў БНТУ. Вялікая перавага, што да паступлення дакладна ведаю, навошта мне вышэйшая адукацыя і як праходзяць вытворчыя працэсы ў архітэктуры.
Калі я толькі прыйшла, мы пераважна праектавалі жылыя шматпавярховыя дамы. Цікава распрацоўваць планіроўкі, колеравыя рашэнні і ўдзельнічаць у жыцці арганізацыі. Зараз мая дзейнасць больш накіравана на прамысловыя аб’екты. Пра зарплату шчыра прызнаюся: паступаючы ў каледж, думала, што будзе вышэйшай. Неяк прынята лічыць, што архітэктар — элітная і высокааплатная прафесія. Насамрэч не зусім так. Як мінімум на пачатку зарплаты хапае на жыццё, шыкаваць не даводзіцца. Паступова становіцца лепш. Канечне, можна працаваць звышурочна, на выхадных — адпаведна вырасце заробак, але ж хочацца і адпачыць, і прысвяціць час сабе. Хаця можна дадаткова заняцца, скажам, дызайнам, 3D-мадэлі рабіць. Многае залежыць ад самога чалавека. Як маладому спецыялісту, пры пераездзе мне выплацілі надбаўку. Жыллё прадаставілі ў інтэрнаце, месца жыхарства падабаецца: Наваполацк — маладзёжны горад, дзе мне ўтульна і камфортна.
Прафесія адназначна не расчаравала. Тут заўсёды прысутнічае доля творчасці, можна павыдумляць, праявіць сябе, але пры гэтым палёт фантазіі грунтуецца на дакладным разліку.
Канстанцін Беразенка, Мінск:
— Чаму скончыў менавіта ВДТК? Думаю, усе ведаюць, што ў Беларусі гэта найлепшы каледж. Паколькі я імкнуўся ў будаўнікі і жыў у Віцебску, то для мяне гэта максімальна зручна. За час вучобы набыў кваліфікацыі тэхніка-будаўніка, абліцоўшчыка пліткай, цесляра, тынкоўшчыка, муляра. Асвойваў прафесію на занятках і ў працэсе практыкі, дзе нам давяралі выконваць рамонтныя работы. Зразумела, навучэнскае жыццё не абмяжоўвалася парамі ад званка да званка. Удзельнічаў у розных конкурсах і спаборніцтвах, займаўся валанцёрствам: установа супрацоўнічае з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Бліжэй да выпуску сур’ёзна пралічваў варыянты адкрыць уласную справу. Адначасова было разуменне, наколькі вялікія рэсурсы ўкладзены ў маю падрыхтоўку, і жаданне аддзячыць альма-матар тым жа, пастарацца перадаць усе набытыя веды і ўменні. Зоркі сышліся: мяне запрасілі на работу майстрам вытворчага навучання.
Калі ёсць справа, дзе ты лепшы, — не важна, які дыплом маеш: універсітэцкі, аб заканчэнні каледжа ці ўвогуле курсаў. Адукацыя на любым узроўні — шлях, і ні ў якім разе не мэта.
Вучыцца і вучыць — розніца адчувальная. Здаецца, на першым рабочым месцы ўсё знаёма: прадмет выкладання, сцены і людзі тыя ж. У адносінах з педагогамі асаблівых змяненняў не адбылося, бо мы адно аднаго ведалі, працавалі разам. Хіба што на вы да мяне пачалі звяртацца: субардынацыя. А вось адказнасць зусім іншая. Адна справа, калі ты проста засвойваеш інфармацыю, другая — дасведчана ёй дзяліцца. Неабходна было матываваць навучэнцаў, каб яны вучыліся. Педагагічная дзейнасць дала незаменны вопыт, я стаў лепш разумець людзей. Пасля, як і намерваўся раней, пераехаў у сталіцу. Уладкаваўся спачатку ў будтрэст. Потым усё ж такі перайшоў на ўласны хлеб. Задаволены, бо ў цэлым задуманае здзяйсняецца. Заробкі таксама адпавядаюць чаканням — добры майстар заўсёды запатрабаваны.
Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж двойчы — па выніках работы сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь за 2019 і 2021 гг. — быў прызнаны лепшай у краіне ўстановай сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый. Калектыў ВДТК — пераможца конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь за 2019 год” у намінацыі “Арганізацыя года”. За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2020 годзе каледж быў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару.
Намеснік начальніка Наваполацкага філіяла абласнога дзяржаўнага ўнітарнага праектнага прадпрыемства “Інстытут Віцебскграмадзянпраект” па агульных пытаннях і ідэалогіі Ганна САМОЙЛАВА: “Па размеркаванні ў нас працуе некалькі выпускнікоў спецыяльнасці “Архітэктура” Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа. Пра кожнага можам сказаць толькі добрыя словы: адказнасць, стараннасць, любоў да прафесіі, сур’ёзная тэхнічная падрыхтоўка, уменне працаваць у камандзе. Асобна хоцелася б адзначыць Наталлю Харашкевіч і Ганну Абухоўскую. Дзяўчаты паказваюць выдатныя вынікі па выкананні пастаўленых перад імі задач па праектаванні”.
Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр ЛАСЯКІН: “Сёння нашы галоўныя задачы — выхаванне моладзі і падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў, у першую чаргу для народнай гаспадаркі рэгіёна. Выпускнікі каледжа з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прыходзяць на вытворчасць кіраўнікамі сярэдняга звяна — брыгадзірамі, начальнікамі цэхаў і ўчасткаў, але разам з тым яны ў дасканаласці валодаюць кампетэнцыямі па адпаведных рабочых прафесіях. На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі за перыяд падрыхтоўкі навучэнцы асвойваюць некалькі сумежных кваліфікацый па сваім напрамку, што значна пашырае для іх магчымасці далейшага прафесійнага росту. Здараецца, выпускнікі становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, падрыхтоўка дазваляе. Калі чалавек у прававым полі паспяхова і творча працуе на карысць сабе і людзям, плаціць падаткі, стварае прыбавачны прадукт — таксама добра. У супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў мы ажыццяўляем папярэдняе размеркаванне. Будучы малады спецыяліст праходзіць практыку як на перадавых галіновых вытворчасцях, так і на прадпрыемстве ці ў арганізацыі, дзе потым будзе яго першае рабочае месца. На працягу некалькіх гадоў мы забяспечваем стапрацэнтнае размеркаванне выпускнікоў.
Як заканадаўцы трэндаў у прафадукацыі, асаблівую ўвагу звяртаем на таленавітых навучэнцаў: даём павышаныя заданні, прыглядаемся. Лепшыя кадры застаюцца ў каледжы і тут поўнасцю раскрываюць свой патэнцыял. Ганарымся тым, што выпускнікі каледжа дасягаюць вышынь. Вынікі WorldSkills Belarus пацвярджаюць: нашы муляры, абліцоўшчыкі пліткай — лепшыя ў краіне. Па геадэзіі займаем 2—3-я месцы, у сухім будаўніцтве крыху саступілі на 3—4-я месцы — ёсць над чым працаваць. Па металаапрацоўцы, тэхнічным абслугоўванні аўтатранспартных сродкаў — толькі нядаўна пачалі ім займацца — 4-я пазіцыя, дастойны вынік. Літаральна нядаўна ўручылі дыпломы 109 выпускнікам, з іх 31 працэнт мае павышаны разрад. Можна і больш, аднак да яго прысваення падыходзім вельмі строга і прынцыпова: гэта не самамэта, а знак якасці, за які мы нясём адказнасць”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжам
і героямі публікацыі.
Па матэрыялах https://nastgaz.by/.